Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Суд над Някляевым, Рымашэўскім, Фядутам, Дзьмітрыевым, Вазьняком і Палажанкай. Сёмы дзень

абноўлена

14 траўня Фрунзенскі суд Менску працягвае разглядаць справу былых кандыдатаў на прэзыдэнта Ўладзімера Някляева і Віталя Рымашэўскага, а таксама сяброў штабу Някляева Андрэя Дзьмітрыева, Аляксандра Фядуты і Сяргея Вазьняка ды даверанай асобы Рымашэўскага Насты Палажанкі.

15.35 Абвешчаны перапынак да 10.00 16 траўня.

15.15 Пракурор прагартаў тамы №18- №20. Узяўся за 23-ці і 24-ці

Адвакат кажа, што дадзеныя тамы не тычацца справы, таму агалошваць іх ня трэба. Пракурор кажа, што ёсьць парадак, Крымінальна-працэсуальны кодэкс трэба выконваць.


14.58 Пракурор пераходзіць да тома №18.

14.20 Пракурор пераходзіць да тому №15. Матэрыялы тычацца Насты Палажанкі.

Пракурор чытае неразборліва.

Адвакатка распавядае, што яе падабаронная знаходзілася пад вартай 2 месяцы, адвакатцы не давалі магчымасьцяў сустракацца ня толькі сам-насам са сваёй падабароннай, але яе не дапускалі і на сьледчыя дзеяньні.

Насту неаднаразова дапытвалі без адваката. Адвакатка неаднаразова падавала скаргі.

Пракурор чытае, што праслухоўваньне тэлефонных размоваў Палажанкі санкцыянаваныя Генпракуратурай.

Адвакатка просіць агучыць прысуд Насты па крымінальнай справе 2007 году за ўдзел ў незарэгістраванай арганізацыі. Пракурор раздражнена дае зачытаць яго адвакатцы.

Адвакатка просіць адказаць Палажанку на пытаньні.

Каму належыць аўтамабіль, у якім былі спальныя мяшкі?

Наста тлумачыць, што гэты аўтамабіль яе бацькі, машыну затрымалі, спальнікі дагэтуль не вярнулі.

Наста Палажанка распавядае, што парушалі яе правы на абарону. Кажа, што кабінэты былі вольныя, а адвакатам казалі, што яны занятыя. Наста пісала заўвагі, скаргі. Да яе не даходзілі лісты ў ізалятар СІЗА.


14.13 Пракурор пераходзіць да тому №14.

Пракурор працягвае чытаць даведкі ДАІ аб спыненьні руху транспарту 19 сьнежня на праспэкце Незалежнасьці, дакумэнты "Менсктрансу".

У Палацы прафсаюзаў страты – больш за 2 мільёны: былі адмененыя курсы, заняткі ў гуртках у мэтах бясьпекі грамадзянаў.

Даведка "Макдональдза"– недаатрыманы прыбытак з-за датэрміновага закрыцьця каля 8 мільёнаў. Пункт абмену валюты "Абсалютбанка" страты не лічыў.


14.03
Адвакат Букштынаў просіць дапытаць у якасьці сьведкі грамадзкага актывіста Міхася Пашкевіча, пракурор супраць.

14.02 Працэс аднавіўся.

12.50 Абвешчаны перапынак да 14.00

12.47
Адвакатка Тамара Сідарэнка робіць заўвагу, што не пазначаны час здымак відэаматэрыялаў, а таксама зьвяртае ўвагу, што няма пратаколу ўскрыцьця капэрты зь відэадыскам.

12.45 Пракурор
чытае апісаньні відэаматэрыялаў: кандыдаты ідуць па праезнай частцы, перамовы кандыдатаў з супрацоўнікамі ДАІ. Чытае па ролях, хто што сказаў.

12.18
Пракурор пераходзіць да тома №12. Пералічвае пратакол затрыманьня Рымашэўскага, пастанову пра затрыманьне, зьмяненьні меры ўтрыманьня Рымашэўскага на падпіску пра нявыязд. Зьвесткі аб прыцягваньні Рымашэўшэўскага да адміністратыўнай адказнасьці. Характарыстыкі: "скандалы па месцы жыхарства не ўчыняе".

12.15 Адвакатка Тамара Сідарэнка робіць заяву, што дакумэнты неадпаведным чынам аформленыя. І пытаецца, як сьледчы Іваноў пазнае тых, хто тэлефанаваў?

11.28
Пракурор доўга гартае старонкі. Рапарт супрацоўніка КДБ Іванова, што ў інтэрнэце знойдзеныя 2 ролікі з удзелам Някляева, Дзьмітрыева. Пратаколы праслухоўваньня тэлефонных перамоваў. Расшыфроўкі перамоваў 18 сьнежня. Першая размова а 9-й, працягласьць 44 сэкунды. Размова Дзьмітрыева зь Някляевым, узгадваецца АБСЭ.

11.25
Працягваюцца дасьледаваньні пісьмовых матэрыялаў справы. Том 11-й.

11.10 Сьведка Галіна з Наваградка
таксама прыехала ў Менск на плошчу. Пра мітынг даведалася з выступаў кандыдатаў па тэлебачаньні. Таксама начавала ў той самай кватэры. Сустракала іх Наста Палажанка.

Раніцай таксама накіравалася ў офіс БХД. Была на Кастрычніцкай побач з Палацам прафсаюзаў. Людзі выйшлі на праезную частку, Галіна была ў сярэдзіне калёны, супрацоўнікаў ДАІ ня бачыла.

Настрой у людзей быў сьвяточны, узьняты.

10.50 Наступны сьведка
таксама прыехаў у Менск адмыслова на плошчу. Даведаўся з інтэрнэту пра мірную дэманстрацыю з розных сайтаў.

Сьведка распавядае, як пераначаваў у той самай кватэры, што і Валчок. Быў у офісе БХД, потым на плошчы. Распавядае, што бачыў там, як людзі выйшлі на праезную частку. Ніякіх размоваў пра тое, што пад'едуць яшчэ 2 тысячы людзей, ці што будуць супрацьпраўныя дзеяньні, не было.

Палажанка проста размаўляла на плошчы зь людзьмі, але нічога не арганізоўвала.


10.34 – 10.47 Наступны сьведка Сяргей Ваўчок.

Ведае Палажанку і Рымашэўскага. Займаўся агітацыяй, распаўсюджваў улёткі са штабу Рымашэўскага. Заклік прыйсьці на плошчу ў іх утрымліваўся. Грошай за гэта не атрымліваў. У Менск прыехаў для ўдзелу ў мірнай дэманстрацыі 18 сьнежня. Пераначаваў у знаёмых Насты. Там было чалавек 7. Раніцай пайшлі ў офіс БХД. Потым – на вакзал.

Быў на Кастрычніцкай, бачыў, што там выступілі кандыдаты. Потым людзі выйшлі на праезную частку, накіраваліся ў бок плошчы Незалежнасьці. Людзі скандавалі "Сыходзь!" Супрацоўнікаў ДАІ ня бачыў.

10.26 Сьведка Іна Чэкан адмовілася ад дачы паказаньняў.

10.24 Перапынак на 5 хвілін

10.15
Са сьведкі зьнялі кайданкі, каб расьпісаўся, і дапусьцілі. Судзьдзя сказала, што падставаў для агалошваньня пісьмовых яго паказаньняў няма.

10.09 Пракурор просіць зачытаць пісьмовыя паказаньні сьведкі. Перапынак 5 хвілінаў.

10.07 У суд прывезьлі сьведку Дзьмітрыя Брынзу пад канвоем, які сам зьяўляецца абвінавачаны па крымінальнай справе. Адвакат тлумачыць, што дадзены сьведка не абавязаны даваць паказаньні, бо сам пад крымінальнай справай. Пракурор за тое, каб сьведка даваў паказаньні. Судзьдзя прымае рашэньне, што ён будзе даваць паказаньні.

Рымашэўскі робіць заяву, каб са сьведкі зьнялі кайданкі, бо ён ня можа нават скарыстацца паперамі, якія прынёс.

10.03 Пачалося паседжаньне з заявы Ўладзімера Някляева пра 16-ю гадавіну рэфэрэндуму 1995 года, які, на яго думку, быў нелігітымным.

"Я лічу неабходным нагадаць суду, што якраз сёньня — гадавіна рэфэрэндуму 1995 году, які быў праведзены ўладай з грубым парушэньнем Канстытуцыі і закону аб усенародным галасаваньні. У адпаведнасьці зь імі пытаньні нацыянальна-гістарычнай асаблівасьці ня могуць быць вынесеныя на рэфэрэндум", — заявіў Някляеў.

Ён падкрэсьліў, што "наша мова і гісторыя прынятыя не галасаваньнем, а дадзеныя Богам. Іншая мова, іншая гісторыя — гэта іншы народ".

Някляеў мяркуе, што рэфэрэндум 1995 году зьяўляецца "фальсыфікацыяй нацыянальнай сьвядомасьці". "Ужо толькі з адной гэтай прычыны я маю права ні ў чым не давяраць сёньняшняй уладзе і хоць штодзённа выходзіць з пратэстам на плошчу", — падкрэсьліў ён.

10.00 У залі - прадстаўнікі АБСЭ і літаратар Дранько-Майсюк.

Судзьдзя — Жукоўская;
Абвінаваўца — Кажэўнікаў;
Адвакаты: Атаманчук, Лабоха, Пятровіч, Савіч, Сідарэнка, Букштынаў.


Суды за Плошчу

Суд над Някляевым, Рымашэўскім, Фядутам, Дзьмітрыевым, Вазьняком і Палажанкай. Першы дзень

Суд над Някляевым, Рымашэўскім, Фядутам, Дзьмітрыевым, Вазьняком і Палажанкай. Другі дзень

Суд над Някляевым, Рымашэўскім, Фядутам, Дзьмітрыевым, Вазьняком і Палажанкай. Трэці дзень

Суд над Някляевым, Рымашэўскім, Фядутам, Дзьмітрыевым, Вазьняком і Палажанкай. Чацьвёрты дзень

Суд над Някляевым, Рымашэўскім, Фядутам, Дзьмітрыевым, Вазьняком і Палажанкай. Дзень пяты

Суд над Някляевым, Рымашэўскім, Фядутам, Дзьмітрыевым, Вазьняком і Палажанкай. Шосты дзень

Сяргей Вазьняк

Сяргей Вазьняк
Нарадзіўся 14 красавіка 1962 г. Галоўны рэдактар газэты "Товарищ", грамадзкі актывіст, сябра Праўленьня ГА "БАЖ". Быў адным з арганізатараў стварэньня Партыі камуністаў Беларусі, у 2009 годзе перайменаванай у Беларускую партыю аб’яднаных левых "Справядлівы сьвет".

У часе прэзыдэнцкіх выбараў 2010 г. працаваў у штабе кандыдата ў прэзыдэнты Ўладзімера Някляева.

Быў арыштаваны 20 сьнежня ва ўласнай кватэры і зьмешчаны ў СІЗА КДБ. Пры канцы сьнежня яму выставілі абвінавачаньне па крымінальнай справе — "масавыя беспарадкі".

Ад 29 сьнежня мера стрыманьня зьменена на падпіску аб нявыезьдзе.

30 сакавіка 2011 г. абвінавачаньне перафармулявана на "арганізацыю дзеяньняў, якія груба парушаюць грамадзкі парадак, ці ўдзел у іх".

Андрэй Дзьмітрыеў

Андрэй Дзьмітрыеў
Нарадзіўся 17 траўня 1981 года ў Менску. Вучыўся ў Эўрапейскім гуманітарным унівэрсытэце на факультэце філязофіі. У 2000-2001 гг. служыў у войску. З 2001 г. – сябра АГП.

Быў затрыманы сярод іншых актывістаў 18 траўня 2010 г., калі ўлады спрабавалі разагнаць грамадзянскую кампанію “Гавары праўду”, у якой Андрэй браў удзел.

У 2005-2009 гг. меў свой бізнэс, зьяўляўся дырэктарам кансалтынгавай кампаніі.

Кіраваў штабам кандыдата на прэзыдэнты Ўладзіміра Някляева. Затрыманы ў ноч на 20 сьнежня пасьля акцыі пратэсту ў цэнтры Менска, абвінавачаны паводле артыкулу – “масавыя беспарадкі”. 3 студзеня 2011 г. выпушчаны зь СІЗА КДБ пад падпіску аб нявыезьдзе. 30 сакавіка абвінавачваньне перафармулявана – “арганізацыя дзеяньняў, што груба парушаюць грамадзкі парадак, ці ўдзел у іх”.

Уладзімер Някляеў

Уладзімер Някляеў
Кандыдат на прэзыдэнта на выбарах 2010 г. Нарадзіўся 11 ліпеня 1946 году ў Смаргоні.

У 2010 г. ініцыяваў стварэньне грамадзянскай кампаніі "Гавары праўду", якой улады пазьней адмовілі ў рэгістрацыі.

19 сьнежня быў зьбіты да непрытомнасьці ў цэнтры Менску па шляху на мірную акцыю пратэсту. З чэрапна-мазгавой траўмай трапіў у шпіталь хуткай дапамогі. Празь некалькі гадзінаў быў адтуль выкрадзены супрацоўнікамі спэцслужбаў.

Апынуўся ў СІЗА КДБ, быў абвінавачаны па артыкуле "Масавыя беспарадкі". З моманту зьбіцьця 19 сьнежня да пераводу пад хатні арышт 29 студзеня перанёс чатыры гіпэртанічныя крызы і ня меў магчымасьці сустрэцца з адвакатам.

17 лютага агульны сход ПЭН-цэнтру прыняў рашэньне вылучыць яго на Нобэлеўскую прэмію.

30 сакавіка абвінавачваньне перафармулявана на "арганізацыю дзеяньняў, якія груба парушаюць грамадзкі парадак, ці ўдзел у іх".

Наста Палажанка

Наста Палажанка
Намесьніца старшыні "Маладога Фронту". Наста нарадзілася 2 жніўня 1990 году ў Менску. З 1997 па 2008 гг. вучылася ў 73-й менскай школе. З 2008 г. — студэнтка факультэту філязофіі і палітычных навук Эўрапейскага гуманітарнага ўнівэрсытэту.

Пасьля акцыі на Плошчы Насту арыштавалі дома ў 3 гадзіны 20 хвілінаў ночы. Захоп 20-гадовай дзяўчыны ажыцьцяўляўся сіламі пятнаццаці супрацоўнікаў КДБ. Наста абвінавачваецца ў арганізацыі масавых беспарадкаў і ўдзеле ў іх.

17 лютага вечарам адпушчана пад падпіску аб нявыезьдзе.

8 сакавіка стала першай беларускай, якая атрымала Міжнародную жаночую прэмію за мужнасьць. Узнагароду ўручала дзяржсакратар ЗША Гілары Клінтан.

30 сакавіка абвінавачваньне перафармулявана на "арганізацыю дзеяньняў, якія груба парушаюць грамадзкі парадак, ці ўдзел у іх".

Аляксандр Фядута

Аляксандр Фядута
Журналіст, кандыдат філялягічных навук, грамадзкі актывіст. У 1994 годзе быў сябрам перадвыбарнага штабу А. Лукашэнкі, пасьля перамогі якога стаў начальнікам упраўленьня грамадзка-палітычнай інфармацыі Адміністрацыі прэзыдэнта. З 1995 году перайшоў у апазыцыю.

У часе прэзыдэнцкіх выбараў 2010 г. быў у штабе кандыдата ў прэзыдэнты Ўладзімера Някляева. Быў арыштаваны 20 сьнежня ва ўласнай кватэры і зьмешчаны ў СІЗА КДБ. Пры канцы сьнежня яму выставілі абвінавачаньне па крымінальнай справе — "масавыя беспарадкі".

30 сакавіка абвінавачваньне перафармулявалі на ч.1 арт.342 КК РБ — "арганізацыя дзеяньняў, якія груба парушаюць грамадзкі парадак, ці ўдзел у іх".

8 красавіка адпушчаны пад падпіску аб нявыезьдзе.

Віталь Рымашэўскі

Віталь Рымашэўскі
Нарадзіўся ў Менску 3 сакавіка 1975 году. Жанаты, выхоўвае дачку. Інжынэр-будаўнік, у 1997 г. скончыў Беларускі нацыянальны тэхнічны ўнівэрсытэт.

У 2002—2004 гг. сябра прэзыдыюму Беларускай нацыянальнай рады моладзевых і дзіцячых грамадзкіх арганізацый "Рада". Адзін з кіраўнікоў кампаніі "Ў абарону свабоды сумленьня і веравызнаньня ў Беларусі". Кіраўнік менскай арганізацыі стваранай Партыі БХД, сустаршыня аргкамітэту па стварэньні гэтай партыі.

Адзін з кандыдатаў у прэзідэнты на выбарах 2010 г. Падчас акцыі 19 сьнежня на плошчы Незалежнасьці зьбіты спэцназам. Затрыманы падчас разгону акцыі, зьмешчаны ў СІЗА КДБ, абвінавачаны па арт. 293 КК. З 31 сьнежня 2010 г. — пад падпіскай аб нявыезьдзе.

30 сакавіка абвінавачваньне перафармуляванае на "арганізацыю дзеяньняў, якія груба парушаюць грамадзкі парадак, ці ўдзел у іх".
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG