Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сьведка зьбіцьця лекара: “Яго білі галавой аб сьцяну”


Інспэктары ДАІ ў Ваўкавыску зьбілі ў шпіталі дзяжурнага лекара. Мэдсястра, якая была сьведкай інцыдэнту, распавяла Свабодзе: “Ад пачатку яны вялі сябе па-хамску”. Справай займаецца абласная пракуратура.

Інцыдэнт адбыўся ў Ваўкавыскім шпіталі куды супрацоўнікі ДАІ прывезлі ўначы п'янага кіроўцу для агляду. Іх незадаволіла, як лекар праводзіў экспэртызу, а таму надзелі на яго кайданкі і зьбілі.

Сьведкам усяе гэтае гісторыі была мэдсястра Людміла Сакалоўская, якая распавяла нашаму радыё, што дзяжурыла ў тую ноч разам зь лекарам Сяргеем Кабылкам.

Спадарыня Людміла распавядае, што Сяргей Кабылка прыступіў да экспэртызы, як і належыць: мераў ціск, правяраў дзеяньні іншых функцый дастаўленага, а супрацоўнікі ДАІ ў гэты час пачалі фільмаваць яго дзеяньні на тэлефон.

Са слоў спадарыні Людмілы, ДАІшнікі пачалі раіць лекару, як праводзіць экспэртызу, прычым рабілі гэта гучна і лаючыся, нягледзячы на тое, што побач знаходзіліся іншыя мэдычныя работнікі.

Пасьля таго, як лекар хацеў завесьці кіроўцу ў іншы кабінет, да яго падскочылі ДАІшнікі.

Сакалоўская: “Ад пачатку яны вялі сябе па-хамску. І вось цяпер яны ўрываюцца ў працэдурны кабінет, куды нельга ім уваходзіць. І там пачалі біць, закручваць рукі і адзяваць кайданкі. Лінга біў яго галавой аб сьценку і кулакамі, Марцуль ударыў у левы бок нагою, каленам па скабах і кулакамі таксама”.

Спадарыня Людміла кажа, што ўвесь мэдычны пэрсанал быў перапалоханы, бо ДАІшнікам на выгляд ня болей чым па 30 гадоў, а яны так распраўляліся зь лекарам. Хутка выклікалі кіраўніцтва шпіталя і міліцыю.

Сакалоўская: “Доктар ляжаў і крычаў, яму балела, а мы сьпешна яму дапамагалі і выклікалі нават анэстэзіёляга з рэанімацыі”.

Сам пацярпелы – лекар Сяргей Кабылка – ня вельмі хацеў казаць пра інцыдэнт, праўда, падзякаваў за тое, што наша радыё пацікавілася лёсам яго асобы. Ён таксама сказаў, што падаў скаргі ў адпаведныя органы, і пакуль сьледзтва ня скончыцца, нічога камэнтаваць не зьбіраецца.

Кабылка: “Абласная пракуратура занялася гэтым пытаньнем, органы дзяржбясьпекі, і таму трэба пачакаць вынікаў. Мне вельмі цяжка нешта казаць пасьля ўсяго што здарылася, і я нічога не магу ні камэнтаваць, ні казаць”.

На сёньня вядома таксама рэакцыя начальніка следчага аддзялення Ваўкавыскага РАУС Аляксандра Добаша, які ў інтэрвію адной з гарадзенскіх газэтаў зазначыў, што супрацоўнікі міліцыі вымушаныя былі ўжыць фізычную сілу, бо лекар Ваўкавыскай ЦРБ стаў перашкаджаць праходжаньню мэдычнага агляду і аказаў непадпарадкаваньне.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG