Лінкі ўнівэрсальнага доступу

На судовым канвэеры -- Ліхавід, Дашкевіч і Лобаў


22 сакавіка ў Менску пачынаюцца адразу два суды над ўдзельнікамі падзеяў у сьнежні мінулага году – Мікіту Ліхавіда будуць судзіць ў Партызанскім судзе Менску, лідэраў "Маладога фронту" Зьмітра Дашкевіча і Эдуарда Лобава – ў Маскоўскім судзе Менску.

Суд над Мікітам Ліхавідам пачнецца раніцай. Працэс будзе весьці судзьдзя Натальля Пыкіна. Абараняць абвінавачанага будзе адвакат Дар'я Ліпкіна.

Мікіту Ліхавіду -- 20 гадоў, ён студэнт-завочнік Менскага інстытуту кіраваньня, апошні час жыў і працаваў у Вільні. Ліхавід быў затрыманы 19 сьнежня на плошчы Незалежнасьці і асуджаны на 15 сутак адміністратыўнага арышту. У турме юнака дапытвалі сьледчыя КДБ. Ліхавіду высунулі абвінавачаньне ва ўдзеле ў масавых непарадках. Паводле зьвестак, у сьледзтва ёсьць відэа з удзелам Мікіты Ліхавіда ў падзеях каля ўваходу ў Дом Ураду.

Фармальна справа кіраўнікоў "Маладога фронту" Зьмітра Дашкевіча і Эдуарда Лобава, якіх пачнуць судзіць ў Маскоўскім судзе а 14-ай гадзіне, з падзеямі на Плошчы не зьвязаная. Актывістаў арыштавалі за дзень да выбараў паводле абвінавачаньня ў злосным хуліганстве. Нібыта яны зьбілі двух мінакоў у Менску на вуліцы Янкі Брыля.

Дашкевіч і Лобаў кажуць, што гэта была правакацыя спэцслужбаў з мэтай ізаляваць іх напярэдадні Плошчы. Паводле хлопцаў, на іх напалі невядомыя, прычым першым ударам ззаду быў зьбіты з ног Дзяніс Лазар, які на працэсе будзе сьведкам.

Маці Эдуарда Лобава Марына спадзяецца, што суд усё ж дасьць веры ягоным паказаньням, а не двух пацярпелых. Іх словы Марына Лобава лічыць хлусьнёй: "Яны кажуць, што на іх напалі і першымі ўдарылі. Мой сын, нібыта, і Дашкевіч. За тое, што яны папрасілі запаліць. Хаця насамрэч пасьля гэтага пытаньня яны як раз напалі. Іх было чацьвёра. Дарэчы, таксама несупадзеньне ў паказаньнях пацярпелых, калі яны кажуць, што іх было толькі два. Тады хто ззаду ўдарыў Лазара гэтак, што ён упаў? Таму яны і кажуць, што Лазар стаяў, а не паваліўся".

Тры месяцы Зьміцер Дашкевіч і Эдуард Лобаў ужо знаходзяцца ў зьняволеньні – спачатку ў Жодзінскім СІЗА, зараз – у турме на вуліцы Валадарскага ў Менску. Паводле зьвестак ад абодвух актывістаў, да іх да апошняга часу працягвалі прыходзіць сьледчыя з вайсковай контрвыведкі КДБ з пытаньнямі адносна дзейнасьці апазыцыі.

"Да справы аб злосным хуліганстве гэта ня мае ніякага дачыненьня", -- заўважае намесьнік старшыні "Маладога фронту" Наста Палажанка, якая лістуецца са Зьмітром Дашкевічам. Дашкевіча дагэтуль трымаюць ў камэры, дзе вязьням не хапае ложкаў і людзі сьпяць на самаробных гамаках.

"Банальна не хапае месца нават на падлозе, і людзі сьпяць у гамаках паміж нарамі. Нацягваюць вяроўкі, на іх прасьціну, атрымліваецца нешта кшталту гамаку. І вось на такім прыстасаваньні ён сьпіць", -- пераказвае ліст Дашкевіча Наста Палажанка.

Абараняць Зьмітра Дашкевіча і Эдуарда Лобава будуць адвакаты Мар'яна Сямешка і Алена Аўсяньнікава, а судзіць будзе судзьдзя Алена Шылько. Паводле меркаваньня адвакатаў, працэс можа ня ўкласьціся ў адзін дзень.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG