Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пасол Беларусі ў Маскве пратэстуе супраць перадачы Салаўёва “Поединок”


Пасол Беларусі ў Расеі Васіль Даўгалёў указаў дырэктару тэлекампаніі "Россия" Антону Златапольскаму на "антыбеларускі характар" праграмы Уладзіміра Салаўёва "Поединок", якая выйшла ў эфір 30 чэрвеня.

Тэмай тэлепраграмы сталі беларуска-расейскія адносіны. Свае пункты гледжаньня выказвалі палітык, пісьменьнік, галоўны рэдактар газэты "Завтра" Аляксандар Праханаў і лідэр Лібэральна-дэмакратычнай партыі Расеі Ўладзімер Жырыноўскі.

Беларускі пасол абвінаваціў вядучага Салаўёва ў прадузятасьці. "У.Салаўёў адкрыта прадэманстраваў антыбеларускую пазыцыю, сваімі выказваньнямі наўмысна акцэнтаваў увагу на правакацыйных і бяздоказных тэзісах (масавых арыштах, здрадзе "саюзьніка", "дыктатуры" і "халопах" і г. д.)", — піша Даўгалёў.

"Больш за тое, — піша пасол, — У.Салаўёў дазволіў сабе абразьлівыя выпады ў дачыненьні да прэзыдэнта Рэспублікі Беларусь і яго сям'і, што недапушчальна ня толькі каналу, які мае дзяржаўны статус, але і з пункту гледжаньня журналісцкай этыкі".

Аўтар пасланьня ўказвае на тое, што "гэтая перадача па часе выхаду была прымеркавана да галоўнага нацыянальнага сьвята — Дня Незалежнасьці Рэспублікі Беларусь".

На думку амбасады Беларусі ў РФ, "антыбеларуская скіраванасьць перадачы разам зь неаб'ектыўным асьвятленьнем стану беларуска-расейскіх адносін ня толькі не спрыяюць далейшаму супрацоўніцтву Беларусі і Расеі ў імя росквіту двух народаў, але і наносяць значны ўрон інтарэсам дзьвюх дзяржаваў на цяперашнім этапе ўзаемадачыненьняў".
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG