Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Някляеў: «Буду стаяць на Плошчы нашай будучыні»


Уладзімер Някляеў
Уладзімер Някляеў
Экс-кандыдат у прэзыдэнты Ўладзімер Някляеў заявіў у судзе, што будзе патрабаваць выкліку ў якасьці сьведак міністра унутраных спраў Куляшова і Аляксандра Лукашэнкі. Допыт экс-кандытата на прэзыдэнта Ўладзімера Някляева пачаўся на працэсе ў Фрунзенскім судзе Менскe ў другой палове 6 траўня і перарваўся з-за таго, што кепска сябе адчуў абвінавачаны Аляксандар Фядута.

Судзьдзя Жана Жукоўская мусіла абвясьціць перапынак да 10 траўня. Уладзімер Някляеў пасьпеў выступіць з прамовай. Ён адразу заявіў, што падзяляе палітычную і маральную адказнасьць за тое, што адбылося 19 сьнежня: найперш, за тое, што за кратамі апынуліся сотні чалавек, а дзясяткам наканавана сесьці ў турмы. Паводле Някляева, такую пазыцыю ён выявіў ужо ў першыя дні пасьля арышту, бо зразумеў сапраўдны намер ўладаў аб запалохваньні грамадзтва. Някляеў распавёў, як у КДБ на першай размове са сьледчым ён прапанаваў спыніць канвэер арыштаў узамен за тое, што возьме ўсю віну на сябе.

«Я ужо зразумеў, што будзе адбывацца, і сказаў, што магу узяць віну за ўсіх. Маўляў, бярыце мяне па 357-м расстрэльным артыкуле пра змову аб захопе ўлады. Не, — адказалі. Чаму не? Таму што патрэбныя былі масавыя пакараньні, і суды нібыта паводле масавых злачынстваў».

Падрабязна аналізуючы абвінавачаньне на свой бок, Уладзімер Някляеў заявіў, што не зрабіў нічога, што ў ім напісана. «Толькі 7 хвілінаў я удзельнічаў у падзеях 19 сьнежня», — нагадаў Уладзімер Някляеў. Паводле яго, абвінавачаньне пабудавана на меркаваньнях сьледчых, але судзіць можна толькі за дзеяньні, а не за намеры. Экс-кандыдат на прэзыдэнта Някляеў мяркуе, што, каб высьветліць праўду пра падзеі 19 сьнежня, трэба выклікаць у суд у якасьці сьведак міністра ўнутраных спраў Анатоля Куляшова, які кіраваў акцыяй разгону на плошчы Незалежнасьці, і Аляксандра Лукашэнку, які прызнаў, што сам аддаваў загады сілавікам.

Падрабязна Ўладзімер Някляеў спыніўся на выніках прэзыдэнцкіх выбараў. Паводле палітыка, яны былі сфальшаваныя, як і папярэднія выбары 2006 і 2001 году. А ўвогуле, мяркуе спадар Някляеў, падман грамадзтва пачаўся на рэфэрэндуме 1995 году, пасьля якога асабіста ён канчаткова разышоўся зь дзейнай уладай:

Ворагі не зрабілі б такое, што зрабіў на першым беларускім рэфэрэндуме першы беларускі прэзыдэнт.
«Пачалося усё з рэфэрэндуму 1995 году, на якім Беларусь была пазбаўленая нацыянальных сымбаляў і, па сутнасьці, выведзена з ужытку нацыянальная мова. Ворагі не зрабілі б такое, што зрабіў на першым беларускім рэфэрэндуме першы беларускі прэзыдэнт. Гэта і стала прычынай майго канфлікту зь ім, зь ягонай уладай, якая выявіла ягоную сутнасьць. Для мяне, для беларускага паэта, які мае нацыянальную годнасьць, гэта была зьнявага».

Уладзімер Някляеў апавёў, як прыняў рашэньне балятавацца на прэзыдэнта. Паводле Някляева, яшчэ працуючы кіраўніком кампаніі «Гавары праўду!», ён ня меў такога намеру, але пасьля арышту летась у траўні вырашыў, што трэба спыніць прававое бязьмежжа, якое пануе ў краіне, і змагацца за свабоду.

У канцы сваёй прамовы Ўладзімер Някляеў аддаў даніну пашаны людзям, якія знайшлі мужнасьць прыйсьці на плошчу 19 сьнежня. Паводле яго, прыйдзе час, і беларускія дзеці будуць прыносіць кветкі на Плошчу. Сам жа Ўладзімер Някляеў не зьбіраецца спыняць барацьбы за свабодную Беларусь:

«Я буду стаяць на ёй, на Плошчы нашай будучыні, пакуль на ёй не зьбяруцца ўсе беларусы».

Падчас прамовы Някляева судзьдзя Жукоўская двойчы спрабавала яго спыніць, але ў выніку дала дагаварыць да канца. Пры гэтым назіральнікі адзначылі, што сама судзьдзя схіліла галаву і нешта пісала, быццам зусім ня слухаючы Някляева.

З суду Аляксандра
Фядуту завезьлі ў 9-ы шпіталь, дзе зрабілі яму ўколы, кардыяграму ды іншыя працэдуры. Празь некалькі гадзінаў Фядуту прывезьлі дадому. «Зараз пачуваецца лепей, галоўнае, што інфаркт не пацьвердзіўся», — паведаміла Свабодзе жонка абвінавачанага Марына Фядута.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG