Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Луанда – найдаражэйшы для замежнікаў горад сьвету. Менск – 193-ці з 214


Нью-ёркская кансалтынгавая кампанія Мэрсэр (Mercer) апублікавала чарговы гадавы рэйтынг коштаў жыцьця для замежнікаў у розных гарадах сьвету. Сёлета самым дарагім горадам сьвету стала сталіца Анголы Луанда.

Луанда займае ў сьпісе Мэрсэра першы радок ужо другі год запар. Другое месца захавала Токіё, на трэцім – сталіца Чаду Нджамэна, чацьвертая – Масква, пятая – Жэнэва, шостая – Осака. На сёмую пазыцыю з восьмай ўзьняўся Цурых, а Ганконг апусьціўся на дзявяты радок.

Навічкі ў дзясятцы самых дарагіх гарадоў сьвету – Сынгапур (8) і Сан Паўлу (10). Найтаньнейшым з 214 гарадоў сьвету, што трапілі ў сьпіс, прызнаны Карачы, прычым паводле рэйтынгу жыцьцё ў Луандзе ў тры разы даражэйшае, чым у Карачы.

У дасьледаваньні разгледжана сытуацыя ў 214 гарадах пяці кантынэнтаў, пры гэтым дасьледаваныя параўнальныя кошты больш чым на 200 найменьняў прадуктаў і паслугаў, сярод якіх плата за жытло, транспарт, ежа, адзеньне, хатнія прылады і забавы. Гэтае самае падрабязнае ў сьвеце параўнальнае дасьледаваньне коштаў жыцьця выкарыстоўваецца пры разьліку кампэнсацыяў для работнікаў шматнацыянальных кампаніяў і ўрадавых установаў, якія працуюць за мяжою.

Менск, які ў сьпісе Мэрсэра фігуруе толькі другі год, сёлета заняў у сьпісе 193-е месца (летась - 192-е). З постсавецкіх сталіцаў таньнейшыя за Менск для замежнікаў толькі Ашгабат (206) і Бішкек (210).

Рэйтынг коштаў жыцьця для замежнікаў ў Менску і сталіцах суседніх краінаў, 2011 у параўнаньні з 2010 (www.mercer.com)

2011 2010
Масква 4 4
Рыга 88 81
Кіеў 94 104
Варшава 102 96
Вільня 133 120
Менск 193 192
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG