Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Суд над Саньнікавым: сьведкі абвінавачваньня становяцца на бок абароны


Андрэй Саньнікаў
Андрэй Саньнікаў
10 траўня ў працэсе над экс-кандыдатам на прэзыдэнта Андрэем Саньнікавым і яшчэ чатырма ўдзельнікамі Плошчы выступалі сьведкі ад абвінавачваньня і абароны. Па-ранейшаму на працэсе няма сьведчаньняў аб канкрэтных проціпраўных дзеяньнях падсудных, а некаторыя сьведкі абвінавачваньня фактычна пачалі абараняць тых, хто сядзіць за кратамі.

Ігар Палуян, дырэктар менскай фірмы «Гранд форт», якая гандлюе кветкамі ў падземным пераходзе ля Кастрычніцкай плошчы, як сьведка паведаміў суду, што ўвечары 19 сьнежня ягоныя прадаўцы папрасілі зачыніць краму на гадзіну раней звычайнага. Гэтак ім парэкамэндавалі невядомыя ў цывільным. Дырэктар паслухаў. Але ў судзе адмовіўся ад любых прэтэнзій да дэманстрантаў: «Я прывык, што ў Беларусі акцыі апазыцыі праходзяць спакойна», — заявіў ён. Гэтак было і мінулым разам, краму ніхто не зачапіў. Палічыць нейкія страты ці ўпушчаную выгаду дырэктар адмовіўся, сказаў, што ў нядзелю і так пакупнікоў мала: «Нічога страшнага ня бачу, зачынілі, дык зачынілі».

Аналягічна паводзілі сябе на ранейшых пасяджэньнях іншыя сьведкі з камэрцыйных прадпрыемстваў, выкліканыя пракурорам. Яны казалі, што ніякіх прэтэнзій да дэманстрантаў не маюць, а прадстаўнік Палацу культуры прафсаюзаў нават адмовіўся ад сваіх ранейшых паказаньняў. Гэтак сьведкі абвінавачваньня ў працэсе над удзельнікамі Плошчы фактычна становяцца на бок абароны. Гэта заўважыла Вольга Бандарэнка, жонка нядаўна засуджанага палітвязьня Зьмітра Бандарэнкі. Яна мяркуе, што сваіх сьведкаў пракурор выклікае «для галачкі»:

«Калі б мне не сказалі загадзя, што гэта сьведкі ад абвінавачваньня, а гэта — ад абароны, я б нават не пабачыла розьніцы. Таму што сьведкі абвінавачваньня сьведчылі на карысьць хлопцаў і Андрэя Саньнікава».

Вольга Бандарэнка прыйшла на працэс над Саньнікавым, як толькі змагла вызваліцца ад сваіх пільных спраў, якія ўзьніклі пасьля абвяшчэньня выраку за Плошчу яе мужу. На гэты момант яна падала апэляцыйную скаргу ў гарадзкі суд і напісала заяву на спатканьне са Зьмітром.

Такой жа думкі пра сьведкаў і бацька іншай абвінавачанай за Плошчу журналісткі Ірыны Халіп, цесьць Андрэя Саньнікава Ўладзімер Халіп:

«Гэты рэжым хоча зламаць людзей і ўсіх зрабіць падонкамі. Але гэта не атрымоўваецца. Шмат, вельмі шмат, безьліч людзей, якія маюць гонар і годнасьць. Яны ня хочуць хлусіць, быць сьведкамі на карысьць абсурдных, вар’яцкіх абвінавачваньняў. Мы бачылі людзей, якія прыходзілі і гаварылі праўду, што ніхто ім не замінаў, што ніякія страты яны не панесьлі».

11 траўня ў судзе Заводзкага раёна Менску пачынаецца суд над дачкой Уладзімера Халіпа Ірынай. Погляд на гэтыя працэсы ў спадара Халіпа вельмі змрочны:
Яны выдумалі гэты вар’яцкі замах на „сьвятая сьвятых“ — ганак Дома ўраду, каб вынішчыць апазыцыю.

«Вось гэткае масавае аднаўленьне традыцый 37-га году, калі выдумлялі Саюз вызваленьня беларускага народа і яшчэ штосьці, і пад гэта вынішчалі ўсю інтэлігенцыю, усіх, хто мог супраціўляцца хоць маральна. Тое самае яны спрабуюць зрабіць і зараз. Яны выдумалі гэты вар’яцкі замах на „сьвятая сьвятых“ — ганак Дома ўраду, каб вынішчыць апазыцыю».

Нечаканым на сёньняшнім працэсе сталася далучэньне да матэрыялаў справы справаздачы камітэту міжнародных назіральнікаў-праваабаронцаў «Прамежкавая ацэнка падзей 19 сьнежня ў Менску», у якой робіцца выснова пра тое, што ніякіх масавых беспарадкаў у той дзень не было. З хадайніцтвам на гэты конт выступіла сьведка Алена Танкачова:

«Я працягваю лічыць, што мы ня маем ніякіх пацьвярджэньняў таму, што на Плошчы адбываліся масавыя беспарадкі. Больш за тое, гэтая міжнародная экспэртыза, якая была далучаная сёньня да матэрыялаў крымінальнай справы, будзе зьяўляцца добрай дадатковай думкай спэцыялістаў аб тым, што ёсьць сур’ёзныя пытаньні да кваліфікацыі, якую дало сьледзтва».

Сьведка Галіна Юрына сёньня прыйшла ў суд зь сіняй стужачкай — колеру выбарчай кампаніі Андрэя Саньнікава:

«Я хачу, каб Андрэй гэта пабачыў. А па-другое, хай яны ўсе бачаць. Я не баюся. Яшчэ чаго не хапала… Гэта была цалкам мірная акцыя. Ніякіх плянаў штурмаваць не было. Гэта сьмешна. Калі б мы плянавалі, мы б яго ўзялі штурмам… Але гэта ўжо жарт».
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG