Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Жорсткія прысуды за Плошчу: ад 3 да 4 гадоў


У Кастрычніцкім судзе сталіцы ў чацьвер увечары судзьдзя Ала Булаш вынесла прысуды пяці абвінавачаным. Маладафронтаўца з Горадні Алеся Кіркевіча і актывіста кампаніі «Гавары праўду!» Паўла Вінаградава прыгаварылі да 4 гадоў пазбаўленьня волі; актывіста «Эўрапейскай Беларусі» навукоўца Зьмітра Дразда, беспартыйнага праграміста Андрэя Пратасеню і так званага «навушніка» Ўладзімера Хамічэнку прыгаварылі да 3 гадоў пазбаўленьня волі. Усе будуць адбываць пакараньне ў калёніі узмоцненага рэжыму.

Грамадзкім актывістам далі больш жорсткія тэрміны, чым беспартыйным. Алесь Кіркевіч у апошнім слове заўважыў, што не апошнюю ролю ў яго абвінавачваньні адыграла яго палітычная пазыцыя і палітычная сіла, за якой ён стаіць — «Малады фронт».

Сяброўка Алеся Кіркевіча Вераніка Віргар кажа:

«Я не чакала проста, што дадуць столькі — 4 гады! Было зразумела, што ўсіх пасадзяць. Гэта было відавочна. Але гэта несправядлівы прысуд. Чатыры гады за два ўдары! Гэта нейкія неабгрунтаваны, нейкія проста абсурдныя абвінавачваньні маладым хлопцам! Але праўду за кратамі не схаваеш».

Менш, чым запрасіў дзяржаўны абвінаваўца Бароўскі, атрымаў толькі Зьміцер Дрозд. Пракурор прасіў тры з паловай гады, судзьдзя прызначыла 3 гады зьняволеньня. Прычым архівіст Дрозд надзвычай эмацыйна і пранікнёна выступіў з апошнім словам. Сваякі нават апасаліся, што наадварот, за гэта яму дадуць больш. Зьміцер Дрозд сказаў, што на машыне часу мы перанесліся нібыта ў 1938 год. Судзьдзя нават зрабіла заўвагу — маўляў, гаварыць трэба па сутнасьці справы. Усё адно Дрозд казаў пра сталінскія рэпрэсіі, пра цяперашнія фальсыфікацыі на выбарах…

Годна трымаўся на судовым працэсе і Павал Вінаградаў. Бацька Паўла Вінаградава спадар Юры быў агаломшаны жорсткім прысудам:

У інтэрнэце майго сына называюць „нязломны Вінаградаў“. На 100% перакананы: ён вытрымае.
«Якія могуць быць у бацькі пачуцьці, калі судзяць ягонага сына ні за што? Так, канечне, я вельмі моцна расстроены. Але я ганаруся сваім сынам. У сваім апошнім слове сын выказаў усё, што ён думае пра гэту ўладу. Я яго цалкам падтрымліваю. У інтэрнэце майго сына называюць „нязломны Вінаградаў“. На 100% перакананы: ён вытрымае. І як Паша сёньня сказаў, ён выйдзе і будзе змагацца з гэтай уладай».

Павал Вінаградаў

27-гадовы праграміст Андрэй Пратасеня ня быў грамадзкім актывістам, не цікавіўся палітыкай, на плошчы апынуўся выпадкова, трапіў пад уплыў натоўпу і пару разоў ударыў па шчыце АМАПаўца. За гэта атрымаў 3 гады. Аляксандар, старэйшы брат Андрэя Пратасені, кажа, што зараз самае складанае — паведаміць пра прысуд маці:

«Я расцэньваю гэты прысуд як цалкам неабгрунтаваны, несправядлівы і недастойны судоў».

Карэспандэнтка: «Вы ведаеце свайго брата. Вытрымае ён гэта? Усё ж такі турма — выпрабаваньне вельмі жорсткае».

«У свайго брата я веру на 100%. Я перакананы, што адтуль ён выйдзе чалавекам, якім быў і да турмы. Ён мужны, моцны, сумленны хлопец. Я думаю, яго гэта ня зломіць. Са свайго боку я яго буду падтрымліваць, як змагу».

Усе пяцёра абвінавачваюцца ва ўдзеле ў масавых беспарадках. І хоць адвакаты даволі грунтоўна і пераканаўча даводзілі да абвінавачваньня, што не было падпалаў, пагромаў, узброенага супраціву, гвалту над асобай, відавочна, што гэты артыкул 293 Крымінальнага кодэксу будзе шырока прымяняцца і да астатніх удзельнікаў плошчы.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG