Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Радаслаў Сікорскі: “Усходняе партнэрства” ў выпадку Беларусі не працуе


Аляксандар Лукашэнка і Радаслаў Сікорскі
Аляксандар Лукашэнка і Радаслаў Сікорскі
Праграма “Ўсходняе партнэрства” ў выпадку Беларусі не працуе – такую думку выказаў міністар замежных справаў Польшчы Радаслаў Сікорскі ў інтэрвію Радыё Свабода з нагоды старшынёўства Польшчы ў Эўразьвязе, якое стартуе 1 ліпеня.

Сярод прыярытэтаў у часе польскага старшынёўства ў Эўразьвязе Сікорскі назваў эканамічнае аздараўленьне і ўмацаваньне вайсковага патэнцыялу аб’яднанай Эўропы, падтрыманьне дэмакратыі на Блізкім Усходзе і ў Паўночнай Афрыцы, збліжэньне з Малдоваю, Украінаю і Расеяй.

Ніжэй – фрагмэнт інтэрвію Радаслава Сікорскага.

Радыё Свабода: Што можа зрабіць Польшча, старшынюючы ў Эўразьвязе, для таго, каб даць “Усходняму партнэрству” новае жыцьцё?

Сікорскі: “Усходняе партнэрства” мае на мэце рэалізацыю практычных захадаў для збліжэньня краінаў з Эўразьвязам. Калі, як у выпадку зь Беларусьсю, краіны ня хочуць збліжацца з Эўрапейскім Зьвязам, то праграма, зразумела, не працуе. Але гаворка тут ідзе пра рух наперад. Так, да прыкладу, праграма дапамагае краінам наблізіцца сьпярша да спрашчэньня візавага рэжыму, а пазьней да бязьвізавага рэжыму.

Таксама мы праводзім інтэнсіўныя перамовы з Украінаю і Малдовай аб усталяваньні зонаў свабоднага гандлю, што будзе інтэграваць гэтыя краіны ў эканамічным пляне з Эўрапейскім Зьвязам. Рэалізацыя праграмы “Ўсходняе партнэрства” – гэта таксама дапамога краінам у барацьбе з карупцыяй, або ў лепшым выкарыстаньні энэргіі, або ў трансгранічных праектах – дапамога ў вельмі практычных рэчах. І Польшча хоча зрабіць гэта прыярытэтам свайго старшынёўства ў Эўразьвязе. У верасьні мы будзем праводзіць другі саміт Эўразьвязу, на якім Эўрапейская камісія падасьць плян дзеяньняў на наступныя некалькі гадоў, падмацаваны павялічаным фінансаваньнем, што перавысіць мільярд эўра – гэта грошы канкрэтна на “Ўсходняе партнэрства”.

Радыё Свабода: У працяг – якая будзе палітыка Польшчы адносна ўступленьня Ўкраіны і Малдовы ў Эўразьвяз? Ці гэта тое пытаньне, вырашэньню якога польскае старшынёўства можа паспрыяць?

Сікорскі: Мы спадзяемся падпісаць дагавор аб уступленьні Харватыі – работа на Балканах яшчэ не завершаная. Што да далейшага пашырэньня Эўразьвязу, то, я думаю, краіны-прэтэндэнткі маюць правесьці яшчэ немалую працу, каб у той час, калі настроі ў Эўропе зьменяцца на карысьць пашырэньня, тыя краіны былі больш гатовыя, чымся цяпер.

Радыё Свабода: Акурат цяпер гэтыя настроі неабавязкова “за”?

Сікорскі: Якраз цяпер ключавы прыярытэт польскага старшынёўства – аднавіць рост у Эўропе, і мы маем намер зрабіць гэта, дафармаваўшы адзіны рынак у сфэры паслуг і інтэрнэт-гандлю, што, як мы лічым, можа ў гэтае дзесяцігодзьдзе павысіць эўрапейскі валавы прадукт на чатыры працэнты. Гэта, спадзяваймася, падыме наш настрой і зробіць нас больш шчодрымі ў адносінах да нашых суседзяў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG