Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сяргей Рыжоў адмовіўся сьведчыць супраць сябе


Сяргей Рыжоў
Сяргей Рыжоў
Экс-прэтэндэнт на ўдзел у прэзыдэнцкіх выбарах адмовіўся адказваць на пытаньні ў сьледчай управе папярэдняга расьсьледаваньня МУС Віцебскага аблвыканкаму. Сяргея Рыжова выклікалі туды, каб апытаць наконт закліку распачаць 3 ліпеня агульнабеларускі бестэрміновы страйк.

Спадар Рыжоў кажа, што ў Дэпартамэнце папярэдніх расьсьледаваньняў яму патлумачылі яго правы, і ён адмовіўся размаўляць са сьледчым, скарыстаўшы 27 артыкул Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь, які дае кожнаму грамадзяніну права ня сьведчыць супраць самога сябе.

Гэтым самым правам ён скарыстаўся і 16 чэрвеня, калі яго гвалтам прывезьлі на допыт у Віцебскую абласную пракуратуру. Пракуратура распачала праверку па факце зьяўленьня ў інтэрнэце звароту спадара Рыжова да грамадзян Беларусі. У звароце напісана, што мэта страйку — "падзеньне рэжыму Лукашэнкі, вызваленьне палітвязьняў, правядзеньне сумленных выбараў і пачатак шляху да пабудовы сапраўды народнай рэспублікі, свабоднай у сваім выбары гістарычнага шляху". Страйк прапанавана распачаць 3 ліпеня па ўсёй Беларусі — выйсьці на цэнтральныя плошчы ў сваіх гарадох, а назаўтра, 4 ліпеня, не прыходзіць на працу або вучобу.

Паводле Сяргея Рыжова, ранкам 29 чэрвеня, неўзабаве пасьля таго як ён выйшаў з дому на допыт, у кватэру да яго прыйшлі міліцыянты. 73-гадовая маці спадара Рыжова адмовілася ім адчыніць, сказаўшы, што міліцыю яна не выклікала.

Напярэдадні супрацоўнікам Першамайскага РАУС удалося трапіць у кватэру Сяргея Рыжова: ім адчыніла дзьверы пляменьніца, якую таксама апыталі пра заклік да страйку.

Віцебскі дэпартамэнт папярэдніх расьсьледаваньняў апытвае сваякоў і знаёмых спадара Рыжова, які праз інтэрнэт заклікаў распачаць 3 ліпеня агульнабеларускі бестэрміновы страйк.

Паводле Сяргея Рыжова, 28 чэрвеня да яго ў кватэру прыйшоў супрацоўнік Першамайскага РАУС, які апытаў маці, сястру і пляменьніцу ініцыятара страйку. Сяргея Рыжова на той час дома не было, але сваякі распавялі, што міліцыянт не паказаў ніякага дакумэнту, каб пацьвердзіць неабходнасьць апытаньня. Яго цікавіла, ці падключаны ў кватэры інтэрнэт і ці ведаюць сваякі пра заклікі Сяргея Рыжова да агульнабеларускага бестэрміновага страйку.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG