Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларусь вярнулася да дзяржаўнага рэгуляваньня цэнаў на харчы


Беларусь вярнулася да дзяржаўнага рэгуляваньня цэнаў на харчы. Урад вызначыў сьпіс сацыяльна значных тавараў, на якія ўводзіцца часовае, да 90 дзён, рэгуляваньне цэнаў. Такім чынам, палітыка лібэралізацыі, якая пачыналася ўвесну са скарачэньня такога сьпісу, фактычна спынілася.

Дзяржава зноў будзе вызначаць цэны на рыбу, сыр, крупы, каўбасу, гародніну, садавіну. Усяго ў новым сьпісе — 13 пазыцый. Пастанова ахоплівае і дзяржаўны, і прыватны сэктар.

Як такія захады дапасоўваюцца да палітыкі лібэралізацыі, пра якую шмат гаварылі на пачатку гэтага году? Калі намесьніку міністра эканомікі Андрэю Туру задалі гэтае пытаньне дэпутаты Нацыянальнага сходу, ён адказаў коратка:

Лібэралізацыя — лібэралізацыяй, а адказнасьць — адказнасьцю.
«Лібэралізацыя — лібэралізацыяй, а адказнасьць — адказнасьцю».

Пакуль крытыка прыпадае пераважна на гандлёвыя прадпрыемствы — маўляў, гэта яны праз нацэнкі «накручваюць» сабе завышаныя прыбыткі. З гэтым не пагаджаецца намесьнік міністра гандлю Аляксандар Забела:

«Насамрэч гэта ня так. Пасьля дэкрэту № 4 кіраўніка дзяржавы аб лібэралізацыі мы зрабілі аналіз, каб высьветліць, што ж адбылося на рынку. І высьветлілася: рост гандлёвай надбаўкі ў Менску пасьля лібэралізацыі па харчах склаў усяго 0,4%, па нехарчовых таварах — меней за 1%.

Тут справа ў былой нестабільнасьці валютнага курсу, а з-за яго — і ў павышаным попыце насельніцтва. Гэта зразумела. Але ж, на жаль, вось такая эканоміка. І ад яе не ўцячэш».

Умяшаньне дзяржавы спатрэбілася, каб нейкім чынам спыніць манапалістаў, сказала сёньня ў размове са «Свабодай» старшыня камісіі Палаты прадстаўнікоў Галіна Палянская:

«Антыманапольная палітыка ў нас не вядзецца. Няма дагэтуль адпаведнага закону, няма спэцыяльнага дэпартамэнту. Я лічу, што менавіта ў цяперашняй сытуацыі гэта вялікі мінус».

Пастанова ўраду разьлічаная на 90 дзён. Але людзі з уласнага досьведу ведаюць: няма нічога больш стабільнага, чым часовае. Ці не атрымаецца так, што дзяржаўнае рэгуляваньне ахопіць большы адрэзак часу? — пытаюся ў Галіны Палянскай:

«Я не скажу. Сумняваюся, што і ўрад скажа. На сёньняшні момант усё ж у нас захоўваюцца ў нейкай ступені розныя курсы. І пакуль ня будуць адрэгуляваныя ўсе пытаньні, на мой погляд, казаць, што гэта будзе працягвацца 90 дзён і ўсё, нельга».
Не зрабілі нармальную дэвальвацыю, якую прыняў бы рынак. Тады б працавалі ўсе — і імпартэры, і дзяржаўны бізнэс, і іншыя.

Адміністратыўнага ўмяшаньня дзяржавы трэба было чакаць, упэўнены незалежны эканаміст Сяргей Чалы:

«Не зрабілі нармальную дэвальвацыю, якую прыняў бы рынак. Тады б працавалі ўсе — і імпартэры, і дзяржаўны бізнэс, і іншыя. Таму і даводзіцца прымаць такое рашэньне.

Я ўпэўнены, гэта — далёка не апошняе ўмяшаньне. Яшчэ будзе шмат адміністратыўных забаронаў, дазволаў, прызначэньняў спэцімпартэраў, яшчэ нечага».

Незалежны эканаміст прагназуе вяртаньне да дэфіцыту. Бо таньнейшыя беларускія харчы будуць вывозіць найперш у Расею, ва Ўкраіну, кажа спадар Чалы:

«Будзе дэфіцыт, вядома. Але ж улады і гэтую праблему спрабуюць вырашыць адміністратыўна. Прызначаць адказных за асартымэнтны пералік. Вызначаць базавыя прадукты, якія канкрэтна — яны вырашаць за нас. Вось гэтыя прадукты і будуць у крамах».


«Калі прадукты стануць таньнейшымі, то яны зьнікнуць»


Што кажуць пра чарговую спробу ўлады рэгуляваць кошты на спажывецкія тавары прадстаўнікі гандлю і пакупнікі? І з аднымі, і з другімі сёньня на гэту тэму ў менскіх крамах размаўляла Галіна Абакунчык.

Унівэрсам «Цэнтральны» — буйная харчовая крама ў цэнтры Менску. З распараджэньнем ураду аб рэгуляваньні цэнаў тут знаёмыя, але ў адміністрацыі кажуць, што на сыстэме цэнаўтварэньня на іх прадпрыемстве новая дырэктыва аніяк не адаб’ецца. Гаворыць таваравед Алена Зайцава:

«Справа ў тым, што і дагэтуль існаваў пэўны пералік тавараў, на якія мы не ўскладалі максымальныя гандлёвыя надбаўкі. Да прыкладу, на мяса мы ўсталёўвалі не вышэй за 12%, абмяжоўвалі таксама на каўбасныя вырабы — да 11%, хлебабулачныя — ня больш за 15%, і шмат якія іншыя».

Карэспандэнтка: «Што зьмяняецца ад сёньняшняга дня?».

«На гэты момант усё так і застаецца, нічога не зьмяняецца. Іншая рэч, што павялічыліся кошты тавараў, якія ўвозяць нашы пастаўшчыкі. Калі, да прыкладу, увозны кошт тавару быў 3 тысячы альбо 3500, а стаў 5 тысяч, то рост кошту відавочны. І каб гэта ня так моцна ўдарыла па кішэнях спажыўцоў, мы на шэраг тавараў шырокага спажываньня, да прыкладу, макарону, усталёўваем ня 30% гандлёвай надбаўкі, а 20%. Вядома, гэта крыху ўплывае на эканоміку нашага прадпрыемства, а менавіта — на памер нашага заробку: менш атрымаем. Але ж мы таксама спажыўцы, мы таксама разумеем пакупнікоў».

Тым часам пакупнікі крамы мяркуюць, што чарговыя адміністрацыйныя захады ўраду ня зьнізяць коштаў і не палепшаць эканамічнае становішча ў краіне. Гутару зь людзьмі:

Карэспандэнтка: «Урад пачаў кантраляваць цэны на шэраг харчовых тавараў. Ці вы заўважылі гэта па коштах у крамах?».

Спадарыня: «Так, заўважыла — цэны сталі ўдвая большыя. Зараз бананы дзіцяці толькі на сьвята купляеш — былі 5 тысяч, а сталі 12. Даводзіцца грошы лічыць ды лічыць у крамах».
Зараз бананы дзіцяці толькі на сьвята купляеш.

Спадар: «Кошты, вядома, трэба зьменшыць. Тавары, прадукты проста недаступныя. А пра рыбу я зусім не кажу. А заробак — няхай бы паднялі».

Спадарыня: «Глупства кантраляваць цэны. Калі ўжо адпусьцілі, то трэба адпускаць і ўжо ня трэба нічога кантраляваць. Кіраваць адміністрацыйнымі мерамі ў эканоміцы нельга».

Карэспандэнтка: «Ці вы заўважылі, як зьмяняюцца цэны?».

Спадарыня: «Я на цэны гляджу і ўвогуле ў шоку — у мяне не хапае заробку, каб харчавацца».

Спадар: «Кантраляваць цэны нельга. Калі кантраляваць цэны, дык тавар проста зьнікне — эканоміку не падманеш».

Карэспандэнтка: «Ці верыце вы, што кошты зьменшацца?».

Спадарыня: «Не. Колькі разоў у нас ужо было, што калі кошты падвышаліся, то ўжо ніколі не зьмяншаліся. Ні разу, ні разочку такога не было! З тым жа алеем — менш ён ужо каштаваць ня будзе, я ў гэтым перакананая. І з гэтых меркаваньняў пляную свае выдаткі».
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG