Лінкі ўнівэрсальнага доступу

МАЗ прадаецца ці аб'ядноўваецца? 


Паводле адной з вэрсій, КамАЗ стане ўладальнікам 100% акцый МАЗа, а беларускі бок атрымае значна меншы пакет камазаўскіх. Ці вартая ідэя рэалізацыі?

Першае паседжаньне працоўнай групы ў справе магчымага аб'яднаньня КамАЗа і МАЗа адбудзецца ўжо сёньня. Экспэрты лічаць, што асноўная праблема паўстане падчас ацэнкі беларускага аўтагіганта: калі аўдытам актываў Камскага аўтазаводу займаюцца адпаведныя міжнародныя службы, то кошт МАЗа ў літаральным сэнсе прыкідваецца "на вока". Між тым, няма гарантыі, што беларускія ўлады ўвогуле пойдуць далей нейкіх абяцаньняў.

Напачатку сакавіка генэральны дырэктар Менскага аўтазаводу Аляксандар Бароўскі паведаміў, што на імя Аляксандра Лукашэнкі дасланая іншая прапанова на супрацоўніцтва – ад групы ГАЗ, якая базуецца ў Ніжнім Ноўгарадзе.

Намеры прыхапіць стратэгічнае прадпрыемства расейцы выказваць досыць даўно
Валянцін Лопан, колішні дарадца генэральнага дырэктара Менскага аўтазаводу, кажа, што намеры прыхапіць стратэгічнае прадпрыемства расейцы выказваць досыць даўно. Але, на яго думку, прадаваць "фамільнае срэбра" няма ніякай пільнай патрэбы:

"Усім гэтым размовам ужо больш за тры гады -- то група ГАЗ пачынае, то КамАЗ. Адны толькі размовы – давайце наладзім што-небудзь разам. Але шчыра скажу: з гледзішча тэхнікі, тэхналёгій МАЗу ў КамАЗа ўзяць няма чаго. Тэхнічны ўзровень КамАЗа значна ніжэйшы за мазаўскі. Таму ніякага вялікага сэнсу ва ўсім гэтым не праглядаецца… Так, ёсьць праблемы, але, як гаворыцца, трэба працаваць, ніколі ня трэба здавацца, арыентавацца на іншыя накірункі.

Канечне, расейскі рынак – адзін зь нямногіх, якія растуць, прынамсі мае добрыя пэрспэктывы росту па аўтамабілях увогуле і па грузавых у прыватнасьці. Натуральна, зь яго нельга проста так сыходзіць і аддаваць яго нейкім канкурэнтам. Пазыцыі трэба ўтрымліваць, хоць задача таксама зараз не з простых – надзвычай моцная канкурэнцыя з Кітаю. Таму, на маё меркаваньне, трэба проста зьмяніць сваё стаўленьне да таго, як надалей працаваць на расейскім рынку".

Экспэрты лічаць, што зьдзелка, прапанаваная на ўмовах КамАЗа, па-сутнасьці будзе азначаць пераход МАЗа пад кантроль расейцаў.
Экспэрты лічаць, што зьдзелка, прапанаваная на ўмовах КамАЗа, па-сутнасьці будзе азначаць пераход МАЗа пад кантроль расейцаў. У выніку завод можа пераўтварыцца ў зборачны цэх асобных агрэгатаў, паколькі самі прадстаўнікі "Ростехнологии" заяўлялі: іх перадусім цікавіць зборка кабінаў, рухавікоў, каробак перадач. Да таго ж, калі КамАЗ прэтэндуе на 100-працэнтны кантроль над МАЗам, то беларускі бок можа атрымаць усяго 25% акцый КамАЗа. А гэта значыць, ня будзе нават права так званага блякуючага голасу ў выпадку спрэчнай сытуацыі. Праўда, паводле іншых крыніцаў, разглядаецца варыянт абмену акцыямі ў іншай прапорцыі -- 48% камазаўскіх на 48% мазаўскіх.

Адзін зь лідэраў прафсаюзнага руху Беларусі Аляксандар Бухвостаў кажа, што тэарэтычна капіталізацыя беларускай вытворчасьці, састарэлай як фізычна так і маральна, неабходная. Але закуліснасьць зьдзелак для такога шматтысячнага калектыву як МАЗ патрабуе адказаў на многія важныя пытаньні:

Для нас ва ўмовах свабоднай рынкавай галоўнае – заробак, галоўнае – працоўныя месцы.
"Цяпер, на жаль, няма ўплыву нашых прафсаюзных арганізацый на тым жа МАЗе. Але там ёсьць, напрыклад, дзяржаўны прафсаюз, як мы яго называем. І гэтыя прафсаюзы павінны рубам паставіць пытаньне: ці будзе страта працоўных месцаў? Які прагназуецца памер заробку? Вось галоўныя пытаньні, якія ў зьвязку з гэтым павінны ўздымаць мы, прафсаюзы. А ня ў тым пляне, хто прыйдзе і чыя ўласнасьць гэта будзе.

Аляксандар Бухвостаў
Таму што для нас ва ўмовах свабоднай рынкавай галоўнае – заробак, галоўнае – працоўныя месцы. Бо чым хутчэй мы ўцягнемся ў свабодны рынак, тым хутчэй прыйдзе дэмакратыя ў Беларусь. І вось менавіта ў гэтым рэчышчы я разглядаю працэс аб'яднаньня як пазытыўны крок. Але, зь іншага боку, нэгатыўны падтэкст бачу ў тым, што ўсё гэта робіцца дзесьці за нейкімі шырмамі, не агучваюцца прынцыпы аб'яднаньня і г.д.".

Апошняе слова ў лёсе Менскага аўтазаводу ў любым выпадку застанецца за Аляксандрам Лукашэнкам. 100% акцый МАЗа належыць дзяржаве, і голас працоўнага калектыву ў працэсе пераразьмеркаваньня фондаў практычна нічога ня варты.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG