Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Суд над Някляевым, Рымашэўскім, Фядутам, Дзьмітрыевым, Вазьняком і Палажанкай. Другі дзень

абноўлена

6 траўня Фрунзенскі суд Менску працягвае разглядаць справу былых кандыдатаў на прэзыдэнта Ўладзімера Някляева і Віталя Рымашэўскага, а таксама сяброў штабу Някляева Андрэя Дзьмітрыева, Аляксандра Фядуты і Сяргея Вазьняка ды даверанай асобы Рымашэўскага Насты Палажанкі.

16.40 У судзе абвяшчаецца перапынак да 10-й раніцы 10 траўня.Фядуту шпіталізавалі.

16:35 Самаадчуваньне Аляксандра Фядуты не палепшылася.
Спадар Фядута папрасіў судзьдзю працягнуць разгляд справы ў яго адсутнасьць. Судзьдзя Жукоўская пасьля кансультацый з пракурорам і адвакатамі абвясьціла яшчэ адзін перапынак і паведаміла, што па Фядуту прыедзе брыгада хуткай дапамогі.

16:23
Фядута пайшоў у пакой для сьведак. Паводле прадстаўніка суду, у тым памяшканьні сьвяжэй, чым у агульнай залі. У залі суду даволі холадна, але адчуваецца недахоп паветра. У адказ на заўвагі ўдзельнікаў працэсу прадстаўніца суду сказала, што яна ня можа несьці адказнасьць за санітарныя нормы ў залі суду. У будынку суду няма буфэту ці сталоўкі, вельмі мала лавак і крэслаў, абмежаваныя магчымасьці для асабістай гігіены, піша Інтэрфакс.

16:15
Фядута знаходзіцца ў залі суду, на лаве зь іншымі абвінавачанымі па справе. Яго самаадчуваньне крыху палепшылася, перадае Інтэрфакс.

16.04 Аляксандру Фядуту стала дрэнна падчас працэсу. У судзе быў абвешчаны перапынак, перадае Інтэрфакс.

Фядута кажа пра дрэннае самаадчуваньне, просіць альбо адпусьціць яго, альбо зрабіць перапынак. Пракурор просіць абвясьціць перапынак. А Фядуту судзьдзя хоча выклікаць хуткую дапамогу.

15:39 Аляксандар Фядута просіць дазволіць яму выйсьці.
У судзе абвешчаны перапынак на 15 хвілінаў.

15:36 Пракурор пытаецца ў Някляева пра кампанію "Гавары праўду".

Някляеў кажа, што там ён быў лідэрам. Але гэта розныя кампаніі -- "Гавары праўду" і выбарчая.
Някляеў заявіў, што будзе прасіць, каб у суд выкллікалі Лукашэнку і Куляшова: Я хачу даведацца, хто аддаваў загады і хто гэта зрабіў


Някляеў распавядае пра арышт вясной 2010 году. Кажа, яму незразумела, за што арыштавалі, што тады не давалі ні есьці, ні піць. Ён сказаў, што не лічыў сябе палітыкам, лічыў паэтам.

Уладзімер Някляеў заявіў, што будзе прасіць, каб у суд зьявіліся даваць паказаньні прэзыдэнт Лукашэнка і кіраўнік МУС Антоль Куляшоў. "Я хачу даведацца, хто аддаваў загады і хто гэта зрабіў". Ён лічыць за неабходнае высьветліць ролю Куляшова ў гэтых падзеях, таксама ў зьбіцьці ўдзельнікаў масавай акцыі, перадае Інтэрфакс.

15:35 Някляў сваю прамову скончыў.

15:35 Някляеў кажа, што яго больш хвалюе ня тое, што будзе зь ім асабіста, а тое, што будзе з краінай. А лёс Беларусі цяпер у небясьпецы.

15:34
Судзьдзя зноў заклікае Някляева гаварыць па сутнасьці.

15:11 Судзьдзя заклікае Някляева гаварыць па сутнасьці абвінавачаньня, а не абмяркоўваць вынікі выбараў.

Някляеў кажа, што прыняў рашэньне ісьці на выбары пасьля таго, як вясной мінулага году яго і паплечнікаў арыштавалі. Ён прыводзіць дадзеныя НІСЭПД пра вынікі выбараў: 51,1% набраў Лукашэнка. Гэтую лічбу апублікавала газэта "Советская Белоруссия".
На плошчы стаялі ўсе яго сябры, і тыя, каго дыктатура зьнішчыла і выгнала ў эміграцыю. І я буду стаяць на гэтай плошчы!


Някляеў перайшоў да вынікаў рэфэрэндуму 1995 году, калі зьнішчылі нацыянальную сымболіку, замахнуліся на мову. Таму ён стаяў на плошчы 2001 году і на плошчы 2006 году. Паэт узгадвае дзіцячыя гады, як з маці ён маліўся пад яблыняй, бо не было царквы. На плошчы стаялі ўсе яго сябры, і тыя, каго дыктатура зьнішчыла і выгнала ў эміграцыю.

"І я буду стаяць на гэтай плошчы," – сказаў Някляеў. Ён кажа, што лаянкі ў беларускай мове няма, таму ніхто ня мог лаяцца з супрацоўнікамі ДАІ.

Някляеў адзначае, што 4 студзеня 2010 году ў Выбарчы кодэкс былі ўнесеныя зьмены. Але касмэтычныя рашэньні не прывялі да сыстэмных зьменаў. Ён распавядае пра стварэньне выбарчай камісіі за 5 хвілінаў, пра мізэрную колькасьць прадстаўнікоў дэмакратычных сілаў у выбаркамах.

Някляеў кажа, што ісьці на плошчу – гэта традыцыя, гэта сьвята. А плошча – гэта сьвятыня, куды дзеці будуць прыходзіць з кветкамі. Ён спадзяецца, што суд прызнае яго і ягоных сяброў невінаватымі.


14:45 Уладзімер Някляеў пачынае даваць паказаньні.

Някляеў кажа пра залю суду, якая нагадвае тыя, дзе ён сустракаўся зь людзьмі. Мы ўсе трапілі сюды выпадкова -- і ён сам, і судзьдзя, і пракурор. Наша грамадзтва стараюцца разарваць. "У возера бераг адзін, і ўсе мы на адным беразе... Удзячны ўсім паплечнікам па кампаніі, адчуваю маральны абавязак перад тымі, каго пасадзілі... Я хацеў адзін узяць віну на сябе. Але патрэбны былі масавыя суды. Калі ён зможа дапамагчы ім, дапаможа", – сказаў Някляеў.
Удзячны ўсім паплечнікам па кампаніі, адчуваю маральны абавязак перад тымі, каго пасадзілі... Я хацеў адзін узяць віну на сябе


Някляеў пераходзіць непасрэдна да абвінавачаньняў. Лічыць, што там распавядаецца пра нейкага іншага Някляева. Ён не зрабіў нічога, у чым яго абвінавачваюць. Там усё пра тое, што ён нібыта плянаваў. Узгадвае Дастаеўскага, памкненьні Раскольнікава. Кажа, што каб на ўсіх судовых працэсах дамагаліся б дазнацца праўды, то інцыдэнт са зьбіцьцём кандыдата ў прэзыдэнты быў бы ў цэнтры ўвагі. Някляеў хоча даведацца, хто даваў загад.

Ён зноў вяртаецца да абвінавачаньня, дзе гаворыцца пра праезную частку. Ён кажа, што праезнай часткі там няма. Упоперак дарогі ДАІ паставіла машыну. Пытаецца: гэта нармальныя дзеяньні? А калі б ехала машына? Ён адзначае, што яшчэ нічога ня вызначана, а напісана пра незаконныя дзеяньні.

Някляеў выступае вельмі эмацыйна, з адступленьнямі. Узгадвае, як падчас выбарчай кампаніі яго машыну спынялі 21 раз. Таму выснова – яго трэба было затрымаць, пакуль ня скончацца дзеяньні на плошчы. Ён узгадвае "маладога рэжысэра" Генадзя Давыдзьку, які ў сваім фільме паказаў нават зброю.

Някляеў кажа, што 19 сьнежня ў 19.10 выйшаў на вуліцу, а ў 19.17 атрымаў чэрапна-мазгавую траўму. Гэта зафіксавана дакумэнтальна. У абвінавачаньні ўзгадваецца 2009 год, калі не было ні "Гавары праўду", ні памкненьняў ісьці на выбары. Яго ўдзел у падзеях 19 сьнежня доўжыўся роўна 7 хвілінаў. Някляеў кажа, што выступае ня толькі ў сваю абарону, але і ў абарону ўсіх сяброў і тых, хто сядзіць. Паэт цытуе дакумэнт: "У пэрыяд з 18 лістапада да 18 сьнежня Някляеў заклікаў людзей выйсьці на плошчу".

"Дзе, у якой краіне прэзыдэнцкая кампанія доўжыцца месяц?" – пытае Някляеў.

Някляеў разважае наагул пра прэзыдэнцкія выбары. Кажа, што толькі выбары 1994 году былі дэмакратычнымі і непадкантрольнымі ўладам. Ён цытуе Лукашэнку, калі той выступаў перад украінскімі журналістамі і казаў пра 93%, якія давялося зьменшыць, каб зрабіць праўдападобна. Зноў цытуе Лукашэнку, калі той казаў перад расейскімі журналістамі, што апазыцыйных кандыдатаў падтрымаў больш за 1 мільён чалавек.


14:04 Працэс аднавіўся. У судзе выступае Наста Палажанка.

Палажанка кажа, што ёй прыкра за тое, што мы вымушаны губляць час, каб у апошні момант пачуць неабгрунтаваны прысуд. Яна сказала, што прамаўляць ня будзе.

Пракурор распытваецца пра "Малады фронт".

Наста распавядае, якую ролю адыгрываў "Малады фронт": агітаваў.

Пракурор пытаецца, калі яна пачула пра плошчу. Наста сказала, што канкрэтны момант ня памятае. Яна мела намер прыйсьці на плошчу, каб выказаць сваё стаўленьне да прэзыдэнцкіх выбараў, якія адбыліся. Яна таксама ў прыватных размовах запрашала на плошчу сваіх знаёмых. Дапамагала іншагароднім уладкавацца на начлег. Менавіта сваім знаёмым.

Пракурор пытаецца, ці затрымлівалася Наста з 8 па 19 сьнежня.

Палажанка распавядае, як яе разам зь сябрам затрымлівалі 2 разы. У машыне ляжала каля 10 спальнікаў. Яна тлумачыць, што звычайна лідэраў затрымліваюць перад важнымі падзеямі. Яе сябар хацеў зьмяніць месца жыхарства. Калі б яны рыхтаваліся да намётавага лягера, мяшкоў было б некалькі сотняў, а ня 10.

Пракурор дапытваецца, каго канкрэтна Наста запрашала на плошчу, дзе яны разьмяшчаліся, дзе яна знаходзілася ў ноч з 18 на 19 сьнежня.

Пракурор пераходзіць да падзеяў 19 сьнежня.

Наста распавядае, што ў першай палове дня шукала свайго сябра Зьмітра Дашкевіча, якога затрымалі напярэдадні. Потым была на вуліцы Ўльянаўскай.

Пракурор пытаецца, ці бачыла яна Віталя Рымашэўскага, з кім пайшла на плошчу, што адбывалася на Прывакзальнай плошчы, пра што яна прамаўляла.

Пракурор удакладняе, ці заклікала яна з Прывакзальнай плошчы ісьці на Кастрычніцкую.

Наста распавядае, што па ходніках яны пайшлі на Кастрычніцкую плошчу. Потым зьявілася інфармацыя пра зьбіцьцё Ўладзімера Някляева. Людзі засмуціліся.

На Кастрычніцкай плошчы Наста не выступала. Кандыдаты зьвярталіся да свайго электарату. Далей людзі рушылі да плошчы Незалежнасьці. Людзей было вельмі шмат. Кіроўцы сыгналамі віталі людзей, што выходзілі на праспэкт. Сама яна рушыла па праезнай частцы. Ніхто не паводзіў сябе агрэсіўна, не закрываў праходы.


13:13 У судзе абвешчаны перапынак да 14:00.


13:08 Дзьмітрыеў распавядае пра свае ўяўленьні пра бясьпеку на плошчы: наяўнасьць мэдпункту, месцы для прэсы, узаемадзеяньне дружын з супрацоўнікамі міліцыі і г. д.

Адвакаты задаюць Дзьмітрыеву ўдакладняльныя пытаньні: колькі часу прайшло, чаму супрацоўнікі міліцыі не зьвярнуліся да кіроўцы мікрааўтобуса, а накіраваліся да натоўпу? Пытаюцца, каму яшчэ аказвалася мэдычная дапамога, акрамя Някляева. Дзьмітрыеў кажа, што камусьці аказвалася. Але самая вялікая дапамога была аказана менавіта Някляеву.
Дзьмітрыеў распавядае пра свае ўяўленьні пра бясьпеку на плошчы: наяўнасьць мэдпункту, месцы для прэсы, узаемадзеяньне дружын з супрацоўнікамі міліцыі


Адвакатка пытаецца, ці падалося Дзьмітрыеву, што Някляеў прыкідваўся, што насамрэч яму было ня так дрэнна. Дзьмітрыеў кажа, што не. У яго была вялізная гематома, Някляеў ледзь рухаўся.

Судзьдзя не дае адвакатцы задаваць удакладняльныя пытаньні пра дзеяньні людзей у чорным.



12:53 Пасьля людзі вырашылі, што трэба рушыць на Кастрычніцкую плошчу. Дайшлі туды каля паловы на дзявятую. Каля Палаца прафсаюзаў ужо выступалі кандыдаты ў прэзыдэнты, але іх глушыла музыка зь лядовага катка. Дзьмітрыеў кажа, што колькасьць людзей было складана ацаніць. Ён кажа, што перад ім стаялі тысячы тры. Дзьмітрыеў дайшоў да прыступак і сказаў, што Някляеў зьбіты, трэба стварыць раду па арганізацыі новых выбараў. Далей былі выступы кандыдатаў, потым пачаўся рух у бок плошчы Незалежнасьці. Ішлі па праезнай частцы праспэкту Незалежнасьці. Дзьмітрыеў кажа, што ішоў у сярэдзіне калёны.

Пракурор пытаецца, што было далей.

Андрэй распавядае, што супрацоўнікі ДАІ перанакіравалі транспартныя плыні, машын не было.

Адвакат пытае, ці перашкаджаў мікрааўтобус з апаратурай руху на вуліцы Калектарнай. Дзьмітрыеў кажа, што не.


12:35 Дзьмітрыеў распавядае, як рыхтаваліся выйсьці са штабу. Пачалі арганізоўваць людзей, было чалавек 70. Ня ведае, хто займаўся гукаўзмацняльнай апаратурай; арандавалі аўтамабіль актывісты менскага гарадзкога штабу. Баяліся правакацыяў, таму абкружылі аўтамабіль з апаратурай.

Пракурор пытаецца пра падзеі на вуліцы Калектарнай.

Дзьмітрыеў распавядае, што міліцыянты ў форме папрасілі паказаць, што знаходзіцца ў аўтамабілі.

Дзьмітрыеў спрабаваў зрабіць так, каб яны не змаглі агледзець. Ён кажа, што яны зь Някляевым не хацелі паказваць, што там. Магчыма, гэта было на павышаных тонах. Далей ззаду пачуліся выбухі, а людзі паспрабавалі адсунуць машыну. Дзьмітрыеў сказаў супрацоўніку ДАІ: "Мы зараз вашу машыну аднясем на руках".

Ён не адразу зразумеў, што адбываецца. Людзі ў чорным наляцелі, усіх паклалі тварамі ў сьнег. Ён чуў, як Някляеў крычаў: "Не чапайце людзей!".

Удакладняюць, што стала зь мікрааўтобусам, у якім была гукаўзмацняльная апаратура.

Дзьмітрыеў асабіста ня бачыў, як Някляева білі. Потым Някляева паднялі, бо сам устаць ён ня змог. Прыехала карэта хуткай дапамогі, лекары сказалі, што Някляева неабходна шпіталізаваць.


12:08 Андрэй Дзьмітрыеў адказвае на пытаньні.

Адмаўляецца адказваць на пытаньне пракурора пра яго абавязкі ў кампаніі "Гавары праўду". Кажа, што гэта ня мае дачыненьня да справы.

Адвакат Тамара Сідарэнка пярэчыць пракурору.

Пракурор пытаецца, якія варыянты разьвіцьця падзеяў абмяркоўваліся па-за межамі Беларусі.

Дзьмітрыеў кажа, што ня памятае – даўно было.

Пракурор пытаецца, ці абмяркоўваліся варыянты разьвіцьця падзеяў зь іншымі кандыдатамі.

Адвакат просіць удакладніць пытаньне.

Пракурор распытвае менавіта пра абмеркаваньне па-за межамі Беларусі.

Дзьмітрыеў кажа, што ня памятае.

Пракурор пытаецца, адкуль паступіла прапанова ўдзельнічаць у выбарчай кампаніі Някляева і калі гэта было.

Дзьмітрыеў кажа, што запрасіў сам Някляеў. Летам ці ўвосень.

Пракурор пытаецца пра абавязкі Дзьмітрыева.

Дзьмітрыеў распавядае, што быў кіраўніком штабу, займаўся агульнымі кірункамі. Праводзіў сустрэчы з выбарцамі.

Пракурор пытаецца, якім чынам Дзьмітрыеў заклікаў людзей на плошчу.

Дзьмітрыеў адказвае, што праз інтэрнэт, на сустрэчах, на мітынгу на плошчы Свабоды.

Пракурор пытаецца, якім чынам распаўсюджваліся агітацыйныя матэрыялы і ці аплачваўся распаўсюд.

Андрэй кажа, што валянтэры распаўсюджвалі дабрачынна.

Пракурор пытаецца; ці былі заклікі прыйсьці на плошчу пасьля вынясеньня афіцыйнага папярэджаньня?

Дзьмітрыеў адказвае, што так. Перакананы, што ёсьць гістарычныя моманты, калі трэба выказваць сваю грамадзянскую пазыцыю. Ён адзначае, што Някляеў ня раз запрашаў абмяркоўваць пытаньні бясьпекі разам, у тым ліку зьвяртаўся да праваахоўных органаў з тэлеэкрану.


12:00 У абвінавачаньні сказана, што Дзьмітрыеў ішоў у галаве калёны. Насамрэч ён ішоў у цэнтры калёны. Ён разважае пра "страчаную выгаду". Лічыць, што гэта немагчыма палічыць. Дзьмітрыеў прызнае сваю віну часткова. Згадвае інцыдэнт на вуліцы Калектарнай. Прызнае, што заклікаў людзей ісьці на плошчу. І ўсё.


11:54 Паводле Дзьмітрыева, Някляеў заклікаў міліцыянтаў у сваіх выступах па БТ да мірнай плошчы.
У нас была адна праблема: як зрабіць плошчу мірнай. Мы разумелі, што калі зьбярэцца вялікая колькасьць людзей, будуць праблемы з рухам транспарту


"Усе ведалі, што мітынг будзе несанкцыянаваны, але ён усё адно адбудзецца. Някляеў хацеў гэта абмеркаваць з праваахоўнымі органамі, але ўсе казалі: маўляў, давайце зробім гэта пазьней. Мы падрыхтавалі дружыну, якая павінна была рушыць ад офісу. У нас была адна праблема: як зрабіць плошчу мірнай. Мы разумелі, што калі зьбярэцца вялікая колькасьць людзей, будуць праблемы з рухам транспарту. Мы хацелі пра гэта пагутарыць з уладамі. Падчас самой акцыі ДАІ не перашкаджала руху. Калі ішлі пасьля нападу на Някляева, нас было няшмат, і мы не парушалі правілаў. Ішлі на зялёнае сьвятло, і гэта было магчыма. Але на плошчу ішло вельмі шмат народу. І калі б яны пайшлі ў падземны пераход, магла б здарыцца трагедыя," – кажа Дзьмітрыеў.

Дзьмітрыеў кажа, што выбарчая кампанія Някляева не фінансавалася кампаніяй "Гавары праўду" і Расеяй. Інакш ЦВК заўважыла б. Ён распавядае, што ўся атрыбутыка рабілася за кошт выбарчага фонду. Ніякая атрыбутыка адмыслова для плошчы не выраблялася, выкарыстоўваліся рэсурсы і атрыбутыка, якія ўжо былі. Паплечнікі Някляева не хацелі ніякіх сілавых захадаў, а хацелі дамовіцца.

Дзьмітрыеў прызнае, што заклікаў прыхільнікаў сабрацца на мітынг. Прызнае, што з вуліцы Калектарнай з гукаўзмацняльнай апаратурай хацелі рушыць на плошчу. Апаратура патрэбная была, найперш, каб захоўваць правапарадак.

Дзьмітрыеў кажа, што на Калектарнай не дазволіў супрацоўніку ДАІ агледзець машыну. Тлумачыць гэта эмацыйным фонам. Кажа, што апаратуру трэба было захаваць, каб правесьці менавіта мірную акцыю. Яны асьцерагаліся, што калі канфіскуюць апаратуру, то ня будзе магчымасьці кантраляваць сытуацыю.

Дзьмітрыеў адзначае, што ўвечары 19-га сьнежня яны ўжо ведалі, што выбарчая кампанія праведзена са значнымі парушэньнямі заканадаўства. Менавіта таму заклікалі прыйсьці на плошчу, каб паразмаўляць, выбары былі легітымнымі ці не. Раней пасьля выбараў зьбіраліся менавіта на Кастрычніцкай плошчы, таму туды і прыйшлі людзі.

Дзьмітрыеў прызнае, што на мітынгу 19 сьнежня ён выступаў перад людзьмі, бо Някляеў за паўгадзіны да гэтага быў зьбіты. "Я абавязаны быў распавесьці, што адбылося насамрэч".


11:33 Пачаўся допыт Андрэя Дзьмітрыева.

Ён кажа, што прызнае віну часткова. У ягонай дзейнасьці ёсьць эпізоды непадпарадкаваньня, заклікі да ўдзелу ў несанкцыянаваным мерапрыемстве.
Праект, які распрацоўвала кампанія "Гавары праўду", ніколі ня ўтрымліваў мэты парушаць грамадзкі парадак


Аднак шмат з чым Дзьмітрыеў ня згодны. Праект, які распрацоўвала кампанія "Гавары праўду", ніколі ня ўтрымліваў мэты парушаць грамадзкі парадак. Кампанія займалася грамадзкімі акцыямі, якія не вялі да парушэньня парадку. Пазьней пачалася іншая кампанія – вылучэньне Ўладзімера Някляева кандыдатам у прэзыдэнты. Але ня ўсе сябры "Гавары праўду" пайшлі ў тую кампанію за Някляевым.

Кампанія "Гавары праўду" – зусім іншы працэс. Плянаваліся зусім іншыя сцэнары.

Выбары 2001 і 2006 гадоў завяршаліся плошчай. Таму мы меркавалі, што гэтыя выбары таксама скончацца плошчай. Але гэта проста разуменьне разьвіцьця падзеяў.

Дзьмітрыеў кажа, што выбары прызнаюцца згодна зь міжнароднымі стандартамі. Гэта не залежыць ад меркаваньняў таго ці іншага кандыдата. "Гавары праўду" ніколі не заклікала да ўвядзеньня візавых санкцыяў.

"Мы за тое, каб у дачыненьні да Беларусі не было ніякіх санкцыяў. Някляеў да гэтага ніколі не заклікаў, рашэньне пра санкцыі прымаецца пэўнымі краінамі без уліку меркаваньня Някляева, Дзьмітрыева ці іншых", – кажа Дзьмітрыеў.
Ён адзначае, што "Гавары праўду" – сацыяльная кампанія, ніхто не атрымліваў прыбытку.
Мы за тое, каб у дачыненьні да Беларусі не было ніякіх санкцыяў. Някляеў да гэтага ніколі не заклікаў


"Па мэтадалёгіі бізнэсу мы толькі аналізавалі эфэктыўнасьць, што рабілі правільна, што не. Папярэдне не было дамоўленасьці зь іншымі кандыдатамі, што мы будзем рабіць на плошчы. Абмяркоўвалі пытаньні бясьпекі, тое, што плошча павінна быць мірнай", – кажа Дзьмітрыеў.


11:32 Адвакатка пытаецца, у якіх адносінах Рымашэўскі з Палажанкай. Рымашэўскі адказаў, што ў сяброўскіх. Аднак яны ў розных кампаніях.

Фядута пытаецца, якую роля магла на Плошчы адыграць наяўнасьць гукаўзмацняльнай апаратуры. Рымашэўскі кажа: каб празь яе вялася камунікацыя зь людзьмі, каб арганізоўваць парадак.

Пытаньні да Рымашэўскага скончыліся.


11.25 Адвакат пытаецца ў Рымашэўскага, ці не справакавала беспарадкі здарэньне зь Някляевым.

Гэта пытаньне выклікала адмоўную рэакцыю прысутных у залі.

Адвакат Букштынаў пытаецца: ці абмяркоўвалі дэманстранты, прыйшоўшы на плошчу, сытуацыю, якая склалася зь Някляевым?

Рымашэўскі кажа, што так. Было вялікае абурэньне і асуджэньне ў людзей. Выказваліся вэрсіі, што гэта зрабілі праваахоўныя органы.


11:15 Пракурор удакладняе, дзе йшоў Рымашэўскі падчас руху калёны.
Пракурор не зразумеў, што азначае слова "ходнік". Рымашэўскі заклікаў яго вывучаць беларускую мову


Распавядае пра перамовы з супрацоўнікамі ДАІ каля Кастрычніцкай, каб дазволілі ісьці па праезнай частцы. Тыя настойвалі, каб людзі крочылі па ходніках.

Пракурор не зразумеў, што азначае слова "ходнік". Рымашэўскі заклікаў яго вывучаць беларускую мову.

Пракурор кажа, што Рымашэўскі не падпарадкаваўся супрацоўніку ДАІ, парушыў яго патрабаваньне.

Пракурор пытаецца, у чым канкрэтна ён прызнае віну часткова.

Рымашэўскі кажа, што не зусім разумее кваліфікацыю віны. Лічыць, што не было грубага непадпарадкаваньня супрацоўнікам улады. Кажа, што канкрэтна прайшоўся па кожным пункце абвінавачваньня.


11:04 Рымашэўскі кажа, што бальшыня людзей мела мірныя намеры. Ён усьведамляе сваю маральную адказнасьць за тое, што было на плошчы.

Робіць закід у бок суду, які забараняе паркоўку каля будынка. Кажа, тое, што было на плошчы, магло і ня здарыцца. Была ж мірная акцыя 24 лістапада. Зноў паўтарае пра свой маральны абавязак. Але міліцыя таксама павінна была дзейнічаць інакш.

Пракурор пытаецца, якім чынам яны зьбіраліся захоўваць парадак?

Рымашэўскі распавядае пра дружыну, пра заклікі мірнага характару. На плошчы Незалежнасьці ён заклікаў усіх хрысьціянскіх дэмакратаў, людзі яму таксама дапамагалі.


10:58 Судзьдзя пытаецца, чаму заклікалі прыйсьці на Кастрычніцкую плошчу, бо там жа 9 сьнежня ўжо быў заліты каток. Рымашэўскі кажа, што каток займаў ня ўсю плошчу.


10:52 Абвінаваўца пытаецца, ці было яму вядома пра рашэньне Менгарвыканкаму?

Рымашэўскі кажа, што не.

Высьвятляюць, ці падавалася заяўка. Кажа, што асабіста не рабіў гэтага, заяўкай займаліся іншыя.

Рымашэўскі кажа, што зьбіраліся падаваць заяўку за 3 дні ( падчас выбарчай кампаніі можна за 3 дні). Але ім адказалі, што 19 сьнежня – ужо не перадвыбарчы дзень.

Пракурор запытаўся, ці былі заклікі прыйсьці на плошчу пасьля вынясеньня афіцыйнага папярэджаньня, пасьля 10 сьнежня.


10.01 Пачаўся працэс. Рымашэўскі дае паказаньні.

Рымашэўскі пацьвердзіў, што згодны даваць паказаньні часткова. Дае тлумачэньні.
Зачытвае фрагмэнт з абвінавачаньня на расейскай мове. Судзьдзя просіць размаўляць на адной мове


Згодны, што заклікаў людзей на плошчу. Лічыць, што яго заклікі выйсьці на плошчу былі незаконнымі. Але да вынясеньня папярэджаньня заклікі былі законнымі. Перайшоў з расейскай мовы на беларускую.

Арганізавалі дружыну, каб не дапусьціць правакацыяў. Папярэдзіў усіх, што акцыя носіць мірны характар. На Кастрычніцкую плошчу рушылі па ходніках. На плошчы была вялікая колькасьць народу.

Рымашэўскі лічыць, што калі ў нас дэмакратычная краіна, то кожны мае права на выказваньне сваіх меркаваньняў. Зачытвае фрагмэнт з абвінавачаньня на расейскай мове. Судзьдзя просіць размаўляць на адной мове. У абвінавачаньні зачапіўся за фразу "заведама непраўдзівыя патрабаваньні". Кажа, што такіх патрабаваньняў не было.

Кажа, што ніхто не зьбіраўся груба парушаць грамадзкі парадак, як напісана ў абвінавачаньні. Настойвае на тым, што акцыя павінна быць мірнай ад самага пачатку. Рымашэўскі пытаецца: што суд лічыць парушэньнем грамадзкага парадку?

Паводле Рымашэўскага, кандыдаты, якія сабраліся на ганку Палаца прафсаюзаў, раіліся, як і дзе выступаць, бо на плошчы грымела папсовая музыка. Ніякіх заклікаў міліцыі не было чуваць. Казалі пра тое, што можна пайсьці да адміністрацыі прэзыдэнта і выказаць нязгоду там. Але гэта была ідэя не Рымашэўскага, а нейкага іншага кандыдата. Ён кажа, што калі выйшлі на плошчу, разумелі, што трэба скаардынаваць дзеяньні ўсіх кандыдатаў.

Далей пачаўся рух. Ён ня йшоў першым, і ягоны рух таксама ня быў у першых шэрагах.

Зь відэаматэрыялаў Рымашэўскі бачыў, што прарывалі ачапленьне людзі, якія сёньня не прыцягнутыя да адказнасьці. Спачатку быў рух да Адміністрацыі, але ён спыніўся. Рымашэўскі кажа, што, хутчэй за ўсё, там было яшчэ адно ачапленьне. Людзі рушылі да плошчы Незалежнасьці. Ен прасіў міліцыянтаў дазволіць рух па праезнай частцы, бо там былі падземныя пераходы.

У раёне кінатэатра "Цэнтральны" ён паспрабаваў дагнаць галаву калёны, каб даведацца, што будуць рабіць далей. Дагнаў каля Чырвонага касьцёла. Там было некалькі выступаў, але месца нязручнае – шкляная падлога.

Калі ён падышоў да Дома ўраду, там ужо білі шкло. Ён спрабаваў спыніць гэтыя дзеяньні. Уваход шырокі да Дома ўраду, у іншых месцах працягвалі біць. Ён пайшоў па дапамогу да сваіх людзей, каб дапамаглі спыніць біцьцё. Не разьлічваў, што пакараньні потым будуць такія суровыя. Не хацеў, каб дзеяньні стваранай партыі БХД потым асацыяваліся з такімі дзеяньнямі.

Ён застаўся на прыступках, каб размаўляць з камандзірам АМАПу, але атрымаў двойчы дубінкай па галаве. Яго павялі ў бок машыны, каб аказаць дапамогу. Але гэта была ня хуткая дапамога, а міліцэйская машына. Калі ўбачыў, што спэцназ пачаў разганяць людзей, заклікаў спыніцца.

Рымашэўскі лічыць, што было толькі спыненьне транспарту на кароткі час. Астатняе, кшталту стратаў "Макдональдсу", – надуманае. Кажа, што падзел людзей на апазыцыю і міліцыю штучны. Кажа, што заклікаў у тэлевыступе іншых кандыдатаў сабрацца і скаардынаваць дзеяньні, каб быць кансалідаванымі. Разумее, што асобна ні ён, ні нехта адзін зь іншых кандыдатаў, паасобку, ня мог каардынаваць парадак на плошчы.

Дружына трымала парадак у ягонай калёне, пацьверджаньне таму – тое, што кіраўнік дружыны Кабанчук на волі, ён таксама даваў паказаньні. Рымашэўскі кажа, што забароны зьбірацца на плошчы не павінна быць. Да таго ж там бываюць мерапрыемствы нават з продажам сьпіртнога. Лічыць нармальным, калі на цэнтральнай плошчы зьбіраюцца людзі пад сваімі сьцягамі. Права зьбірацца на сходы, выказваць свае думкі ёсьць у кожнай цывілізаванай краіне.

Адзначае, што ад самага пачатку намеры былі мірныя. Узгадвае іншыя акцыі БХД 2010 году, якія прайшлі без затрыманьняў і парушэньня парадку.

Рымашэўскі лічыць, што галоўным у судовай практыцы павінна быць роўнасьць усіх перад законам. У 2001 годзе пасьля выбараў таксама быў нават захоп Палаца прафсаюзаў. А сёньня па крымінальнай справе праходзіць бальшыня кандыдатаў у прэзыдэнты. Да ўсіх удзельнікаў плошчы можна было абмежавацца адміністрацыйнымі пакараньнямі.

Ён як кандыдат мае маральны абавязак і вінаваты перад тымі, хто ўжо асуджаны на вялікія тэрміны.



9:56 У залі Аляксандар Фядута, Сяргей Вазьняк, Наста Палажанка, Андрэй Дзьмітрыеў. Някляева вывелі ў нейкі пакой, што збоку. Прыйшоў Віталь Рымашэўскі.

9:50 Прывялі Ўладзімера Някляева. Ён гучна павітаўся з прысутнымі. У залі зноў два шэрагі занялі невядомыя з кароткімі стрыжкамі. Тут жа назіральнікі АБСЭ, журналісты.


Усіх падсудных абвінавачваюць у арганізацыі групавых дзеяньняў, якія груба парушылі грамадзкі парадак, альбо ва ўдзеле ў іх. Максымальнае пакараньне паводле гэтага артыкула — да 3 гадоў зьняволеньня.

Пісьменьнік Арлоў пра Някляева
пачакайце

No media source currently available

0:00 0:02:45 0:00
Наўпроставы лінк


Суд над Някляевым, Рымашэўскім, Фядутам, Дзьмітрыевым, Вазьняком і Палажанкай. Першы дзень

Cуды за Плошчу

Андрэй Дзьмітрыеў

Андрэй Дзьмітрыеў
Нарадзіўся 17 траўня 1981 года ў Менску. Вучыўся ў Эўрапейскім гуманітарным унівэрсытэце на факультэце філязофіі. У 2000-2001 гг. служыў у войску. З 2001 г. – сябра АГП.

Быў затрыманы сярод іншых актывістаў 18 траўня 2010 г., калі ўлады спрабавалі разагнаць грамадзянскую кампанію “Гавары праўду”, у якой Андрэй браў удзел.

У 2005-2009 гг. меў свой бізнэс, зьяўляўся дырэктарам кансалтынгавай кампаніі.

Кіраваў штабам кандыдата на прэзыдэнты Ўладзіміра Някляева. Затрыманы ў ноч на 20 сьнежня пасьля акцыі пратэсту ў цэнтры Менска, абвінавачаны паводле артыкулу – “масавыя беспарадкі”. 3 студзеня 2011 г. выпушчаны зь СІЗА КДБ пад падпіску аб нявыезьдзе. 30 сакавіка абвінавачваньне перафармулявана – “арганізацыя дзеяньняў, што груба парушаюць грамадзкі парадак, ці ўдзел у іх”.

Уладзімер Някляеў

Уладзімер Някляеў
Кандыдат на прэзыдэнта на выбарах 2010 г. Нарадзіўся 11 ліпеня 1946 году ў Смаргоні.

У 2010 г. ініцыяваў стварэньне грамадзянскай кампаніі "Гавары праўду", якой улады пазьней адмовілі ў рэгістрацыі.

19 сьнежня быў зьбіты да непрытомнасьці ў цэнтры Менску па шляху на мірную акцыю пратэсту. З чэрапна-мазгавой траўмай трапіў у шпіталь хуткай дапамогі. Празь некалькі гадзінаў быў адтуль выкрадзены супрацоўнікамі спэцслужбаў.

Апынуўся ў СІЗА КДБ, быў абвінавачаны па артыкуле "Масавыя беспарадкі". З моманту зьбіцьця 19 сьнежня да пераводу пад хатні арышт 29 студзеня перанёс чатыры гіпэртанічныя крызы і ня меў магчымасьці сустрэцца з адвакатам.

17 лютага агульны сход ПЭН-цэнтру прыняў рашэньне вылучыць яго на Нобэлеўскую прэмію.

30 сакавіка абвінавачваньне перафармулявана на "арганізацыю дзеяньняў, якія груба парушаюць грамадзкі парадак, ці ўдзел у іх".

Віталь Рымашэўскі

Віталь Рымашэўскі
Нарадзіўся ў Менску 3 сакавіка 1975 году. Жанаты, выхоўвае дачку. Інжынэр-будаўнік, у 1997 г. скончыў Беларускі нацыянальны тэхнічны ўнівэрсытэт.

У 2002—2004 гг. сябра прэзыдыюму Беларускай нацыянальнай рады моладзевых і дзіцячых грамадзкіх арганізацый "Рада". Адзін з кіраўнікоў кампаніі "Ў абарону свабоды сумленьня і веравызнаньня ў Беларусі". Кіраўнік менскай арганізацыі стваранай Партыі БХД, сустаршыня аргкамітэту па стварэньні гэтай партыі.

Адзін з кандыдатаў у прэзідэнты на выбарах 2010 г. Падчас акцыі 19 сьнежня на плошчы Незалежнасьці зьбіты спэцназам. Затрыманы падчас разгону акцыі, зьмешчаны ў СІЗА КДБ, абвінавачаны па арт. 293 КК. З 31 сьнежня 2010 г. — пад падпіскай аб нявыезьдзе.

30 сакавіка абвінавачваньне перафармуляванае на "арганізацыю дзеяньняў, якія груба парушаюць грамадзкі парадак, ці ўдзел у іх".

Аляксандр Фядута

Аляксандр Фядута
Журналіст, кандыдат філялягічных навук, грамадзкі актывіст. У 1994 годзе быў сябрам перадвыбарнага штабу А. Лукашэнкі, пасьля перамогі якога стаў начальнікам упраўленьня грамадзка-палітычнай інфармацыі Адміністрацыі прэзыдэнта. З 1995 году перайшоў у апазыцыю.

У часе прэзыдэнцкіх выбараў 2010 г. быў у штабе кандыдата ў прэзыдэнты Ўладзімера Някляева. Быў арыштаваны 20 сьнежня ва ўласнай кватэры і зьмешчаны ў СІЗА КДБ. Пры канцы сьнежня яму выставілі абвінавачаньне па крымінальнай справе — "масавыя беспарадкі".

30 сакавіка абвінавачваньне перафармулявалі на ч.1 арт.342 КК РБ — "арганізацыя дзеяньняў, якія груба парушаюць грамадзкі парадак, ці ўдзел у іх".

8 красавіка адпушчаны пад падпіску аб нявыезьдзе.

Сяргей Вазьняк

Сяргей Вазьняк
Нарадзіўся 14 красавіка 1962 г. Галоўны рэдактар газэты "Товарищ", грамадзкі актывіст, сябра Праўленьня ГА "БАЖ". Быў адным з арганізатараў стварэньня Партыі камуністаў Беларусі, у 2009 годзе перайменаванай у Беларускую партыю аб’яднаных левых "Справядлівы сьвет".

У часе прэзыдэнцкіх выбараў 2010 г. працаваў у штабе кандыдата ў прэзыдэнты Ўладзімера Някляева.

Быў арыштаваны 20 сьнежня ва ўласнай кватэры і зьмешчаны ў СІЗА КДБ. Пры канцы сьнежня яму выставілі абвінавачаньне па крымінальнай справе — "масавыя беспарадкі".

Ад 29 сьнежня мера стрыманьня зьменена на падпіску аб нявыезьдзе.

30 сакавіка 2011 г. абвінавачаньне перафармулявана на "арганізацыю дзеяньняў, якія груба парушаюць грамадзкі парадак, ці ўдзел у іх".

Наста Палажанка

Наста Палажанка
Намесьніца старшыні "Маладога Фронту". Наста нарадзілася 2 жніўня 1990 году ў Менску. З 1997 па 2008 гг. вучылася ў 73-й менскай школе. З 2008 г. — студэнтка факультэту філязофіі і палітычных навук Эўрапейскага гуманітарнага ўнівэрсытэту.

Пасьля акцыі на Плошчы Насту арыштавалі дома ў 3 гадзіны 20 хвілінаў ночы. Захоп 20-гадовай дзяўчыны ажыцьцяўляўся сіламі пятнаццаці супрацоўнікаў КДБ. Наста абвінавачваецца ў арганізацыі масавых беспарадкаў і ўдзеле ў іх.

17 лютага вечарам адпушчана пад падпіску аб нявыезьдзе.

8 сакавіка стала першай беларускай, якая атрымала Міжнародную жаночую прэмію за мужнасьць. Узнагароду ўручала дзяржсакратар ЗША Гілары Клінтан.

30 сакавіка абвінавачваньне перафармулявана на "арганізацыю дзеяньняў, якія груба парушаюць грамадзкі парадак, ці ўдзел у іх".

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG