Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Міністэрства ўнутраных спраў: "Сьпісу памілаваных сёньня ня будзе"


Дэпартамэнт выкананьня пакараньняў МУС не назваў прозьвішчаў асуджаных за Плошчу, якіх 11 жніўня памілаваў Аляксандар Лукашэнка. Паводле афіцыйнай інфармацыі, рашэньне аб памілаваньні дзевяці палітвязьняў было прынята "на падставе просьбаў асобаў, з улікам таго, што яны асэнсавалі проціпраўны характар сваіх дзеяньняў, прызналі віну і шчыра раскаяліся".

Паводле праваабарончага цэнтру "Вясна", сярод памілаваных — вязьні Бабруйскай калёніі Дзьмітрый Дрозд, Сяргей Казакоў, Андрэй Пратасеня і Арцём Грыбкоў. Між тым афіцыйна гэтыя зьвесткі 12 жніўня так і не былі пацьверджаныя. У Дэпартамэнце выкананьня пакараньняў адмаўляліся камэнтаваць дадзеныя праваабаронцаў і сьпісу памілаваных не давалі. У прэсавай службе МУС спачатку давалі надзею на інфармацыю, але гэтая надзея дагэтуль не пацьвердзілася:

"Дакладна ведаю, што ў Дэпартамэнце ёсьць тэкст указу, але дазваніцца не магу. Там ідзе нарада, магчыма, з гэтай нагоды. Як толькі будзе інфармацыя...".

Пасьля абеду, аднак, у МУС пэўна сказалі, што прозьвішчы невядомыя, і параілі зьвярнуцца на наступным тыдні.

Маці палітвязьня Дзьмітрыя Дразда Зоя Дрозд пасьля абеду паведаміла, што мае з калёніі зьвесткі, што сын дакладна ў сьпісе памілаваных. Але чакаць яго сёньня на волі не выпадае:

"Сёньня іх не адпусьцяць дакладна. Вось пазваніў сябра Дзімы адтуль, з
Сказалі, што на панядзелак усё пераносіцца ...

калёніі. Ён размаўляў з начальнікам спэцчасткі. Яны чакалі там нейкія дакумэнты, як заўсёды бывае, нейкі аўтамабіль там зламаўся, і ў выніку — усё, сёньня яны ўжо не чакаюць, што іх вызваляць. Сказалі, што на панядзелак усё пераносіцца. У панядзелак будзем чакаць. Тут на двух аўтамабілях гатовыя былі ехаць, яшчэ Сяргея Казакова каб забраць разам зь Дзімам. І мама Сяргея — усе паедзем у панядзелак іх сустракаць".

Маці палітвязьня не выключае, што сына могуць вызваліць і на выходныя, нікога не папярэдзіўшы — "каб толькі не было ўрачыстай сустрэчы".

Паводле "Вясны", сярод памілаваных таксама Аляксандар Класкоўскі са Шклоўскай калёніі і Ўладзімер Лобан, якога трымаюць у Івацэвічах. Ці ведаюць сваякі што пра іх вызваленьне? Жонка Класкоўскага Натальля:

"Мне нічога не вядома. Ніхто не званіў, не папярэджваў. І ў калёніі нічога ня кажуць".

Як успрынялі навіну пра памілаваньне іншыя фігуранты справы 19 сьнежня? Экс-кандыдат на прэзыдэнта Ўладзімер Някляеў кажа, што няправільна зараз высьвятляць, хто падпісаў прашэньне, а хто не. Галоўнае — што на волю пачнуць выходзіць тыя, хто змагаўся з рэжымам і пацярпеў ад яго:

Уладзімер Някляеў

"Нам усім трэба зараз кінуцца ў тую ручаіну, якая прарвала гэтую плаціну, каб яе пашырыць і каб усе гэтыя людзі былі не ў турме, а сярод нас, на волі. Таму, безумоўна, гэта добра, што пачнуць вызваляць", — мяркуе палітык. На сваю рэабілітацыю як асуджанага на 2 гады з адтэрміноўкай за тыя ж падзеі Уладзімер Някляеў не спадзяецца, але лічыць, што да Новага году могуць выйсьці на волю і ўсе астатнія фігуранты справы 19 сьнежня, у тым ліку і кандыдаты на прэзыдэнта.

Старшыня АГП Анатоль Лябедзька, чый удзел у падзеях 19 сьнежня дагэтуль расьсьледуе пракуратура, выказваецца за тое, каб змагацца ня толькі за вызваленьне палітвязьняў, але і за рэабілітацыю ўсіх фігурантаў справы.

Анатоль Лябедзька

"Калі такое патрабаваньне — аб рэабілітацыі ўсіх — стане часткай пасланьня грамадзян краіны і міжнароднай супольнасьці — тады праблема можа вырашыцца станоўча. А калі толькі выйдуць на волю пасаджаныя, ці нават частка зь іх, то гэта зноў будзе хай лякальнай, але перамогай Чырвонага дома".
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG