Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«З Лукашэнкам ці безь яго — але рэформы павінны адбыцца»


Які курс беларускага рубля да даляра найбольш адпавядае цяперашняму стану беларускай эканомікі? Ці можа курс заставацца стабільным, пакуль расьце нэгатыўнае сальда гандлёвага балянсу? Чаму Аляксандар Лукашэнка заяўляе, што Беларусі не патрэбныя ніякія эканамічныя рэформы?

На гэтыя ды іншыя пытаньні ў перадачы «Экспэртыза Свабоды» адказваюць эканаміст, намесьнік старшыні АГП Леў Марголін і эканаміст Міхал Залескі.

Міхал Залескі
Леў Марголін
Віталь Цыганкоў

«Калі зараз зрабіць вольныя таргі, то там можа і да 8 тысяч падскочыць»


Цыганкоў: Аляксандар Лукашэнка 12 траўня паабяцаў, што Беларусь праз 1-2 месяцы ўрэгулюе сытуацыю на валютным рынку. Ці ёсьць нейкія эканамічныя падставы для такога аптымізму? Можа, улады ведаюць нешта такое, чаго ня ведаюць незалежныя эканамісты? Ну вось, напрыклад, зноў рэкорднымі тэмпамі расьце ВУП. Можа, гэта дапаможа пераадолець валютны крызіс?

Марголін: Калі ёсьць ва ўладаў жаданьне, то валютны крызіс можна пераадолець даволі хутка. Але пакуль я такога жаданьня ня бачу.

Што да выказваньняў Лукашэнкі, дык ён, здаецца, верыць сам у тое, што казаў раней. Што ўвесь валютны крызіс выкліканы тым, што беларусы кінуліся набываць сябе аўтамабілі. І вось калі зь першага ліпеня падымецца мыта, то гэтая праблема, маўляў, адразу сама сабой скончыцца. Іншых аб’ектыўных чыньнікаў для спыненьня валютнага крызісу я ня бачу.

Цыганкоў: На пачатку свайго камэнтару вы сказалі, што пры жаданьні валютны крызіс можна пераадолець даволі хутка. Якім чынам?

Марголін: Рынкавым. Кошт валюты не павінен вызначацца дырэктыўна, а толькі рынкам. Для гэтага ёсьць Нацыянальны банк, які павінен арганізоўваць валютныя таргі і ня вельмі ў іх умешвацца.

Цыганкоў: Які курс беларускага рубля да даляра найбольш адпавядае цяперашняму стану беларускай эканомікі? Ці гэта сёньняшнія 4 тысячы, ці значна большая лічба?

Залескі: Цяжка сказаць. Бо чым болей сёньняшняя сытуацыя зацягваецца, тым болей уздымаецца хваля попыту. Каб толькі аўтамабілісты хацелі купіць валюту… Асноўныя спажыўцы валюты — не грамадзяне, а прамысловасьць і сельская гаспадарка. Наша экспартаарыентаваная краіна ў адным даляры экспарту мае ад 75 да 85 цэнтаў імпарту. Таму валюта патрэбная прадпрыемствам у першую чаргу, яны асноўныя пакупнікі, і гэты попыт нарастае.

Калі зараз зрабіць вольныя таргі, то там можа і да 8 тысяч падскочыць. А потым яно будзе паціху вагацца, пакуль не ўраўнаважыцца. Але ўжо цяпер менш за 5 тысячаў на безнаяўным рынку ня можа быць.

Цыганкоў: Адмоўнае сальда замежнага гандлю не зьмяншаецца. Гэта азначае, што станоўчых пэрспэктываў для курсу рубля не відаць?

Залескі: Так. Выходзіць, што чым больш мы працуем, тым болей мы вінаватыя. Да імпарту, які мы прывозім у Беларусь, мы дадаем малавата дадатковай вартасьці. І таму як дзяржава мы працуем стратна.

Цыганкоў: Ці можа на курс рубля паўплываць наступны чыньнік: цэны павялічыліся, і ў насельніцтва проста не застанецца дастаткова беларускіх рублёў, каб купляць валюту?

«Абвешчаны рост ВУП у значнай долі фіктыўны»


Марголін: Спадар Залескі ўжо сказаў, што галоўны спажывец валюты — гэта не грамадзяне, а прамысловасьць. У нас шмат імпарту спажываюць тыя прадпрыемствы, якія робяць ня экспартнаарыентаваную прадукцыю, а прадукцыю для ўнутранага спажываньня. І, больш за тое, яна не заўсёды карыстаецца попытам. Валюта траціцца на імпарт сыравіны і дэталяў, а выхаду няма. Таму ці будуць грошы ў насельніцтва, ці не — гэта не галоўнае.
У нас шмат імпарту спажываюць тыя прадпрыемствы, якія робяць прадукцыю для ўнутранага спажываньня. І, больш за тое, яна не заўсёды карыстаецца попытам.


Мне падаецца, што абвешчаны рост ВУП у значнай долі фіктыўны. Бо тут улічана і тая прадукцыя, што асядае на складах, і лядовыя палацы. Спажываць такі прадукт немагчыма.

Цыганкоў: Такім чынам, экспэрты лічаць, што прычыны валютнага крызісу — у глыбінных, стратэгічных праблемах беларускай эканомікі. Аднак Аляксандар Лукашэнка заявіў, што ніякія рэформы не патрэбныя, што гэтага патрабуе пятая калёна, і такія ідэі Беларусі падкідаюць. Дарэчы, гэта пярэчыць выказваньням некаторых чыноўнікаў ва ўрадзе, якія кажуць пра неабходнасьць рэформаў. Што пераможа — ідэалягічныя забабоны ці эканамічная рэальнасьць?

Марголін: Я лічу, што рана ці позна нават беларускі кіраўнік зразумее, што рэформы неабходныя. Што тычыцца чыноўнікаў ва ўрадзе, то я лічу, што там працуюць не дурныя людзі, і неабходнасьць пераменаў яны разумеюць. Але ці хопіць у Лукашэнкі рашучасьці рызыкнуць сваёй неабмежаванай уладай і пайсьці на рынкавыя рэформы — гэта звычайнай лёгіцы не паддаецца.

Цыганкоў: Можа, вы надта спагадна думаеце пра беларускіх чыноўнікаў? У Адміністрацыі прэзыдэнта ёсьць людзі, якія пішуць артыкулы пра тое, што рынкавыя рэформы прыдуманыя на Захадзе адмыслова, каб скарыць славянскія народы, што гэта накіравана на разрыў еднасьці з Расеяй і гэтак далей.

Марголін: Ёсьць там і такія. Але гэта пішуць людзі, якія вельмі далёкія ад эканомікі. Тыя, хто сутыкаецца з эканамічнай рэальнасьцю, мне здаецца, зразумелі, што без рэформаў нам нікуды не падзецца.

«Чаму Нацбанк зараз ня можа ўрэгуляваць пытаньне з валютай? Каманды няма»


Залескі: Тут ёсьць два падыходы. Нехта надта ня любіць стаматолягаў, але зуб баліць. І калі яго не сьвідраваць, то яго давядзецца выдраць. Другі падыход кажа, што кожнаму трэба лепш працаваць на сваім працоўным месцы. І гэта вяртаньне да гарбачоўскай ідэі «паскарэньня». Вось раней мы працавалі так — «цяп-ляп», а цяпер будзем «цяп-ляп-цяп-ляп», у два разы хутчэй. І стане лепей усё. Не.

Бо для таго каб рабіць нешта новае, ствараць дададзеныя вартасьці, павінен быць чалавек, які ведае, што прадпрыняць. І ён завецца прадпрымальнік. А ў нас прадпрымальнікаў усё меней і меней, бо гэта небясьпечны занятак. Калі ў нас будуць увесь час закручваць, то нарэзку можна сарваць.
Гэта як бы ляжаў хворы чалавек, а над ім стаяў доктар са скальпэлем і чакаў загаду, ці пачынаць апэрацыю.

Тут трэба нешта паўсюль прыдумляць такое, каб рабіць з толкам. Але ж гэта немагчыма з аднаго цэнтру прыдумаць. Я згодны з калегам Марголіным, што адмыслоўцаў у нас хапае, з адукацыяй і з досьведам. Але чаму яны ня робяць? Чаму Нацбанк зараз ня можа ўрэгуляваць пытаньне з валютай? Каманды няма. Гэта як бы ляжаў хворы чалавек, а над ім стаяў доктар са скальпэлем і чакаў загаду, ці пачынаць апэрацыю. Вось і выходзіць, што мы патанаем у гэтай бюракратычнай багне.

Цыганкоў: За самастойныя рашэньні могуць зьняць у лепшым выпадку, у горшым — пасадзіць…

Залескі: Ну так. Людзі бачаць, што эканамічныя рашэньні цяпер небясьпечныя. А энтузіястаў, аматараў галаву ў пятлю сунуць — іх мала засталося.

Цыганкоў: Спадар Залескі казаў пра «паскарэньне» ў СССР, але можна ўспомніць, што нядаўна Лукашэнка ўзгадаў часы Андропава, маўляў, трэба наводзіць парадак і дысцыпліну на працоўных месцах. Ці можа запанаваць менавіта такі падыход да рашэньня эканамічных праблемаў?

Марголін: На такі падыход у Беларусі ўжо няма часу. Калі такі падыход будзе панаваць, то ня больш чым некалькі месяцаў. У СССР пры Андропаве заставалася трываласьці на некалькі гадоў. У Беларусі гэтай трываласьці застаецца ўсяго на некалькі месяцаў. Таму — з Лукашэнкам ці безь яго — але рэформы павінны адбыцца.
  • 16x9 Image

    Віталь Цыганкоў

    Віталь Цыганкоў скончыў факультэт журналістыкі БДУ. Адзін з двух заснавальнікаў першага недзяржаўнага агенцтва навінаў БелаПАН. Працаваў ў газэтах «Звязда», быў карэспандэнтам у Беларусі расейскай «Независимой газеты», Associated Рress, аглядальнікам у газэце «Свабода». На беларускай Свабодзе ад 1994 году. Карэспандэнт расейскай Свабоды ў Беларусі.
     

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG