Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У абвінавачаньні Саньнікава — праслухоўваньне размоў і фрагмэнты выступаў на тэлебачаньні


Андрэй Саньнікаў
Андрэй Саньнікаў
Прайшоў восьмы дзень працэсу над экс-кандыдатам у прэзыдэнты Андрэем Саньнікавым, Ільлём Васілевічам, Алегам Гнедчыкам, Фёдарам Мірзаянавым і Ўладзімерам Яроменкам. Падчас працэсу Саньнікаў папрасіў зрабіць перапынак з-за кепскага самаадчуваньня. Працэс адновіцца а 10 гадзіне 12 траўня.

Прыканцы дня Андрэй Саньнікаў сказаў, што яму стала кепска, у яго абвастрылася падагра і ён ня меў магчымасьці зьвярнуцца да лекара ў СІЗА ні раніцай, ні ўвечары. Ён папрасіў на гэта перапынку. Судзьдзя задаволіла хадайніцтва, але часткова. Яна адмовілася далучыць да справы хадайніцтва Саньнікава аб аказаньні яму мэдычнай дапамогі. Значную частку працэсу Саньнікаў стаяў, выгляд у яго быў стомлены. Маці Ала Саньнікава таксама гэта заўважыла, хоць у яе не было магчымасьці пагутарыць з сынам:

«Гэта ж у яго раней адбылося, з-за таго, што ён быў зьбіты, ногі. А потым там на халоднай падлозе спаў, і ў яго ўзьнікла падагра. Падлячылі, было лепш. А зараз зноў, як стала ясна, яна абвастрылася, у яго пачаліся моцныя болі. А сёньня, відаць, яшчэ мацней, што ён ужо папрасіў, што яму патрэбная дапамога».

Судзьдзя, аднак, разгледзела хадайніцтва аб перапынку пасьля заканчэньня прагляду часткі відэаматэрыялаў. Гэта фрагмэнты выступаў Андрэя Саньнікава падчас сустрэчаў з выбарцамі ў розных гарадах Беларусі, на дзяржаўным тэлебачаньні, на масавых акцыях, у тым ліку на плошчы 19 сьнежня. Гэтыя фрагмэнты шмат у чым паўтараліся. Часта гучаў вядомы выраз: «Час мяняць лысую гуму». Адвакаты заўважылі таксама неадпаведнасьці. Так, у пратаколе запісана, што Саньнікаў заклікаў: «Паважаныя, рухаемся ў Дом ураду». Насамрэч на відэа ён кажа: «Паважаныя, рухаемся ў бок Дома ўраду». На гэта прысутны ў залі Станіслаў Шушкевіч сказаў, што абвінаваўца ня ведае беларускай мовы.

Каб быў справядлівы суд, ён павінен быў бы сказаць: прабачце, абвінавачаньне абсалютна беспадстаўнае. І вызваліць зараз, і прасіць прабачэньня, што быў у турме.
«Тое, што там два тамы прыводзіў пракурор — гэта ўсё пацьверджаньне таго, што Саньнікаў займаў самую прыстойную, законную пазыцыю. І да нічога незаконнага не заклікаў. І гэта многа разоў паўтаралася. Я думаю, тут лінія пракуратуры такая, каб паказаць, што ён многа разоў заклікаў на плошчу. Хаця ён заклікаў абсалютна законна. Фактычна там гучала абвінавачаньне ў бок улады, а ня ў бок Саньнікава. Каб быў справядлівы суд, ён павінен быў бы сказаць: прабачце, абвінавачаньне абсалютна беспадстаўнае. І вызваліць зараз, і прасіць прабачэньня, што быў у турме. І маральна, і фізычна кампэнсаваць страты, якія ён панёс».

Падчас працэсу сёньня быў дапытаны адзін сьведка — давераная асоба, сябра штабу Саньнікава Віктар Івашкевіч, фрагмэнты выступу якога таксама былі паказаныя ў судзе. Ён пацьвердзіў, што гвалтоўныя дзеяньні 19 сьнежня не плянаваліся і не абмяркоўваліся.

«Я найбольш быў зьдзіўлены, што ў матэрыялах абвінавачаньня быў матэрыял з НТВ, дзе Саньнікаў называўся галоўным канкурэнтам Лукашэнкі. Гэта недарэмна, бо гэта і ёсьць галоўны матыў абвінавачаньня. Менавіта таму, што Саньнікаў — галоўны канкурэнт Лукашэнкі, і ёсьць асобны да яго артыкул. І ўвесь гэты працэс лепіцца з абсалютна абы-якіх матэрыялаў. Матэрыялы гэтай справы анэкдатычныя, калі б ня тыя сур’ёзныя тэрміны, якія пагражаюць падсудным».

У закрытым судовым працэсе сёньня былі разгледжаныя прыватныя размовы Андрэя Саньнікава па тэлефоне, расшыфроўкі якіх былі прадстаўленыя Белтэлекамам і мабільным апэратарам «Вэлкам». Саньнікаў катэгарычна запярэчыў. Ён назваў праслухоўваньне яго размоў незаконным, заявіў, што гэта грубае ўмяшаньне ў яго асабістае жыцьцё і парушэньне канстытуцыйных правоў. Таксама супраць выступілі адвакаты. Аднак суд задаволіў хадайніцтва пракурора разгледзець гэтыя матэрыялы ў закрытым працэсе. Віктар Івашкевіч адзначае:

«Наагул, гэта вельмі дзіўна, калі бяз санкцыі пракурора ёсьць праслухоўваньне, пачынаючы ад чэрвеня мінулага году. Гэта парушэньне закону. І як яны могуць выстаўляць у абвінавачваньне праслухоўваньне тэлефонаў бяз санкцыі пракурора? І па якой справе ў чэрвені было прынятае рашэньне праслухоўваць таго ж Саньнікава? Гэта больш сьведчыць пра парушэньне закону з боку ўлады».

У размове з карэспандэнтам «Свабоды» адвакат Андрэй Варвашэвіч сказаў, што ёсьць доказы таго, што Саньнікаў заклікаў на плошчу. Але не здабыта доказаў таго, што Саньнікаў быў арганізатарам нейкіх масавых беспарадкаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG