Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сваякі абвінавачаных баяцца кантактаваць з журналістамі


У судзе Маскоўскага раёну Менску прайшоў другі дзень працэсу над шасьцю ўдзельнікамі падзеяў на плошчы Незалежнасьці ў Менску 19 сьнежня 2010 году: Дзьмітрыем Дароніным, Сяргеем Казаковым, Уладзімерам Лобанам, Віталем Мацукевічам, Яўгенам Сакрэтам, Алегам Федаркевічам. Яны абвінавачваюцца па частцы. 2 арт.293 Крымінальнага кодэксу «Масавыя беспарадкі». Адбыўся допыт пацярпелых спэцназаўцаў, якія выступаюць у кожным судзе над абвінавачанымі.

Другі дзень суду распачаўся з допыту пацярпелых: такімі ў судзе выступаюць 29 спэцназаўцаў. На працэс зьявіліся дзевяць зь іх. Кожны заяўляў процілеглыя сьведчаньні тым, якія напярэдадні давалі абвінавачаныя: спэцназаўцы дэтальна апавядалі пра тое, як іх зьбівалі палкамі і мэталёвымі прутамі ўдзельнікі мітынгу, калі спрабавалі прарвацца да Дому ўраду.

Але вельмі няпэўна адказвалі пра свае дзеяньні і пра тое, што адбывалася ў той вечар на плошчы. Нікога з абвінавачаных яны не пазналі. Адказваючы на пытаньні пракурора Мельніка, падсудныя наноў падцьвердзілі, што менавіта спэцназаўцы нападалі першымі, а людзі мусілі бараніцца.
Пракурор дазваляў сабе навадныя пытаньні, якія ўтрымлівалі адказы, выгадныя для спэцназаўцаў, што гэта ніяк не перапынялася судзьдзёй.


Хаду судовага працэсу камэнтуе праваабаронца Уладзімер Лабковіч: «Сёньня мы бачылі традыцыйны ўжо працэс, які адбываецца над удзельнікамі так званых масавых беспарадкаў. Тут мяне ня толькі зьдзівіла, але нават шакавала, што пракурор дазваляў сабе навадныя пытаньні, якія ўтрымлівалі адказы, выгадныя для спэцназаўцаў, што гэта ніяк не перапынялася судзьдзёй. І бачна, што адбываецца працэсуальная працэдура зь перадвызначаным вынікам».

Наймалодшаму ўдзельніку працэсу, абвінавачанаму Сяргею Казакову, 19 гадоў споўнілася ўжо за кратамі. Самаму сталаму — Алегу Федаркевічу — сёлета 50. Ніводзін зь іх не належыць да палітычнай партыі і ніводзін не сказаў, што прыйшоў на плошчу выпадкова. Паводле іх словаў, імі кіравала жаданьне выказаць сваю грамадзянскую пазыцыю. Сваякі ж абвінавачаных падчас працэсу амаль цалкам дыстанцыяваліся ад праваабаронцаў і журналістаў. І гэтаму ёсьць тлумачэньне, кажа актывістка ў стварэньні грамадзкага аб’яднаньня пэнсыянэраў Тацяна Зялко:

«Яны запалоханыя — гэта сто адсоткаў. Яўген Сакрэт чатыры месяцы сядзеў без адваката і перадач, сям’я баіцца зь ім зьвязвацца. Літаральна пры мне, падчас ператрусу, адной сям’і казалі: гэта вельмі добра, што ніхто ня будзе ведаць пра ператрус, які ў вас адбываецца, што ваша дзіцё сядзіць. Я кажу — чым больш ты будзеш маўчаць, тым большы тэрмін ты атрымаеш — і гэта наш закон джунгляў».

Карэспандэнтка: «Чаму так атрымоўваецца, як вы лічыце?»

«Я думаю, што нашыя ўлады запалоханыя, што яны баяцца згубіць уладу. Таму ўсялякае, як яны лічаць, непадпарадкаваньне для іх ужо страшнае».

Пасьля вывучэньня матэрыялаў справы судзьдзя Алена Шылько абвесьціла перапынак да раніцы 10 траўня.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG