Каго судзяць за Плошчу: абвінавачаныя у крымінальнай справе аб масавых беспарадках 19.12.10 вачыма сяброў, калегаў, сваякоў.
З Мікітам Ліхавідам я і мае паплечнікі па руху "За Свабоду" пазнаёміліся, калі ён пасьля мінулых прэзыдэнцкіх выбараў зьявіўся ў руху. Быў яшчэ непаўнагадовым…
Але нягледзячы на свой такі малады ўзрост, Мікіта быў вельмі разумны, адукаваны і заўсёды меў свой погляд і пазыцыю, якія мог абгрунтавана адстаяць. Заўсёды быў вельмі ідэйным і прынцыповым маладым чалавекам, ніколі б не пагадзіўся нешта рабіць супраць сваіх перакананьняў і сумленьня. Да справы, за якую браўся, ставіўся зь вялікай адказнасьцю. Такі ніколі не падвядзе.
У сяброў заўсёды выклікала павагу ў ім такая важная рыса, як самастойнасьць. Сёньня вельмі шмат маладых людзей у такім узросце, як у Мікіты, залежаць ад бацькоў і не думаюць нават пра сваю будучыню, але ён не з такіх.
Можна дакладна казаць, што Мікіта – гэта чалавек, які заўсёды дапаможа і выслухае чалавека, які будзе з павагай ставіцца да выбару сваіх сяброў, дапамагаць ім. Дый як раз гэтай рысы бракуе сёньняшняй моладзі, якая выхоўваецца бацькамі савецкага выхаваньня, якое шмат чаго зрабіла, каб чалавек не адчуваў сабе самастойнай асобай ды з павагай ставіўся да людзей навокал.
Вось менавіта таму, адыходзячы з кожным днём ўсё далей ад савецкага мінулага, такія самастойныя, добрыя людзі, як Мікіта вельмі будуць патрэбны нашаму грамадзтву, старое пакаленьне якога яшчэ не разумее важнасьць шчырых, адкрытых, па-сапраўднаму добрых і незалежных асобаў.
І на Плошчу у дзень выбараў 19 сьнежня, як сам напісаў у лісьце, Мікіта пайшоў, каб адстойваць свае ідэалы і будучыню краіны.
Неаднаразова падчас арышту яму прапаноўвалі напісаць ліст прэзыдэнту –абяцалі выпусьціць, але ён вельмі рашуча адмовіўся, ніякіх апраўданьняў пісаць ня стаў... Мы ўсе шчыра упэўнены, што Мікіта ня з тых людзей, якія маглі бы зрабіць учынак, за які можна трапіць у турму.
Зараз мы, я і нашы агульныя сябры вельмі перажываем за лёс Мікіты. Спадзяемся на лепшае і верым у тое, што будучыня Мікіты, якая сёньня залежыць ад судзьдзяў, будзе пакладзена на той шлях, на якім ляжыць будучыня сапраўднага патрыёта Беларусі, свабоднага сына, шчырага сябра.
Спадзяёмся, што з залі суда мы выйдзем разам, на Свабоду.
Ірына Бохан, сябра руху “За Свабоду”