Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дыктатура з чыстымі ходнікамі


Замежны друк шырока асьвятляе ўчорашняе сьвяткаваньне дня незалежнасьці ў Беларусі і чарговую акцыю маўклівых аплядысмэнтаў. Прапануем вам агляд некаторых публікацый.


The Independent


Па ўсім відаць, што ўчорашні грандыёзны ваенны парад, прысьвечаны Дню незалежнасьці Беларусі, быў закліканы прадэманстраваць, што Лукашэнка так проста не адмовіцца ад улады. Прэзыдэнт, апрануты ў ваенную форму з усімі рэгаліямі, у сваёй прамове правёў паралелі паміж уварваньнем нацыстаў і цяперашнім рухам пратэсту супраць яго ўраду.

У сытуацыі эканамічнага крызісу ў Беларусі ўзмацняюцца пратэставыя настроі, учора ўвечары ў галоўнага вакзала Мінска прайшла чарговая маўклівая акцыя. Каля тысячы чалавек проста стаялі нерухома і пляскалі ў ладкі, але гэта не перашкодзіла паліцыі накінуцца на іх, ужыўшы сілу, эпізадычна ўжываўся сьлёзацечны газ.

Учора раніцай Лукашэнка сказаў, што пратэстоўцы дзейнічаюць па плянах, напісаным "у сталіцах асобных краін", хочуць паставіць краіну на калені і зьнішчыць яе незалежнасьць. У мінулым ён пасьпяхова ўжываў такую рыторыку, але цяпер у Менску ёсьць адчуваньне, што час Лукашэнкі мінае.

У Менску госьцю часам цяжка паверыць, што гэта жорсткая дыктатура: чыстыя тратуары, дагледжаныя клюмбы, сымпатычныя вулічныя кафэ, але рэальнасьць ня гэткая ціхамірная. Дзяржпрадпрыемствы заключаюць з супрацоўнікамі працоўныя дамовы на год, таму ад незадаволеных палітычнай лініяй лёгка пазбавіцца. Тая ж гісторыя са студэнтамі. Але колькасьць людзей, якія гатовыя узвысіць голас, нягледзячы на тое, што гэта пагражае праблемамі, мабыць, павялічваецца. Рэйтынг Лукашэнкі, па дадзеных незалежных сацыёлягаў, рэзка ўпаў.

Зьяўленьне прэзыдэнцкага малалетняга сына на дзяржаўных мерапрыемствах і намёкі Лукашэнкі, што ён гадуе зь яго свайго пераемніка, у вачах многіх беларусаў -- прыкмета таго, што лідэр вельмі адарваны ад рэальнасьці. Павага да Лукашэнкі ўжо ператварылася ў масавую агіду.


The New York Times


У нядзелю, як сьведчаць журналісты, якія знаходзіліся ў натоўпе, паліцыянты ў цывільным затрымлівалі дзесяткі чалавек, часам жорсткімі мэтадамі, калі бачылі, што гэтыя людзі падчас прамовы Лукашэнка пачынаюць апладзіраваць. Пазьней у той жа дзень гэтыя кропкавыя акцыі пратэсту зьмяніліся сутычкамі паміж паліцыянтамі і прысутнымі на галоўнага вакзалу Менску, дзе паліцыя ўжыла сьлезацечны газ пасьля таго, як пратэставыя аплядысмэнты, спачатку нягучныя, былі падхоплены іншымі.

Лукашэнка раней спрабаваў захаваць альянс і з Расіяй, і з Захадам, але пасьля сьнежаньскіх падзей Захад абвясьціў санкцыі супраць Менску. Расея таксама выказвае сваю незадаволенасьць Лукашэнкам: расейскія дзяржаўныя тэлеканалы пазытыўна асьвятляюць акцыі пратэсту ў Мінску.


Die Welt


Падчас сьвяточных мерапрыемстваў з нагоды дзяржаўнага сьвята ў Менску былі затрыманыя шматлікія прадстаўнікі апазыцыі, у тым ліку былы кіраўнік Беларусі Станіслаў Шушкевіч. Акрамя таго, улады Беларусі заблякавалі ў нядзелю доступ да сацыяльных сетках.

Адкрываючы ваенны парад, беларускі лідэр заявіў аб тым, што варожыя сілы імкнуцца навязаць краіне несумленны сцэнар "каляровых рэвалюцый" і паставіць Беларусь на калені. "Гэтага не будзе", - заявіў Лукашэнка.

Каля 800 чалавек, не спалохаўшыся міліцыі, якая з нагоды Дня незалежнасьці працавала ва ўзмоцненым рэжыме, выйшлі на вуліцу ў цэнтры беларускай сталіцы, каб выказаць "маўклівы" пратэст у сувязі з эканамічным крызысам і дзеяньнямі ўладаў.


Frankfurter Allgemeine


Беларуская апазыцыя - новая, маладая, упэўненая ў сабе. Адзін з яе прадстаўнікоў - студэнт Вячаслаў Дзіянаў.

Дзіянаў у канцы мінулага году прымаў удзел у акцыі пратэсту, якая прайшла ў Менску ў адказ на фальсыфікацыю вынікаў прэзыдэнцкіх выбараў. Тады многія актывісты апазыцыйнага руху былі кінутыя ў турмы, але Дзіянаву ўдалося апярэдзіць КДБ і бегчы спачатку ў Расею, а потым у Эўразьвяз. Цяпер ён знаходзіцца ў Польшчы.

Дзіянаў зьяўляецца адным з арганізатараў "маўклівай рэвалюцыі" - флэш-мобаў супраць Лукашэнкі, якія арганізуюцца праз сацыяльную сетку "Вконтакте". Гэтыя акцыі праводзяцца ў Менску і іншых беларускіх гарадах з пачатку чэрвеня. Першы флэш-моб сабраў каля сотні чалавек, але тыдзень назад у адной толькі сталіцы іх было ўжо некалькі тысяч.

Ідэя пакараць дыктатара маўчаньнем належыць аднаму з зарэгістраваных карыстальнікаў супольнасьці, кажа Дзіянаў.
Інфармацыя аб будучай акцыі разьмяшчаецца ў інтэрнэце разам са зьвесткамі аб тым, якія вуліцы і плошчы блякаваныя АМАПам. Дзіянаў спадзяецца, што калі-небудзь на падобную акцыю выйдуць сотні тысяч, і гэтага будзе дастаткова, каб зьмяніць уладу.


Независимая газета


Учора Беларусь адзначала Дзень незалежнасьці. Беларусы, ці то напалоханыя ранішнім дажджом, ці то заклапочаныя крызісам, актыўнасьці не прадэманстравалі. Улады таксама прыклали ўсе намаганьні да таго, каб іншадумцы не змаглі наблізіцца да месцаў афіцыйнага сьвяткаваньня.

На дзяржаўным узроўні сьвята адзначаўся пампезна і з размахам, нягледзячы на складаную эканамічную сытуацыю. Улада працягвае рабіць выгляд, што крызісу ў краіне няма. У Мінску прайшлі ваенны парад і тэатралізаванае спартыўна-моладзевае шэсьце. Аляксандр Лукашэнка, як і ў ранейшыя гады, прымаў ваенны парад у форме галоўнакамандуючага разам са сваім пазашлюбным сынам Мікалаем, таксама апранутым у вайсковую форму. У сваім сьвяточным выступе беларускі прэзыдэнт зноў казаў пра ворагаў, якія атачаюць Беларусь і ўжываюць супраць яе «зброю масавага інфармацыйнага паражэньня», накідаюць сцэнары каляровых рэвалюцый.

Цяперашняе сьвяткаваньне праходзіла ў незвычайных умовах. Узровень жыцьця беларусаў імкліва зьніжаецца, штотыдзень праходзяць акцыі пратэсту. На ўчорашні дзень таксама былі намечаны тры акцыі. Меркавалася, што нязгодныя з палітыкай улады «запляскаюць» выступ Лукашэнкі, а таксама правядуць акцыі маўчаньня ў 19.00 ў цэнтры горада і ў 22.00 ў месцы афіцыйнага сьвяткаваньня. Аднак ніякіх аплядысмэнтаў падчас выступу Лукашэнкі заўважана не было.

Паколькі акцыі пратэсту арганізоўваюцца апошнім часам у Інтэрнэце, то традыцыйна былі праблемы з працай апазыцыйных сайтаў, а старонка «Вконтакте» суполки «Рэвалюцыя праз сацыяльныя сеткі» ўчора і зусім была заблякаваная.


Коммерсантъ


Прэзыдэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка абвінаваціў зьнешнія сілы ў вядзеньні супраць яго краіны вайны з ужываньнем "зброі масавага інфармацыйнага паражэньня". Удзельнікам кампаніі "Рэвалюцыя праз сацыяльныя сеткі" не ўдалося рэалізаваць свае пляны -- сарваць выступ прэзыдэнта аплядысмэнтамі. Аднак пляскаць у далоні кіраўніку дзяржавы дзяржавы баяліся нават яго прыхільнікі. Таму выступ спадара Лукашэнкі на плошчы прайшоў у магільнай цішыні.

З нагоды Дня незалежнасьці ў Менску адбыўся парад з удзелам ваеннай тэхнікі, спартоўцаў, мастацкай самадзейнасьці і двух трактароў. На адным зm іх ("трактары-хлопчыку») быў прымацаваны вялікі жоўты капялюш, на іншым («трактары-дзяўчынцы") -- надзіманыя чырвоныя вусны, мульцяшныя вочкі і гіганцкі вянок. У інтэрнэце па гэтай нагоды жартавалі, што прэзыдэнт Лукашэнка спрабуе хоць бы такім чынам прыцягнуць увагу патэнцыйных пакупнікоў да вартасьцяў сваёй трактарнай прамысловасьці, аднак самому беларускаму лідэру ў гэты дзень было відавочна не да жартаў.

Атмасфэра на плошчы, дзе выступаў спадар Лукашэнка, была напружанай. Уладам давялося пайсьці на беспрэцэдэнтныя меры бясьпекі, каб не даць удзельнікам кампаніі "Рэвалюцыя праз сацыяльныя сеткі" зладзіць у гэты дзень кульмінацыю сваіх антыўрадавых флэш-мобаў . Апазыцыянэры плянавалі прабрацца да трыбуны прэзыдэнта і сарваць яго выступ аплядысмэнтамі.
Аднак ажыцьцявіць задуму ім не ўдалося. «Там было вельмі шмат міліцыі і супрацоўнікаў у цывільным, людзей абшуквалі і здымалі на камэру, за ачапленьне пускалі толькі па запрашальніках", - распавёў "Коммерсанту" арганізатар акцыі Вячаслаў Дзіянаў.

Апазыцыянэры прызналі правал акцыі, аднак сяго-таго ім усё ж удалося дасягнуць. З-за таго, што любыя аплядысмэнты адразу траплялі ў поле зроку праваахоўных органаў, пляскаць у ладкі прэзыдэнту баяліся нават яго прыхільнікі. "Нават самыя заўзятыя лукашысты баяліся пляснуць, а камароў сёньня лепш не лавіць", - іранізавалі апазыцыянэры ў Twitter.

Нязгодныя плянавалі правесьці яшчэ два флэш-мобы: адзін у 19:00 па мясцовым часе, другі - у 23:00. Аднак за час правядзеньня несанкцыянаваных "маўклівых" акцый пратэсту (учорашняя была пятай па ліку) улады відавочна навучыліся супрацьстаяць ім: з дапамогай традыцыйных мэтадаў - АМАПу, масавых арыштаў і сьлезацечнага газу і больш перадавых -- тролінгу ў сацыяльных сетках, абмежаваньняў доступу да іх і дэзінфармацыі. Учора яны выкарыстоўвалі і адно, і другое.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG