Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Судзяць актывіста Івана Стасюка

абноўлена

15 чэрвеня раніцай у суд Маскоўскага раёну Берасьця дастаўлены моладзевы грамадзкі актывіст Іван Стасюк. Пра гэта «Свабодзе» паведаміў старшыня Брэсцкай абласной арганізацыі АГП Мікалай Коўш.

Па словах суразмоўцы, міліцыя перасьледуе Івана Стасюка паводле крымінальнай справы аб падпале Дома правасудзьдзя ў Менску.

18:00 Актывіста Івана Стасюка вернуць у суд 20 чэрвеня

13:20 Суд Маскоўскага раёну Берасьця адклаў разгляд справы дэмакратычнага моладзевага актывіста Івана Стасюка на 15.00. Пра гэта «Свабодзе» паведаміў яго сябра Міхась Ільін.

Суразмоўца ўдакладніў, што Іван Стасюк быў дастаўлены ў будынак суду Маскоўскага раёну сёньня раніцай. Папярэднюю ноч ён правёў у Маскоўскім РАУС Берасьця. "У дачыненьні да затрыманага складзены адміністрацыйны пратакол за дробнае хуліганства, — удакладніў Міхась Ільін.

Па словах Міхася Ільіна, раней, у ноч з 3 на 4 чэрвеня, Івана Стасюка затрымалі ў Берасьці, калі ён вяртаўся цягніком з Польшчы. З чыгуначнага вакзала актывіста даставілі ў КДБ і апыталі ў сувязі зь яго дзейнасьцю ў сацыяльных інтэрнэт-сетках. Апытанне доўжылася каля трох гадзін, пасьля чаго яго адпусьцілі.

13 чэрвеня ў кватэры бацькоў Івана, дзе ён таксама пражывае, быў учынены ператрус, падчас якога міліцыянты канфіскавалі сыстэмны блёк кампутара, флэш-карту, а таксама ўлёткі з інфармацыяй, што Аляксандар Лукашэнка не атрымаў пераканаўчай перамогі на выбарах 15 сьнежня 2010 году.

Івану Стасюку — 24 гады. Раней вучыўся на гістарычным факультэце Берасьцейскага дзяржаўнага ўнівэрсытэту. У 2006 годзе яго выключылі ў часе выбарчай прэзыдэнцкай кампаніі. Пасьля вучыўся ў Польшчы па праграме імя Каліноўскага. Вярнуўся ў Берасьце па сямейных абставінах. Раней яго арыштоўвалі на 15 сутак і некалькі разоў штрафавалі за ўдзел у палітычных акцыях апазыцыі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG