Каго судзяць за Плошчу: абвінавачаныя у крымінальнай справе аб масавых беспарадках 19.12.10 вачыма сяброў, калегаў, сваякоў.
Эдуард Лобаў — мужны чалавек, надзейны сябра, добры таварыш, які ніколі не падставіць, ня кіне ў бядзе. Такім яго ведаюць сябры, паплечнікі па “Маладым фронце” й войску. З выгляду сьціплы і неганарлівы юнак, але з моцным духам і гартаваным характарам. Эдуард такі чалавек, што калі бярэцца за справу, ніколі ня кіне яе. Ён звыкся даводзіць усё да канца.
Для Эдуарда нескладана апынацца ў спартанскіх умовах, ночыць наўпрост на драўляных дошках, прайсьці кілямэтраў 15, каб разьмяцца... Спадзяемся і верым, што цяперашняе выпрабаваньне лёсу ён вытрымлівае годна.
Эдуард Лобаў у восьмай клясе вырашыў зьвязаць сваё жыцьцё з вайсковай службай. Чытаў адмысловую літаратуру, займаўся спортам. Пасьля заканчэньня школы адразу і з задавальненьнем пайшоў служыць у элітную 103-ю мабільную брыгаду ў Віцебску. У войску многія тэхнічныя характарыстыкі ведаў на памяць. Аднак, апынуўшыся ў войску, Эдуард заўважыў неадпаведнасьць дэклярыцыяў існай сытуацыі. Маўчаць ня стаў, гаварыў аб праблемах тэрміновай службы. Падтрымліваў прызванага ў тую ж частку маладафронтаўца Андруся Цянюту. І ўсьлед за ім і быў адпраўлены на гаўптвахту перад самым звальненьнем у запас. Такім чынам і далучыўся да дзейнасьці “Маладога фронту”.
Як апавядае вайсковы паплечнік Эдуарда Андрусь Цянюта, на Эдуарда можна спадзявацца й даверыць сваё жыцьцё ў складанай сытуацыі: "Без ваганьняў пайшоў бы з Эдзікам у бой, ведаючы, што ён прыкрые мяне ў выпадку бяды".
"З намі Бог!" — падпісвае напрыканцы ліста з турмы Эдуард Лобаў. Верым, што на судовым працэсе 22 сакавіка Божая любоў і ласка будзе апірышчам і дапамогаю для палітвязьняў. Молімся аб вызваленьні нашых паплечнікаў, молімся, каб судзьдзя быў справядлівы і адчуў па-над сабою ўладу найвышэйшага судзьдзі — Госпада.
Юльян Місюкевіч, актывіст "Маладога фронту"