Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Ёсьць сытуацыі, у якіх можна толькі чакаць»


Вадзім Дубноў
Вадзім Дубноў
Чытаючы Лукаса

Днямі на нашым сайце быў апублікаваны пераклад артыкулу
«У чым Захад памыляецца наконт Беларусі?» міжнароднага рэдактара Economist Эдварда Лукаса. Гэты тэкст спарадзіў зацікаўленую дыскусію на нашым сайце.

Мы запрапанавалі экспэртам з розных краін сьвету паўдзельнічаць у гэтай дыскусіі, выказаць свае меркаваньні як наконт артыкулу сп. Лукаса, гэтак і наконт праблемы, якую ён фармулюе.


Вадзім Дубноў, палітычны аглядальнік рускай службы радыё Свабода (Расея)

Дзьве эмоцыі, якія, здавалася б, супярэчаць адна адной, выклікае артыкул Эдварда Лукаса - прафэсійную зайздрасьць і ўсьмешку шкадаваньня. Аднак калі яны адна адной і супярэчаць, то толькі ў той ступені, у якой не сыходзяцца і дзьве часткі самога артыкулу.

Першая - бліскучы, рэдкі па цяперашніх часах аналіз усёй шырокай міталёгіі, якую прыдумаў і працягвае прыдумляць сабе сьвет пра Беларусь. Пералік клішэ беспамылковы. Спачатку для Захаду Беларусь была нейкім падабенствам свабодалюбівай і дэмакратычнай Балтыі - і гэта была памылка, піша Лукас. Потым "Захад са ўсё большым жахам назіраў за тым, як Лукашэнка разгортвае краіну на ўсход, падпісваючы пагадненьне за пагадненьнем з ельцынскай Расеяй". І "здавалася непазьбежным, што прарасейская пазыцыя Лукашэнкі прывядзе да таго, што Беларусь стане часткай новай канфэдэрацыі пад кіраўніцтвам Крамля".

Лукас з праніклівасьцю чалавека, які ўсё разумеў ўжо тады, прэпаруе гэтыя страшылкі, ён ведае, што Лукашэнка - гэта фэномэн, які ня мае ніякага палітычнага падабенства з паўночнакарэйскім або лібійскім калегамі. Што "Ўсходняя Эўропа" нават у сваёй постсавецкай частцы - абазначэньне палітычнай умоўнасьці, і з той самай паблажлівасьцю, зь якой ён піша пра "Ўсходняе партнэрства", ён мог бы прыгадаць і іншыя штучныя аб'яднаньня накшталт ГУАМ, калі б ён меў дачыненьне да Беларусі. А сьпіс чалавечых характарыстык тых, хто ідзе ў апазыцыю - "ідэалістаў, тых, хто калісьці кімсьці быў, тых, хто ніколі нікім ня быў, палітычных перабежчыкаў, нацыянал-экстрэмістаў і эксцэнтрыкаў" - і зусім рэдкае бліскучае сумяшчэньне дасьледчай скрупулёзнасьці і журналісцкай вытанчанасьці.

І хоць уяўленьне, якое вымалёўваецца ў выніку – пра наіўны Захад і Лукашэнку, які цынічна над ім рагоча, таксама трохі нагадвае новае клішэ, яно, прынамсі, больш бяскрыўднае, чым упэўненасьць у тым, што чарговая народна-каляровая рэвалюцыя зьяўляецца толькі пытаньнем тэмпаў няўмольнага гістарычнага прагрэсу.

У тым, што Беларусь выбіваецца зь любой рэвалюцыйнай схемы, грузіна-ўкраінскай, кіргіскай альбо тым больш паўночнаафрыканскай, на самай справе асаблівай навіны няма. Але Лукасу нібы даводзіцца прасіць прабачэньня за сваіх калегаў, падуладных звыклым схемам. Лукас наогул піша, хутчэй, адсюль, чым адтуль, і піша туды - дзе трэба тлумачыць, што ніводная з рэвалюцыйных ідэй, якія так ці інакш надалі "аксамітны" імпульс краінам Усходняй Эўропы ці Балтыі, для Беларусі неактуальная. Так пабудавана краіна, і гэта нядрэнна б ведаць тым, хто схільны верыць, што яшчэ трошкі, і непаразуменьне растворыцца, найноўшая гісторыя рэвалюцый папоўніцца "бульбяным" сюжэтам.

Але шчырае чытацкае захапленьне трошкі перашкаджае адразу ўлавіць тое месца, дзе бліскучая канстатацыя пераходзіць у збор практычных рэкамэндацый. Да гэтага моманту Эдвард Лукас ужо неабвержна даказаў, што ўсе намаганьні Захаду па дэмакратызацыі Беларусі бессэнсоўныя. Але і ён спрабуе ўбачыць падставы для аптымізму. І знаходзіць яго: ужо не Расея, а Эўразьвяз зьяўляецца галоўным рынкам беларускага экспарту.

Тут, на думку аўтара, і хаваецца шанец: "Гэта азначае, што беларускія мэнэджэры мусяць вывучаць эўрапейскія мовы, езьдзіць у Эўропу і наладжваць бізнэсовыя сувязі з тамтэйшымі партнэрамі. Дзякуючы гэтаму яны патрапяць пад уплыў заснаванага на вяршэнстве закону заходняга капіталізму, які ўяўляе сабою рэзкі кантраст з кумаўством, карупцыяй і сваволяй сьвету расейскага бізнэсу".

Павеяла рамантычнай настальгіяй 90-х, калі яшчэ ніхто ня ведаў, што ўсходні газ і нафта робяць з заходнімі партнэрамі, зь вяршэнствам права і чысьцінёй камэрцыйных намераў. І гаворка ня толькі пра Бэрлюсконі або Шрэдэра. І ня толькі аб дэмакратычнай Балтыі ці Польшчы ці Вугоршчыне, дзе прадметам мараў любога камэрсанта было сесьці хоць бы на абслугоўваньне даўгоў яго краіны "Газпрому", ня кажучы ўжо пра пасярэдніцтвя ў газавым гандлі. І тут дарэчы прыгадаць, што ладную частку беларускага экспарту як раз і складаюць транзытная расейская нафта і перапрацаваныя зь яе на беларускіх заводах нафтапрадукты.

Але і гэта не галоўнае. Ня трэба чакаць, пакуль беларускі бізнэс загаворыць па-француску - ён і цяпер нядрэнна размаўляе на ўсіх патрэбных мовах. І можна толькі парадавацца за беларусаў, якім прапануецца дапамога ў эўрапейскім навучаньні або візавыя паслабленьні. Толькі да дэмакратызацыі, да паслабленьня пазыцый Лукашэнкі ўсё гэта ня мае ніякага дачыненьня. Сапраўды, гэтак жа, як бізнэс, які гаворыць на эўрапейскіх мовах, шукае магчымасьці схавацца ў Эўропе, гэтак жа ў Эўропе застануцца і студэнты, як гэта без усялякіх праграм явачным парадкам адбываецца і сёньня, і зусім ня толькі са студэнтамі, балазе да Эўразьвязу адсюль дзьве-тры гадзіны язды.

У тым і справа, што геаграфія ў такіх месцах ня можа ня быць палітычнай, і Беларусь па многіх парамэтрах уладкаваньня жыцьця куды бліжэйшая да Эўропы, чым прынята думаць на Захадзе ў адпаведнасьці са сфармуляванымі Лукасам клішэ. Беларусы і без рэгулярных паездак у Эўропу нядрэнна ўяўляюць сабе каштоўнасьці заходняга жыцьця. Так, у гэтых каштоўнасьцях іх, вядома, больш цікавіць матэрыяльнае, чым дэмакратычнае, але ж і ў гэтым беларусы зусім не фатальна адрозьніваюцца ад літоўцаў ці палякаў.

І сіла, і слабасьць заходняй палітычнай філязофіі вынікаюць з той самай простай пазыцыі: нельга адчайвацца, трэба абавязкова што-небудзь рабіць - дадаць грошай, патроіць намаганьні, знайсьці людзей, увогуле, падштурхнуць прагрэс. Бязьдзейнасьць падобная на капітуляцыю. І варыяцыі на гэтую тэму – мавэтон.

У гэтым, здаецца, і палягае супярэчнасьць артыкула Эдварда Лукаса. Ёсьць сытуацыі, у якіх можна толькі чакаць - гэта той сумны лейтматыў, які даводзіцца разнастаіць хоць нейкім аптымізмам. А ўся справа ў тым, што Лукашэнка бясконцасьцю свайго знаходжаньня пры ўладзе ўжо, падобна, нядрэнна падрыхтаваў краіну да паступовай эўрапеізацыі - ён вымусіў беларусаў навучыцца галоўнаму: жыць, не зьвяртаючы ўвагі на яго дзівацтвы. У некага краіна жыве ва ўмовах павышанай сэйсьмічнай небясьпекі, у некага зіма восем месяцаў за год, у некага - Лукашэнка. У гэтым і зарука стабільнасьці прэзыдэнта Беларусі, і працяг фарсу на тэму дыктатуры, і парасткі будучага аздараўленьня. Супярэчнасьць Эдварда Лукаса, на самай справе, цалкам канструктыўная. Ад сваіх рэкамэндацый ён, здаецца, не чакае цуду і сам. Проста ў тым, што ўсё астатняе яшчэ горшае, ён упэўнены. Для вельмі многіх ягоных калегаў па абодва бакі мяжы ўжо гэта - прасьвятленьне.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG