Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Суд над Някляевым, Рымашэўскім, Фядутам, Дзьмітрыевым, Вазьняком і Палажанкай. Восьмы дзень

абноўлена

16 траўня Фрунзенскі суд Менску працягваў разглядаць справу былых кандыдатаў на прэзыдэнта Ўладзімера Някляева і Віталя Рымашэўскага, а таксама сяброў штабу Някляева Андрэя Дзьмітрыева, Аляксандра Фядуты і Сяргея Вазьняка ды актывісткі Насты Палажанкі.

18.09 У судзе абвешчаны перапынак да 10 раніцы 17 траўня.

17.55 Допыт Севярынца скончаны. Абарона Някляева хадайнічае аб далучэньні да матэрыялаў справы звароту расейскіх актораў, у ліку якіх Канстанцін Райкін, Канстанцін Хабенскі. Ёсьць і зварот расейскіх літаратараў – Андрэй Бітаў, Сіманаў, Юна Морыц. Даслаў ліст і Яўген Еўтушэнка з ЗША, 22 беларускія дзеячы культуры, літаратуры і навукі. Яны патрабуюць спыненьня крымінальнай справы. Таксама адвакат Букштынаў просіць далучыць даведку аб стане здароўя Някляева. Яны патрабуюць спыненьня крымінальнай справы. Таксама адвакат Букштынаў просіць далучыць даведку аб стане здароўя Някляева. Пракурор супраць. Ліст Еўтушэнкі судзьдзя адхіліла далучаць да справы. Абарона агалошвае дакумэнты.

17.28 Севярынец у залі суду. Ён тлумачыць, што быў даверанай асобай і кіраўніком штаба Рымашэўскага. Кажа, што акцыя ад самага пачатку плянавалася як мірная. Заклікалі толькі на Кастрычніцкую плошчу, ісьці на плошчу Незалежнасьці не плянавалі. Людзей на Кастрычніцкую прыходзіла ўсё больш і больш, і на праезную частку перасунуліся таму, што людзі стаялі вельмі шчыльна і не зьмяшчаліся на свабоднай частцы плошчы. Абавязак супрацоўнікаў міліцыі і ДАІ – перш за ўсё захаваць бясьпеку. Калі столькі людзей сабралася, яны павінны былі перакрыць рух, як падчас масавых гуляньняў. Можна казаць, што гарадзкая ўлада нясе адказнасьць за той беспарадак, што быў 19 сьнежня. Ніводзін з кандыдатаў, ніхто з прысутных не дазваляў ніякіх заклікаў да беспарадкаў, яны зьвярталі ўвагу ўвесь час, што акцыя павінна быць мірнай. Наадварот, заклікалі не дапусьціць правакацыяў.

Вельмі перашкаджала музыка з дынамікаў. 19 сьнежня заклікаў міліцыі разысьціся ён ня чуў, магчыма, іх заглушала музыка. На жаль, міліцыя адсутнічала на плошчы, гукаўзмацняльнай апаратуры не было.

Судзьдзя пытаецца, ці ведаў Севярынец, што акцыя не санкцыянаваная, бо на плошчах акцыі ў Беларусі ніколі не дазваляюць. Але міліцыя пры вялікай колькасьці людзей заўсёды павінна несьці адказнасьць за бясьпеку людзей.

З Настай Палажанкай Севярынец знаёмы даўно. 19 сьнежня яны сустракаліся. Ішлі разам ад вакзалу. Асноўная тэма размовы –- свабода выключае гвалт, акцыя павінна быць мірнай і негвалтоўнай. Наста вельмі мяккі, выхаваны чалавек.

На Кастрычніцкую разам з Настай Севярынец ішоў па ходніках вуліц Кірава, Сьвярдлова, праспэкту. На Кастрычніцкай яны згубіліся.

Адказнасьць за падзеі 19 сьнежня павінна несьці дзяржава, службовыя асобы. Абгрунтоўвае, чаму.

Фядута запытаўся, ці бачыў ён апэратыўныя відэаздымкі. Севярынец тлумачыць, што такое "людзі ў цывільным", якіх там было шмат.

Някляеў кажа, што вельмі рады бачыць Паўла ў якасьці сьведкі на волі.

17.24
Зноў прапаў гук. Паказваюць фрагмэнт дэбатаў, але судзьдзя просіць працягнуць заўтра прагляд відэаматэрыялаў з-за тэхнічных праблем. Адвакаты нагадваюць пра хадайніцтва запрасіць у якасьці сьведкі Паўла Севярынца, кіраўніка перадаыбарчага штабу кандыдата ў прэзыдэнты Рымашэўскага. Пракурор пярэчыць, адвакаты настойваюць. судзьдзя вырашае заслухаць сьведчаньні Паўла Севярынца.

16.57
Перапынак скончыўся. Дэманструюць выступ кандыдата ў прэзыдэнты Віталя Рымашэўскага па Беларускаму тэлебачаньню.

16:07 Зноў праблемы з дэманстрацыяй відэазапісаў, апэратар робіць перазагрузку кампутараў. Судзьдзя аб'явіла перапынак на 10 хвілінаў.

16.05 Рымашэўскі просіць далучыць да справы відэазапіс з плошчы Незалежнасьці 19 сьнежня, зроблены журналістамі. Пракурор супраць, судзьдзя вырашае не далучаць прапанаваны відэадыск да справы.

16.01 Някляеў робіць заўвагу: відавочна, што кандыдаты былі пазбаўленыя магчымасьці арганізаваць плошчу і людзей. Не было гукаўзмацняльнай апаратуры. Судзьдзя прапануе глядзець новы відэазапіс выступу Рымашэўскага ў эфіры першага тэлеканалу.

15.37 Перапынак у судзе скончыўся. Адвакат просіць дапытаць у якасьці сьведкі Паўла Севярынца. Судзьдзя кажа, што сёньня ідзе прагляд відэаматэрыялаў, таму няхай Севярынец чакае.

Зноў вяртаюцца да прагляду відэаматэрыялаў. На відэакадрах зноў падзеі на плошчы, Лябедзька з гукаўзмацняльнікам скандуе: "Жыве Беларусь!" Рымашэўскі ідзе ў калёне. Ганак Дома ўраду. У кадры – Статкевіч, Саньнікаў, Сіўчык, Севярынец, Радзіна. Севярынец скандуе: "Жыве Беларусь!" і народ падхоплівае.

Рымашэўскі кажа пра незаконна затрыманых. Узгадвае прозьвішча Някляева. Гукаўзмацняльнік у Статкевіча. Статкевіч патрабуе выбараў бяз Лукашэнкі.

Спадар Міхнавец кажа, што "мы чакаем вынікаў галасаваньня".

Саньнікаў кажа: "Час мяняць лысую гуму", народ падхоплівае.

Кадры з Кастрычніцкай плошчы. Музыка грыміць, заглушаючы воклічы "Жыве Беларусь!"

Перамовы Статкевіча, Вуса, Рымашэўскага з начальнікам ДАІ. Да іх далучаецца Халіп.

14.56 Перапынак на 5 -7 хвілін з-за тэхнічных праблем.

Адвакат Тамара Сідарэнка падтрымлівае заўвагу Някляева: на відэа паказваюць Палажанку, а гучаць мужчынскія галасы. Другая карцінка таксама не мянялася, а галасы гучалі невядома адкуль. Доказамі гэтыя кадры ня могуць зьяўляцца.

Вазьняк просіць унесьці заўвагу: людзі ў чорным былі без апазнавальных знакаў, подпісаў на сьпінах не было.

Някляеў кажа, што паказаньні супрацоўнікаў ДАІ наконт разьбітай машыны былі ілжывыя.

14.50 Новае відэа: калёна рушыць па праспэкту. Скажэньні гуку. Зноў гук мяняецца, а на экране стоп-кадр.

14.43 Новы відэаролік – кадры з Прывакзальнай плошчы бяз гуку. Потым глядзяць відэаролік, дзе Саньнікаў кажа: "Рухаемся да Дому ўраду!" Саньнікаў скандуе "Сыходзь!", народ падхоплівае. Рымашэўскі зь мікрафонам: "Трэба патрабаваць свабодных дэмакратычных выбараў без Лукашэнкі". Наста Палажанка пытаецца ў людзей: "Ці хочаце вы перамен?"

14.36 Прагляд чарговага відэароліка пра падзеі на Кастрычніцкай плошчы 19 сьнежня. Прамаўляе Саньнікаў, за ім – Дзьмітрыеў. Кадры з лягатыпам "Нашай нівы": Рымашэўскі заклікае ісьці на Кастрычніцкую плошчу.

Кадры "Нашай Нівы" з вуліцы Калектарнай. Гучна чутны выбухі шумавых гранат. Буйным плянам – зьбіты Някляеў, яму спрабуюць аказаць першую дапамогу. Нясуць на руках. Някляева паклалі на канапу ў офісе. Хлопец з разьбітай галавой. Кроў на галаве, хлопцу галаву забінтавалі. Прыехала хуткая дапамога. Мэдыкі аказваюць дапамогу, пасылаюць за насілкамі ў машыну.

Някляеў буйным плянам, добра бачныя сур'ёзныя пашкоджаньні, кроў, гематомы. Някляева пагрузілі ў хуткую дапамогу і павезьлі.

14.31
Сяргей Вазьняк тлумачыць на відэа, што акцыя на плошчы будзе выключна мірнай. Прыцягнуць людзей да крымінальнай адказнасьці за тое, што яны прыйшлі на плошчу да навагодняй ёлкі, немагчыма.

14.09 Працэс аднавіўся. Зноў тэхнічныя праблемы, відэаролік ідзе бяз гуку. Уладзімер Някляеў абурыўся.

Зноў праглядаюць відэаролік пра сустрэчу з выбарцамі сяброў выбарчага штаба Някляева – Сяргея Вазьняка і Віктара Гарбачова.

Гук наладзілі, але даволі ціхі.

12.35 Доўга шукаюць чарговыя відэафайлы. Узьніклі тэхнічныя праблемы. Судзьдзя аб'явіла перапынак да 14 гадзін.

12.22 Пракурор лічыць, што мэтазгодна паглядзець відэаролікі з плошчы. Адвакаты пярэчаць.

На чарговым відэароліку – сустрэча Вазьняка і яшчэ аднаго чалавека з выбарцамі. Вазьняк кажа пра плошчу.

12.07 Някляеў чытае на відэа свой верш. Прысутныя ў залі суду паспрабавалі апладыраваць, але судзьдзя спыніла апладысмэнты: "Цішыня ў залі!"

Судзьдзя пытаецца ў пракурора і абароны, а таксама абвінавачаных, на праглядзе якіх ролікаў яны настойваюць.

Паказваюць чарговы выступ Някляева на сустрэчы з выбарцамі, дзе ён адбыўся, не сказалі.

11.51 Паказваюць выступ Някляева па Беларускаму тэлебачаньню.

11.40 Працягваецца прагляд таго ж самага роліка – сустрэчы Някляева з выбарцамі ў Барысаве.

Скончылі праглядаць першы ролік. Чамусьці запусьцілі відэаролік з выступам Міколы Статкевіча. Праз хвіліну спынілі. Доўга шукаюць патрэбныя файлы.

11.35 Судзьдзя папрасіла абвінавачанага Дзьмітрыева зачыніць ноўтбук і пакласьці яго за сьпіну абвінавачанага Някляева.

11.22 Наста Палажанка папрасіла зрабіць перапынак на 5 хвілін.

11.10 На відэа.
Някляеў кажа, што яго прэзыдэнцкая кампанія пасьля выбараў адразу ж ператвараецца ў парлямэнцкую кампанію, бо не за гарамі парлямэнцкія выбары – у 2012 годзе.

11.00
Някляеў глядзіць відэа стоячы. У залі прыкладна тры дзесяткі студэнтаў альбо БРСМаўцаў. Хтосьці сьпіць, але бальшыня слухае на відэа альтэрнатыўнага экс-кандыдата ў прэзыдэнты.

10.50 Фрагмэнт з відэа. Някляеў узгадвае папярэджаньне генпракуратуры пра крымінальную адказнасьць за выхад на плошчу. Адказвае на пытаньне пра мову. Кажа пра недапушчальнасьць прымушаць людзей гаварыць на любой мове, але акцэнтуе ўвагу, што кожны беларус павінен ганарыцца сваёй мовай і гаварыць на ёй.

10.20 У залі прадстаўнікі АБСЭ, амбасадар Нямеччыны ў Беларусі спадар Вайль, літаратары Ўладзімер Алоў, Язэп Янушкевіч, мастак Аляксей Марачкін.

10.09 Судовае паседжаньне пачалося з прагляду відэаматэрыялаў. Праглядаюць ролік сустрэчы з выбарцамі ў Барысаве. Давераная асоба Віктар Гарбачоў прадстаўляе кандыдата ў прэзыдэнты Ўладзімера Някляева.

Судзьдзя — Жукоўская;
Абвінаваўца — Кажэўнікаў;
Адвакаты: Атаманчук, Лабоха, Пятровіч, Савіч, Сідарэнка, Букштынаў.

Суды за Плошчу

Суд над Някляевым, Рымашэўскім, Фядутам, Дзьмітрыевым, Вазьняком і Палажанкай. Першы дзень

Суд над Някляевым, Рымашэўскім, Фядутам, Дзьмітрыевым, Вазьняком і Палажанкай. Другі дзень

Суд над Някляевым, Рымашэўскім, Фядутам, Дзьмітрыевым, Вазьняком і Палажанкай. Трэці дзень

Суд над Някляевым, Рымашэўскім, Фядутам, Дзьмітрыевым, Вазьняком і Палажанкай. Чацьвёрты дзень

Суд над Някляевым, Рымашэўскім, Фядутам, Дзьмітрыевым, Вазьняком і Палажанкай. Дзень пяты

Суд над Някляевым, Рымашэўскім, Фядутам, Дзьмітрыевым, Вазьняком і Палажанкай. Шосты дзень

Суд над Някляевым, Рымашэўскім, Фядутам, Дзьмітрыевым, Вазьняком і Палажанкай. Сёмы дзень

Сяргей Вазьняк

Сяргей Вазьняк
Нарадзіўся 14 красавіка 1962 г. Галоўны рэдактар газэты "Товарищ", грамадзкі актывіст, сябра Праўленьня ГА "БАЖ". Быў адным з арганізатараў стварэньня Партыі камуністаў Беларусі, у 2009 годзе перайменаванай у Беларускую партыю аб’яднаных левых "Справядлівы сьвет".

У часе прэзыдэнцкіх выбараў 2010 г. працаваў у штабе кандыдата ў прэзыдэнты Ўладзімера Някляева.

Быў арыштаваны 20 сьнежня ва ўласнай кватэры і зьмешчаны ў СІЗА КДБ. Пры канцы сьнежня яму выставілі абвінавачаньне па крымінальнай справе — "масавыя беспарадкі".

Ад 29 сьнежня мера стрыманьня зьменена на падпіску аб нявыезьдзе.

30 сакавіка 2011 г. абвінавачаньне перафармулявана на "арганізацыю дзеяньняў, якія груба парушаюць грамадзкі парадак, ці ўдзел у іх".

Андрэй Дзьмітрыеў

Андрэй Дзьмітрыеў
Нарадзіўся 17 траўня 1981 года ў Менску. Вучыўся ў Эўрапейскім гуманітарным унівэрсытэце на факультэце філязофіі. У 2000-2001 гг. служыў у войску. З 2001 г. – сябра АГП.

Быў затрыманы сярод іншых актывістаў 18 траўня 2010 г., калі ўлады спрабавалі разагнаць грамадзянскую кампанію “Гавары праўду”, у якой Андрэй браў удзел.

У 2005-2009 гг. меў свой бізнэс, зьяўляўся дырэктарам кансалтынгавай кампаніі.

Кіраваў штабам кандыдата на прэзыдэнты Ўладзіміра Някляева. Затрыманы ў ноч на 20 сьнежня пасьля акцыі пратэсту ў цэнтры Менска, абвінавачаны паводле артыкулу – “масавыя беспарадкі”. 3 студзеня 2011 г. выпушчаны зь СІЗА КДБ пад падпіску аб нявыезьдзе. 30 сакавіка абвінавачваньне перафармулявана – “арганізацыя дзеяньняў, што груба парушаюць грамадзкі парадак, ці ўдзел у іх”.

Уладзімер Някляеў

Уладзімер Някляеў
Кандыдат на прэзыдэнта на выбарах 2010 г. Нарадзіўся 11 ліпеня 1946 году ў Смаргоні.

У 2010 г. ініцыяваў стварэньне грамадзянскай кампаніі "Гавары праўду", якой улады пазьней адмовілі ў рэгістрацыі.

19 сьнежня быў зьбіты да непрытомнасьці ў цэнтры Менску па шляху на мірную акцыю пратэсту. З чэрапна-мазгавой траўмай трапіў у шпіталь хуткай дапамогі. Празь некалькі гадзінаў быў адтуль выкрадзены супрацоўнікамі спэцслужбаў.

Апынуўся ў СІЗА КДБ, быў абвінавачаны па артыкуле "Масавыя беспарадкі". З моманту зьбіцьця 19 сьнежня да пераводу пад хатні арышт 29 студзеня перанёс чатыры гіпэртанічныя крызы і ня меў магчымасьці сустрэцца з адвакатам.

17 лютага агульны сход ПЭН-цэнтру прыняў рашэньне вылучыць яго на Нобэлеўскую прэмію.

30 сакавіка абвінавачваньне перафармулявана на "арганізацыю дзеяньняў, якія груба парушаюць грамадзкі парадак, ці ўдзел у іх".

Наста Палажанка

Наста Палажанка
Намесьніца старшыні "Маладога Фронту". Наста нарадзілася 2 жніўня 1990 году ў Менску. З 1997 па 2008 гг. вучылася ў 73-й менскай школе. З 2008 г. — студэнтка факультэту філязофіі і палітычных навук Эўрапейскага гуманітарнага ўнівэрсытэту.

Пасьля акцыі на Плошчы Насту арыштавалі дома ў 3 гадзіны 20 хвілінаў ночы. Захоп 20-гадовай дзяўчыны ажыцьцяўляўся сіламі пятнаццаці супрацоўнікаў КДБ. Наста абвінавачваецца ў арганізацыі масавых беспарадкаў і ўдзеле ў іх.

17 лютага вечарам адпушчана пад падпіску аб нявыезьдзе.

8 сакавіка стала першай беларускай, якая атрымала Міжнародную жаночую прэмію за мужнасьць. Узнагароду ўручала дзяржсакратар ЗША Гілары Клінтан.

30 сакавіка абвінавачваньне перафармулявана на "арганізацыю дзеяньняў, якія груба парушаюць грамадзкі парадак, ці ўдзел у іх".

Аляксандр Фядута

Аляксандр Фядута
Журналіст, кандыдат філялягічных навук, грамадзкі актывіст. У 1994 годзе быў сябрам перадвыбарнага штабу А. Лукашэнкі, пасьля перамогі якога стаў начальнікам упраўленьня грамадзка-палітычнай інфармацыі Адміністрацыі прэзыдэнта. З 1995 году перайшоў у апазыцыю.

У часе прэзыдэнцкіх выбараў 2010 г. быў у штабе кандыдата ў прэзыдэнты Ўладзімера Някляева. Быў арыштаваны 20 сьнежня ва ўласнай кватэры і зьмешчаны ў СІЗА КДБ. Пры канцы сьнежня яму выставілі абвінавачаньне па крымінальнай справе — "масавыя беспарадкі".

30 сакавіка абвінавачваньне перафармулявалі на ч.1 арт.342 КК РБ — "арганізацыя дзеяньняў, якія груба парушаюць грамадзкі парадак, ці ўдзел у іх".

8 красавіка адпушчаны пад падпіску аб нявыезьдзе.

Віталь Рымашэўскі

Віталь Рымашэўскі
Нарадзіўся ў Менску 3 сакавіка 1975 году. Жанаты, выхоўвае дачку. Інжынэр-будаўнік, у 1997 г. скончыў Беларускі нацыянальны тэхнічны ўнівэрсытэт.

У 2002—2004 гг. сябра прэзыдыюму Беларускай нацыянальнай рады моладзевых і дзіцячых грамадзкіх арганізацый "Рада". Адзін з кіраўнікоў кампаніі "Ў абарону свабоды сумленьня і веравызнаньня ў Беларусі". Кіраўнік менскай арганізацыі стваранай Партыі БХД, сустаршыня аргкамітэту па стварэньні гэтай партыі.

Адзін з кандыдатаў у прэзідэнты на выбарах 2010 г. Падчас акцыі 19 сьнежня на плошчы Незалежнасьці зьбіты спэцназам. Затрыманы падчас разгону акцыі, зьмешчаны ў СІЗА КДБ, абвінавачаны па арт. 293 КК. З 31 сьнежня 2010 г. — пад падпіскай аб нявыезьдзе.

30 сакавіка абвінавачваньне перафармуляванае на "арганізацыю дзеяньняў, якія груба парушаюць грамадзкі парадак, ці ўдзел у іх".
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG