Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Рэгуляваньне цэнаў — гэта капітуляцыя»


Сяргей Балыкін
Сяргей Балыкін

Беларускі ўрад вызначыў сьпіс сацыяльна значных тавараў, на якія ўводзіцца часовае, да 90 дзён, рэгуляваньне цэнаў. Ці азначае гэты крок канец лібэралізацыі коштаў, якая праводзілася дагэтуль? Чаму ўрад зноў вяртаецца да адміністратыўных мэтадаў кіраваньня эканомікай? На гэтыя пытаньні адказвае эканаміст і юрыст, адзін з лідэраў прадпрымальніцкага руху Сяргей Балыкін.

Цыганкоў: Гэты крок ураду актыўна супярэчыць знакамітай Дырэктыве нумар 4 кіраўніка дзяржавы, у якой узяты курс на лібэралізацыю эканомікі, у тым ліку свабоднае фармаваньне цэнаў?

Балыкін: Ну што тут можна сказаць? Гэта капітуляцыя. Гэта вельмі добра паказвае, што наш урад ня здольны кіраваць эканомікай рынкавымі мэтадамі. Як толькі ён сутыкаецца з праблемамі, ён адразу вяртаецца да звыклых адміністрацыйных мэтадаў і спрабуе рэгуляваць эканоміку «рукамі».

Як гэта суадносіцца з Дырэктывай? Як заўсёды. Заўсёды дзяржава абяцае лібэралізацыю, — гэта ж лібэралізацыя ня першая на маёй памяці, ужо трэцяя ці чацьвёртая — але потым гэта заканчваецца закручваньнем гаек. І зараз мы бачым, што як толькі зьявіліся праблемы, улады ўзялі звыклыя адміністратыўныя рычагі і сталі імі карыстацца.

Цыганкоў: Ці можна сказаць, што гэтае рашэньне — «першая ластаўка» таго, што ўлада бярэ курс на згортваньне эканамічнай лібэралізацыі, хаця б тых яе элемэнтаў, які былі? Ці пойдзе ўлада далей — да забаронаў, дазволаў, абмежаваньня імпарту і гэтак далей?

Балыкін: Гэта ўжо ня першая ластаўка. Давайце ўспомнім усё тое, што робіць Нацбанк на валютным рынку. Там усё адміністратыўна рэгулюецца і мы бачым, да чаго гэта прывяло.
Калі кіраўніцтва дзяржавы ня можа справіцца з сытуацыяй, то забываюць пра рынкавыя мэтады рэгуляваньня.

Тэндэнцыя відавочная — калі кіраўніцтва дзяржавы ня можа справіцца з сытуацыяй, то забываюць пра рынкавыя мэтады рэгуляваньня і выкарыстоўваюць адміністратыўныя.

Ці будзе канчаткова ўзяты курс на зьнішчэньне лібэралізацыі? У нашай краіне ўсё магчыма. Магчыма, што пад уплывам замежных абставінаў яны адмовяцца ад гэтай ідэі. Але цяпер верагоднасьць таго, што лібэралізацыя будзе згорнутая, дастаткова вялікая.

Цыганкоў: Калі ўлада будзе кіраваць цэнамі, якія наступствы можна чакаць?

Балыкін: Толькі таго, што цэны будуць расьці. Чым больш дзяржава будзе спрабаваць кіраваць цэнамі, тым прадпрымальнікі будуць імкнуцца шукаць усялякія абыходныя шляхі. І цэны будуць расьці, бо туды будуць укладвацца дадатковыя адміністратыўныя выдаткі, магчымая рызыка і ўсё астатняе. Чым больш дзяржава будзе ціснуць на цэны, тым больш яны будуць расьці.
  • 16x9 Image

    Віталь Цыганкоў

    Віталь Цыганкоў скончыў факультэт журналістыкі БДУ. Адзін з двух заснавальнікаў першага недзяржаўнага агенцтва навінаў БелаПАН. Працаваў ў газэтах «Звязда», быў карэспандэнтам у Беларусі расейскай «Независимой газеты», Associated Рress, аглядальнікам у газэце «Свабода». На беларускай Свабодзе ад 1994 году. Карэспандэнт расейскай Свабоды ў Беларусі.
     

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG