Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ці прыватызуе беларускія заводы расейскі капітал?


Прэм’ер Беларусі Міхаіл Мясьніковіч заявіў, што Беларусь вядзе перамовы аб продажы акцый сямі буйных прадпрыемстваў расейскім кампаніям. У чым сутнасьць супярэчнасьцяў па гэтым пытаньні паміж дзьвюма краінамі? Чаму адкладзеныя перамовы па прыватызацыі «Белтрансгаза»? Ці сапраўды беларускія ўлады зьбіраюцца прадаваць НПЗ?

Удзельнікі: журналістка газэты «Белорусы и рынок» Тацьцяна Манёнак зь Менску і дырэктар Цэнтру дасьледаваньняў постындустрыяльнага грамадзтва Ўладзіслаў Іназемцаў з Масквы.

Уладзіслаў Іназемцаў
Тацьцяна Манёнак
Валер Карбалевіч

Cупярэчнасьці ў пытаньні прыватызацыі


Валер Карбалевіч: «Прыватызацыя беларускіх прадпрыемстваў — адна з умоваў выдзяленьня Беларусі крэдыту ЭўрАзЭС. Аднак міністар фінансаў Расеі Аляксей Кудрын заявіў, што Беларусь не выконвае ўзятых на сябе абавязаньняў. У адказ прэм’ер Беларусі Міхаіл Мясьніковіч адзначыў, што ідуць перамовы з расейскімі кампаніямі аб прыватызацыі сямі найбуйнейшых беларускіх прадпрыемстваў: „Белтрансгаза“, двух нафтаперапрацоўчых заводаў, МАЗу, „Гродна-Азот“, кампаніі мабільнай сувязі МТС. Але дзьве названыя Мясьніковічам расейскія кампаніі „Роснефть“ і „СИБУР“ сьцьвярджаюць, што не вядуць перамовы наконт куплі акцый беларускіх прадпрыемстваў. Што стаіць за гэтымі супярэчлівымі заявамі?».

Тацьцяна Манёнак: «Кудрын меў прэтэнзіі да беларускага боку ня толькі па пытаньні прыватызацыі. 15 мерапрыемстваў павінна выканаць Беларусь, каб атрымаць крэдыт. РФ патрабуе, каб штогод Беларусь прадавала на 2,5 млрд даляраў. Сёлета дастаткова было прадаць 50% акцый „Белтрансгазу“, каб гэтае патрабаваньне выканаць. Яшчэ адна рэальная зьдзелка — продаж кампаніі МТС».

Карбалевіч: «Дык бакі ня могуць дамовіцца пра кошты прадпрыемства? Ці Менск увогуле ня хоча прадаваць і прыдумляе розныя прычыны?».

Манёнак: «Зразумела, ня хочацца прадаваць стратэгічныя прадпрыемствы. Але „Белтрансгаз“ беларускі бок прапанаваў сам прадаць. Бо пасьля будаўніцтва Расеяй абходнага газаправоду таргавацца з Масквой па пытаньні транзыту будзе складана. Таму цяпер неблагі момант, каб атрымаць за „Белтрансгаз“ добрыя грошы.
Цяпер неблагі момант, каб атрымаць за „Белтрансгаз“ добрыя грошы.

Хачу нагадаць, што існуе плян беларускага ўраду — сёлета атрымаць 6,4 млрд прамых інвэстыцый. Але, нягледзячы на валютны крызіс, улады мяркуюць, што сытуацыя нейкім чынам вось-вось выправіцца».

Уладзіслаў Іназемцаў: «Думаю, найперш пытаньне ў цане прадаваных прадпрыемстваў. Разам з тым беларускія ўлады ня вельмі хочуць прадаваць стратэгічныя прадпрыемствы. Разьлічваючы на нейкі ўдалы зьбег абставінаў.

Думаю, сёлета вырашыцца пытаньне толькі па „Белтрансгазе“. Бо пытаньне наконт цаны гэтага прадпрыемства вырашанае — 2,5 млрд даляраў. І гэта адкрые шлях для наступных траншаў крэдыту. А па астатніх прадпрыемствах беларускі ўрад сьвядома выстаўляе нерэальныя цэны, каб максымальна адцягнуць гэтыя зьдзелкі».

Чаму адкладзеныя перамовы па прыватызацыі «Белтрансгаза»?


Карбалевіч: «Вось давайце пагаворым пра прыватызацыю „Белтрансгаза“. Абодва бакі кажуць, што па самой прыватызацыі ўжо дамовіліся. „Газпром“ купляе яшчэ 50% беларускай газатранспартнай кампаніі за 2,5 млрд даляраў і будзе валодаць 100% яе акцый. Але беларускія ўлады хочуць увязаць гэтае пытаньне з пытаньнем цэнаў на газ на наступныя гады. І перамовы адкладзеныя да восені. Хто пераможа ў гэтай спрэчцы?».

Манёнак: «Тое, што перамовы адкладзеныя да восені, — на карысьць Беларусі. Бо можна будзе адначасова весьці перамовы і па прыватызацыі „Белтрансгаза“, і па кантракце на пастаўкі газу наступным годам. „Газпром“ хоча разьвесьці гэтыя пытаньні. Беларускі бок разумее, што пасьля таго як „Газпром“ стане поўным уласьнікам беларускай газатранспартнай сыстэмы, весьці перамовы па цэнах і ўмовах транзыту будзе больш складана.

Беларусь імкнецца скарыстаць стварэньне Мытнага саюзу, Адзінай эканамічнай прасторы. Паводле ўмоваў стварэньня гэтых аб’яднаньняў, да канца 2014 году трэба выйсьці на роўнадаходныя цэны на газ. Менск разьлічвае, што цэны на газ пачнуць паніжацца. Цяпер расейскія спажыўцы атрымліваюць газ удвая таньней. У такіх умовах беларускім суб’ектам гаспадараньня цяжка вытрымліваць канкурэнцыю ў межах Мытнага саюзу».

Іназемцаў: «Думаю, Беларусь мае добрыя пазыцыі на перамовах. Калі Расея сапраўды зьбіраецца ствараць Адзіную эканамічную прастору, то павінны быць роўнадаходныя цэны. Магчыма, Расея пойдзе на зьніжкі па цэнах на газ для Беларусі, але выведзе гэтае пытаньне па-за межы зьдзелкі аб прыватызацыі «Белтрансгазу».

Ці сапраўды беларускія ўлады зьбіраюцца прадаваць НПЗ?


Карбалевіч: «Мясьніковіч сказаў, што ідуць перамовы пра прыватызацыю двух беларускіх НПЗ. Ці сапраўды беларускія ўлады зьбіраюцца прадаваць НПЗ, то бок курыцу, якая нясе залатыя яйкі для беларускага бюджэту? І што стаіць за прапановай купіць гэтыя заводы азэрбайджанскім нафтавым кампаніям?».

Манёнак: «Апошнімі гадамі сытуацыя моцна зьмянілася для Беларусі ў горшы бок. Новыя ўмовы паставак расейскай нафты прывялі беларускія НПЗ на мяжу банкруцтва. Па выніках першага паўгодзьдзя гэтыя заводы маюць адмоўную рэнтабэльнасьць. А 3-4 гады таму яны мелі рэнтабэльнасьць 27-28%. Вы задалі пытаньне: ці сапраўды беларускія ўлады зьбіраюцца прадаваць НПЗ? А трэба задаць пытаньне: а ці хочуць расейскія кампаніі купляць гэтыя НПЗ? Сёньня перамовы пра гэта не вядуцца».

Карбалевіч: «НПЗ нерэнтабэльныя, затое бюджэт Беларусі атрымлівае нядрэнныя грошы ад продажу нафтапрадуктаў».

Іназемцаў: «Сапраўды, продаж беларускіх НПЗ расейскім кампаніям — гэта ня блізкая пэрспэктыва. Бо, па-першае, Беларусь выстаўляе занадта высокія цэны. А другое — іх нерэнтабэльнасьць.

Падаецца, што ў гэтых умовах беларускім уладам трэба зьвярнуцца да кампаній усходнеэўрапейскіх краін з прапановай купіць гэтыя НПЗ. Напрыклад да польскіх кампаніяў, якія займаюцца нафтаперапрацоўкай. У такой сытуацыі ва ўрадаў Усходняй Эўропы быў бы стымул выступіць у абарону Беларусі ў выпадку яе канфлікту з Расеяй.

Таму што продаж гэтых заводаў расейскім кампаніям прывядзе да яшчэ большай залежнасьці Беларусі ад Расеі. І ціск на Менск з боку Масквы ў такім выпадку толькі ўзмоцніцца».

Карбалевіч: «Баюся, што калі беларускія НПЗ будуць прыватызаваныя не расейскімі кампаніямі, а нейкімі іншымі, то паўторыцца гісторыя з Мажэйкяйскім НПЗ у Літве. Гэты завод быў куплены польскай кампаніяй, у адказ Расея адмовілася пастаўляць туды нафту».

Іназемцаў: «Як варыянт: можна прадаць частку (ці палову) акцыяў расейскім кампаніям, а частку — усходнеэўрапейскім кампаніям. Тады і расейская нафта будзе паступаць, і аднабаковай залежнасьці ад Расеі ня будзе».
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG