Лінкі ўнівэрсальнага доступу

"Рэжым лясьнецца, і гэтыя кантракты ляснуцца"


Беларускі ўрад заяўляе, што гатовы прадаць расейскаму бізнэсу актывы шэрагу стратэгічных прадпрыемстваў. Паводле прэм'ер-міністра Беларусі Міхаіла Мясьніковіча, гаворка ідзе найперш пра акцыі "Гродна Азот", "Нафтану", Мазырскага НПЗ, "Белтрансгазу", Менскага аўтазаводу і "Інтэгралу". Як ставяцца да гэтых плянаў беларускія палітыкі?

Экс-кандыдат у прэзыдэнты Ўладзімер Някляеў адзначае, што ўсе захады ўраду скіраваныя выключна на падтрыманьне дзейнага палітычнага рэжыму. Менавіта супраць такой прыватызацыі выступае дэмакратычная супольнасьць. Таксама ён лічыць, што продаж актываў павінен рабіцца адкрыта і празрыста, бо людзі павінны ведаць, калі аддаецца дабро, то ў якія рукі і дзеля якой мэты:

Уладзімер Някляеў
"Калі кажуць у пэрспэктыве пра прыватызацыю Салігорскага калійнага камбінату, то я тут ня бачу аніякага здаровага сэнсу, бо размова ідзе проста пра бандыцкае выкарыстаньне тых актываў, якія не належаць тым людзям, якія часова знаходзяцца ва ўладзе. Калі кажуць, што салігорскі камбінат можна прадаць за 15 ці нават за 30 мільярдаў, дык я проста паціскаю плячыма. Гэта не прыватызацыя, гэта такі дзяржаўны бандытызм адносна свайго народу і краіны. Тое, што прададуць "Белтрансгаз", трубы, якія праржавелі, гэта ня страшна. Але зноў жа за колькі, на якіх умовах, каму. Чаму сарваліся цяпер перамовы Мясьніковіча ў Крамлі? Бо расейцы разумеюць, што ніводзін заходні інвэстар сёньня ня пойдзе ў Беларусь ва ўмовах рызыкі, а рызыка простая – гэты рэжым усё адно лясьнецца, і гэтыя кантракты ляснуцца разам зь ім. І людзі, якія прывыклі прыстойна працаваць у эканоміцы, ня пойдуць на такое. На гэта могуць пайсьці толькі такія самыя беспрынцыпныя, з бандыцкімі звычкамі людзі, якія ёсьць ў Расеі. І якія падобныя на нашых людзей з бандыцкімі і беспрынцыпнымі звычкамі. Вось што нас наперадзе чакае і што нас найбольш непакоіць".

Паводле старшыні Лібэральна-дэмакратычнай партыі Беларусі Сяргея Гайдукевіча, да набыцьця беларускіх актываў інакш цяпер ставіцца расейскі бізнэс, а тым больш эўрапейскі:

Сяргей Гайдукевіч
"Раней трэба было галавой думаць, а не тады, калі на дварэ крызіс і калі прадпрыемствы атрымалі ў два разы меншую ацэнку. У нас жа ўсё заўсёды робіцца, як не ў людзей. Спачатку трэба ўнутры краіны разабрацца, хоць нешта з эканомікай зрабіць".

Паводле Сяргея Гайдукевіча, усіх палітыкаў Беларусі цяпер павінен турбаваць сувэрэнітэт дзяржавы. Трэба падумаць пра сумесныя дзеяньні, а потым ужо вырашаць – расейскі ці эўрапейскі вэктар:

"Трэба ж рабіць іначай. Ну навошта рукамі махаць – давайце гэта прадамо, гэта прадамо. Трэба больш граматны ўрад. Ну, ці могуць выправіць становішча тыя, хто да гэтага становішча давёў? Урад прыйшоў у сьнежні, а да траўня поўнае банкруцтва. І яны зараз будуць выцягваць. Іх трэба здымаць, проста здымаць і думаць цяпер усім разам пра дзяржаву".

Экс-кандыдат у прэзыдэнты ад Партыі БНФ Рыгор Кастусёў адзначае, што ў цяперашніх плянах продажу стратэгічных беларускіх актываў ёсьць пагрозы эканамічнай незалежнасьці Беларусі, а ўсьлед за ёй цягнецца і палітычная незалежнасьць:

Рыгор Кастусёў
"Бо расейскі бок не жадае прыватызаваць стратныя прадпрыемствы, а тыя прадпрыемствы, якія зьяўляюцца знакавымі, ключавымі для эканомікі Беларусі. Такія, як "Белтрансгаз", салігорскі камбінат, нафтахімія, "Азот" ды іншыя. Гэта нясе вялікую небясьпеку для нашай краіны, менавіта вось такая непразрыстая прыватызацыя. Мы лічым, што ўсе акты прыватызацыі вось такіх прадпрыемстваў, непразрыстыя, пры зьмене ўлады будуць перагледжаныя. Яны ня будуць мець законнага статусу. І гэтыя прадпрыемствы будуць вернутыя беларускаму народу".
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG