Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сьведка Багданаў: «Пра дзеяньні Ліхавіда нічога ня памятаю»


Суд над Мікітам Ліхавідам.
Суд над Мікітам Ліхавідам.
У Партызанскім судзе Менску працягваецца працэс над актывістам руху «За свабоду» Мікітам Ліхавідам, якога абвінавачваюць ва ўдзеле ў масавых беспарадках 19 сьнежня.

Паводле выстаўленага абвінавачаньня Мікіту Ліхавіду пагражае 8 гадоў зьняволеньня. Пра гэта сёньня неаднаразова нагадвала прысутным у судзе адвакат Дар’я Ліпкіна, матывуючы падрабязнасьць сваіх пытаньняў і спыняючы пацярпелых, калі яны казалі неакрэсьлена. Сёньня былі дапытаныя астатнія пацярпелыя і адзін сьведка, а ў канцы судовага дня пачалі вывучаць матэрыялы справы. За час апытаньня пацярпелых судзьдзя двойчы выносіла заўвагі тым, хто адказваў на пытаньні няпэўна ці камэнтаваў словы адваката. Аднак аднаго разу і адвакату была вынесеная заўвага — за паўтарэньне пытаньняў, на якія, паводле судзьдзі, ужо былі атрыманыя адказы.

Сярод пацярпелых сёньня былі ў асноўным навічкі — тыя, хто ня быў задзейнічаны на былых працэсах у справе падзей 19 сьнежня. Што да атрыманых траўмаў, то гэтыя навічкі выказваліся больш няпэўна, чымсьці тыя 15 пацярпелых, якія выступалі на ўчорашнім паседжаньні. Большасьцю яны атрымлівалі ўдары «нейкім тупым прадметам» і часта іх паказаньні ў судзе разыходзіліся з тым, што было ў справе. Прыкладам, на судзе пацярпелы казаў, што атрымаў удар па галаве, а ў справе фігуруе плячо. Тлумачэньне такіх разыходжаньняў было наступнае — «забыў».

Некаторыя пацярпелыя, аднак, сьведчылі больш упэўнена. Вось што казаў пацярпелы Масальскі.

«Адразу паступі другі ўдар — чым, мне невядома. З боку сьпіны, вельмі цяжкім. Я стаяў, нахіліўшыся, і ўдар прыйшоўся ў вобласьць ягадзіцы. Я паваліўся, трымаюся за нашага супрацоўніка. Мяне разам зь ім іншыя супрацоўнікі паднялі. Але хто мне дапамагаў, згадаць зараз не магу».

Яшчэ больш цікавымі былі сьведчаньні міліцыянта Аляксандра Багданава, заяўленага абвінавачаньнем сьведкам. Адвакат Ліпкіна хутка высьветліла, што сьведчыць Багданаву асабліва няма пра што. Дзеяньні Ліхавіда на плошчы ён не змог згадаць і шчыра прызнаў, што памятае яго толькі ў ізалятары на Акрэсьціна — калі падпісваў пратакол аб затрыманьні актывіста. Між тым Мікіта Ліхавід заявіў, што Багданаў хлусіць, бо не афармляў ягоны пратакол. Адметна, што калі адвакат пачала задаваць ўдакладняльныя пытаньні сьведку адносна гэтага эпізоду, судзьдзя Натальля Пыкіна пытаньні адхіліла. Цікава, што і адносна падзей на плошчы, якія сьледзтва разглядае як масавыя беспарадкі, сьведка ня змог нічога пэўнага паведаміць. «Забыў, шмат часу мінула», — адказваў Аляксандар Багданаў на просьбы згадаць падрабязнасьці тых падзеяў.

Вось як вынікі судовага дня пракамэнтаваў праваабаронца Валянцін Стэфановіч.

«Сёньня за дзень было дапытана 16 пацярпелых, і варта адзначыць, што ніводны зь іх не патлумачыў суду аб дзеяньнях Ліхавіда на плошчы. І ніхто не сказаў, што лічыць сябе пацярпелым менавіта ад Ліхавіда. А таксама быў дапытаны сьведка Багданаў, які быў указаны ў гэтай жа якасьці ў матэрыялах аб адміністрацыйным парушэньні Ліхавіда. І той таксама сказаў, што ня бачыў дзеяньняў Ліхавіда на плошчы, а падпісаў пратакол толькі таму, што Ліхавіда прывезьлі на Акрэсьціна. Гэта значыць, ён фактычна пацьвердзіў, што лжэсьведчыў».

Стэфановіч пра суд над Ліхавідам
пачакайце

No media source currently available

0:00 0:02:32 0:00
Наўпроставы лінк


Працэс працягнецца 24 сакавіка. Назіральнікі кажуць пра вялікую верагоднасьць прысуду ў гэты дзень.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG