Лінкі ўнівэрсальнага доступу

"Калі ўжо проста есьці няма за што, тады нешта ў "абменьнік" здаюць"


Валюты ў свабодным продажы ў Беларусі па-ранейшаму няма. Дзейнасьць міжбанкаўскай біржы з-за нявыгадных умоваў таргоў спаралізаваная. На тле нявырашанага пытаньня пра мільярдны крэдыт з антыкрызіснага фонду ЭўрАзЭС пэрспэктыва стабілізацыі на валютным рынку застаецца неакрэсьленай.

Падчас урадавай нарады ў мінулую пятніцу Аляксандар Лукашэнка заявіў, што гэта ён забараніў Нацыянальнаму банку прадаваць валюту для абменных пунктаў. Па яго словах, калі камэрцыйныя банкі хочуць займацца валютнымі апэрацыямі, няхай шукаюць такую магчымасьць самастойна, а траціць золатавалютныя рэзэрвы дзяржавы ён не дазволіць. Людзі з банкаўскіх чэргаў лічаць, што такія прызнаньні наўрад ці паспрыяюць стабільнасьці:

"Сытуацыя нездаровая, грошай няма: што людзі здаюць, тое адразу ж і скупляецца. Па сутнасьці, валюты няма ў абменьніках. Ніякай…".

Карэспандэнт: "Спадзяваньні на дэвальвацыю выявіліся марнымі?".

"Так, але гэта пытаньне да эканамістаў, да ўраду. Усё ў руках уладаў. Мы што, нейкім чынам можам уплываць на гэтую сытуацыю?".

Карэспандэнт: "Што ўрад мусіць зрабіць, каб сродкі зьявіліся?".
Знайсьці, валюту, каб людзі не пакутавалі, не прыніжаліся, стоячы ў чэргах

"Знайсьці валюту і даць яе ў шапікі. Рашэньне самае простае. Знайсьці, каб яна была тут, каб людзі не пакутавалі, не прыніжаліся, стоячы ў чэргах".

"І ў банках жа ёсьць валюта. Таму што калі на канвэртацыю ідзеш, там у іх грошай проста пакункі ляжаць. Але ў абменьнікі яны не даюць, прадаюць толькі тое, што нехта здаў. А хто зараз будзе здаваць? Калі ўжо проста есьці няма за што, тады нешта здаюць. Бяз гэтага, наадварот, усё толькі скупляецца. Магу сказаць, што ўладам ніхто больш ня верыць…".

Тым часам афіцыйны курс рубля да даляра набліжаецца да адзнакі ў 5000: на 31 траўня Нацбанк ацаніў даляр у 4977 рублёў. Падзеньне — адразу на 45 рублёў. Гэта азначае, што дэвальвацыйныя працэсы ў краіне працягваюцца. На чорным рынку за даляр даюць у сярэднім 6000 рублёў.

Аляксандар Лукашэнка даў зразумець, што ня будзе прадаваць дзяржаўную маёмасьць узамен на крэдыты. 4 чэрвеня прадстаўнікі краінаў Эўразійскай эканамічнай супольнасьці вырашаць, ці атрымае Менск першую траншу стабілізацыйнага крэдыту — мільярд даляраў з заплянаваных 3 мільярдаў. Лукашэнка, які перад гэтым называў лічбы ў 6—7,5 мільярдаў, назваў умовы крэдытаваньня нявыгаднымі, сказаўшы, што трэба разьлічваць на ўласныя сілы. Скептыцызм падтрымліваюць і незалежныя экспэрты: мільярдам цяперашняе становішча не ўратуеш, а з папулісцкага гледзішча ўладам выгадней нават, каб Расея адмовіла ў выдзяленьні крэдыту.

Між тым адзін з прафсаюзных лідэраў Беларусі Аляксандар Бухвостаў лічыць, што далейшая ізаляцыя эканомікі краіны і спроба замарозіць актывы найбуйнейшых прадпрыемстваў не прывядзе да паляпшэньня сытуацыі:

Аляксандар Бухвостаў
"У любым выпадку ўцягваньне Беларусі ў свабодныя рынкавыя адносіны, у свабодны рынак — усё гэта вядзе і да дэмакратызацыі палітычнага жыцьця таксама. Хоць ёсьць прыклады і іншыя, але для нас гэта было б толькі на карысьць. Праўда, калі б яшчэ той жа МАЗ, да прыкладу, не з КамАЗам аб'ядноўваўся, а пачаў супрацу зь нейкай іншай транснацыянальнай карпарацыяй кшталту "Вольва", ці, як раней гаварылі, "Івека", то было б яшчэ больш эфэктыўна. Такая магчымасьць ёсьць, і сумеснае прадпрыемства "МАЗ-МАН", якое выпускае цягачы, — лішні таму доказ. Але ў нас усё пад кантролем нашага алігарха, таму безь яго тут нікуды ня сунесься".

Доктар эканамічных навук Уладзімер Кулажанка таксама згодны, што нежаданьне ўладаў займацца рэфармаваньнем камандна-адміністрацыйнай сыстэмы эканомікі толькі памнажае праблемы. Але зарабіць валюту, вырабляючы неканкурэнтаздольную прадукцыю, немагчыма:
Камандная эканоміка нідзе ў сьвеце сябе не апраўдала

"Сучасны стан эканамічнай сытуацыі ў нашай краіне наўпрост зьвязаны з тымі буйнымі памылкамі ў эканоміцы, у эканамічным рэгуляваньні, у кіраваньні, якія былі зробленыя 5—10 гадоў таму. Справа ў тым, што камандная эканоміка нідзе ў сьвеце сябе не апраўдала. І наша камандная эканоміка таксама ня стала выключэньнем. Замест таго каб вялізныя грошы, якія бяздумна ўкідваюцца ў стратныя галіны, накіраваць на разьвіцьцё вытворчасьці, на абнаўленьне, на інавацыйны працэс, што вырашала б лёс нашай краіны на будучае, — усё ішло на сацыяльнае падмазваньне. Насамрэч — на сацыяльны падман народу. З гэтай прычыны цяпер маем тое, што маем".

Тым часам рэйтынгавае агенцтва "Standard&Poor's" зьмясьціла Беларусь і асобна сталіцу краіны Менск у сьпіс "CreditWatch" — рэйтынг з нэгатыўным прагнозам. У адпаведным прэс-рэлізе паведамляецца: інстытуцыянальная сыстэма, у якой ажыцьцяўляюць сваю дзейнасьць беларускія рэгіянальныя і мясцовыя органы ўлады, высокацэнтралізаваная і непрадказальная, што нэгатыўна адбіваецца на гнуткасьці фінансавай палітыкі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG