Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Подых галечы


Пасьля ўчарашняга падаражэньня бэнзіну сёньня ў Беларусі згодна з пастановай Мінэканомікі падаражэлі сьвініна і цыгарэты. Інфляцыя зьядае заробкі беларусаў, прымушае адмаўляцца ад звыклых тавараў, выклікае незадаволенасьць. Пра выжываньне ва ўмовах высокай інфляцыі наш карэспандэнт Валер Каліноўскі пагутарыў з прадстаўнікамі розных катэгорый працоўных.

У пакупнікоў валасы дыбарам…


Эла Капран працуе гандляркай у харчовай краме ў мястэчку Ракаў Валожынскага раёну. Яна кажа, што ў іх ад сёньня падаражэлі хлеб, печыва, мяса, каўбасы, цыгарэты — тое, што людзі купляюць штодня. У некаторых пакупнікоў не хапае грошай, каб купіць, што хацелі:

«Мы прымаем гэтыя тавары, і ў нас стрэс. І людзі прыходзяць, якія разьлічвалі купіць за адну суму, а выяўляецца, што кошт на 30 адсоткаў большы. Ва ўсіх стан такі, што валасы дыбарам, вочы круглыя. Яны ня ведаюць, чаго чакаць далей. Хтосьці лаецца, хтосьці ўздыхае, хтосьці прычытае. Што з гэтым рабіць, яны ня ведаюць».

Эла Капран як шматдзетная маці сама ў вельмі складанай матэрыяльнай сытуацыі. І раней было нялёгка, а зараз стала зусім кепска, кажа яна, а дзяржава ніяк не дапамагае:

«Калі да гэтага абвалу ў нас сытуацыя была такая, што мы ледзьве канцы з канцамі зводзілі, то цяпер гэта яшчэ падзеленае на 2. Насамрэч мы зараз нават і не падлічваем, які ў нас даход ёсьць, бо з кожным тыднем гэтых даходаў усё меней і меней. Нават ня ведаю, што сказаць — абняць і плакаць».

Эла кажа, што заробкі ў сям’і трацяцца толькі на дзяцей, пра сябе дарослыя забыліся, а каб прахарчавацца, садзяць больш бульбы, капусты.

Нават на «Нафтане» незадаволеныя падаражэньнем бэнзіну


Уладзімер Кунцэвіч
Рабочы «Нафтана» Ўладзімер Кунцэвіч раней мог лічыцца па беларускіх мерках заможным. Цяпер жа ён падлічыў, што са сьнежня мінулага году ягоныя рэальныя заробкі ўпалі ў тры разы, калі пераводзіць на даляры, і цяпер дасягнулі абяцанага ўладамі сярэдняга заробку ў 500 даляраў. Інфляцыя зьядае і гэта, кажа ён:

«Асабліва ўразіў учора бэнзін, ягонае падаражэньне было тэмай размоваў нумар адзін. І зараз ужо шмат хто пачаў думаць: так, лета ад’езьдзім, а вось на зіму, як і ў савецкія часы, трэба ў гараж ды на калодкі ставіць».

У тое, што менавіта «Нафтан» выйграе ад падаражэньня бэнзіну, Уладзімер Кунцэвіч ня верыць. Кажа, што ад мінулага падаражэньня прадпрыемству дасталося ўсяго некалькі адсоткаў, астатняе ж пайшло ў «засекі Радзімы».

Спадар Кунцэвіч кажа, што ўжо месяц не заходзіць у прамтаварныя крамы, каб не засмучацца. У прадуктовых жа амаль усе патрэбныя ягонай сям’і харчы істотна падаражэлі. Сёлета давядзецца адмовіцца ад адпачынку, кажа Ўладзімер:

«Мы кожны год езьдзілі адпачываць на Браслаў, дзён на 10. Гэта па кішэні ня біла. Зараз нават гэты адпачынак робіцца дарагім».

Людзі ў Наваполацку ў шоку. Яны пачынаюць эканоміць, ствараць «рэзэрвовыя фонды», кажа спадар Кунцэвіч:

«Сёньня яшчэ грошы ёсьць. Але пра заўтра трэба думаць. Людзі чакаюць горшага. Асабліва восеньню, калі камуналка ўзрасьце. І асабліва тыя людзі, каму блізка да пэнсіі. Яны ўжо адчуваюць гэты подых галечы і задумваюцца, як зрабіць нейкія адкладаньні».

Людзі палітызаваліся, актыўна абмяркоўваюць эканоміку і палітыку, кажа спадар Кунцэвіч. Многія ўзгадваюць Усебеларускі сход перад выбарамі, на якім народу абяцалі росквіт, а сталася наадварот. Да пратэсту рабочыя не гатовыя, кажа спадар Кунцэвіч. Яны гатовыя задаваць пытаньні прадстаўнікам уладаў, але тыя чамусьці да іх перасталі прыяжджаць.

Даходы настаўнікаў упалі ўдвая


Лера Сом
Школьная настаўніца з Полацку Лера Сом кажа, што ў параўнаньні зь мінулым годам заробкі ў яе ня вырасьлі. Цяпер школьныя выкладчыкі атрымліваюць у сярэднім каля мільёна рублёў, у залежнасьці ад нагрузкі. У апошнюю выплату заробку была нейкая індэксацыя, кажа Лера Сом, але ніхто яе не заўважыў. Такім чынам, з-за дэвальвацыі заробак спадарыні Сом упаў у два разы. Інфляцыя ж дадала:

«Па мне, па маёй сям’і яна ўдарыла дастаткова моцна, таму што ўзьняліся кошты на такія рэчы, якія нам рэальна неабходныя кожны дзень. Нейкі тэлевізар, штосьці яшчэ два разы на жыцьцё купляеш, а гародніну, мяса, каву мы спажываем кожны дзень… Цяпер ужо садавіну мы ўвогуле не купляем».

У адпачынак спадарыня Сом зьбіралася паезьдзіць па Беларусі, але ў сувязі зь цяперашнімі цэнамі на бэнзін ад гэтага давядзецца адмовіцца, кажа яна. Сярод калегаў насьпявае незадаволенасьць:

«Людзі проста ў жаху. Таму што гэта тычыцца кожнага. Няма такіх людзей, якіх бы такі рэзкі абвал цэнаў не закрануў. Народ проста хапаецца за галаву і крычыць: „Божа мой, як мы будзем жыць?“. А палітычныя высновы людзям даўным-даўно зразумелыя».
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG