Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Патаемныя бакі візыту Мясьніковіча: інвэстыцыі, зброя, крэдыты


Міхаіл Мясьніковіч
Міхаіл Мясьніковіч
Пра папярэднія вынікі візыту ў Азэрбайджан прэм'ер-міністра Беларусі Міхаіла Мясьніковіча гаворыць аглядальнік азэрбайджанскай службы Радыё Свабода Зія Маджыдлі.

У часе візыту ў Баку прэм'ер-міністар Беларусі Міхаіл Мясьніковіч прапанаваў Азэрбайджану ўзяць удзел у працэсе прыватызацыі ў Беларусі. Ён таксама адзначыў, што абедзьве краіны пераступаюць праз межы гандлёва-эканамічнага партнэрства і інвэстыцыйнага і інавацыйнага супрацоўніцтва.

Беларуская Свабода зьвярнулася да аглядальніка азэрбайджанскай службы Радыё Свабода Зіі Маджыдлі з просьбай пракамэнтаваць папярэднія вынікі візыту ў Баку прэм'ер-міністра Беларусі.


Зія Маджыдлі

Маджыдлі: Вядома, што ў часе візыту беларускага прэм'ера ў Баку абмяркоўваліся пытаньні энэргетычныя і транспартныя. Пачнем з нафтапераапрацоўкі. Мясьніковіч прапанаваў інвэставаць, прычым грунтоўна, у два нафтапераапрацоўчыя заводы - мазырскі і наваполацкі. Таксама абмяркоўваліся пастаўкі нафты па нафтапроваду Адэса-Броды, у ліпені яны павінны пачацца і ў гэтым годзе дасягнуць 4 мільёны тон. Гэтая нафта пойдзе ў Беларусь узамен на вэнэсуэльскую нафту, якая павінна была прыбыць у Беларусь, але пойдзе ў іншым накірунку,куды павінна была пайсьці азэрбайджанская нафта. Таксама абмяркоўваліся транспартныя пытаньні. Азэрбайджанская чыгунка мае патрэбу ў вагонах, і гэта таксама было прадметам дамоўленасьцяў. Гэта таксама плюс візыту Мясьніковіча для Беларусі, якая знаходзіцца цяпер ня ў самай лепшай эканамічнай сытуацыі.

Ёсьць яшчэ і патаемныя бакі гэтага візыту, пра якія гавораць назіральнікі і экспэрты, але афіцыйна яны не афішуюцца. Экспэрты ўпэўнена сьцьвярджаюць, што дзяржаўная нафтавая кампанія Азэрбайджану "Сакар" укладзецца са свайго інвэстыцыйнага партфэлю ў беларускія нафтапераапрацоўчыя заводы. А паколькі гэты партфэль памерам у 20 мільярдаў даляраў, і ён створаны для інвэстыцыяў на тэрыторыі Расеі, Казахстану і Эўропы, і Беларусь у гэты сьпіс не ўваходзіла -- дык можна меркаваць, што гэта будзе форс-мажорнае ўкладаньне сродкаў. Таксама кажуць пра крэдыт, але афіцыйныя колы ў Менску абвяргаюць, што Беларусь папросіць у Азэрбайджану запазыку, хаця мы ведаем, як Лукашэнка ў свой час тэрмінова папрасіў 200 мільёнаў даляраў для пагашэньня запазыкі "Газпраму", і Азэрбайджан пайшоў на гэта.

Ну і зусім патаемная тэма - гэта ваенная тэма. У Азэрбайджану вайсковы бюджэт на 2011 год 3,3 мільярды даляраў, а Беларусь вядомая як экспартэр зброі. Азэрбайджанскае войска абнаўляецца, але ёсьць такія рэчы, якія пакуль не вырабляе Азэрбайджан, і да гэтай катэгорыі адносяцца і танкі. Гэта не знаходзіць пацьверджаньняў, але размовы такія вядуцца.

Што з усяго гэтага вынікае? Тое, што Беларусь, маючы эканамічны крызіс, просіць дапамогі ў Азэрбайджану, але просіць не грашыма, а ўкладаньнем і закупкамі сваёй прадукцыі. Верагодна, Азэрбайджан уяўляецца надзейным, добрым партнэрам для закупак экспартнай прадукцыі і ўкладаньням у эканоміку Беларусі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG