Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Старшыня магілёўскага БНФ прайграў суд КДБ


Зьміцер Салаўёў (справа) і прадстаўнік яго інтарэсаў на працэсе праваабаронца Барыс Бухель зьдзіўленыя прысудам.
Зьміцер Салаўёў (справа) і прадстаўнік яго інтарэсаў на працэсе праваабаронца Барыс Бухель зьдзіўленыя прысудам.
21 сакавіка суд Ленінскага раёну Магілёва не задаволіў скаргу кіраўніка абласной арганізацыі Партыі БНФ Зьмітра Салаўёва на дзеяньні кіраўніка ўправы КДБ па Магілёўскай вобласьці Ігара Сергяенкі. Салаўёў дамагаўся, каб суд прызнаў незаконным і скасаваў рашэньне паставіць яго на прафіляктычны ўлік у КДБ, а таксама папярэджаньне, вынесенае ад імя Сергяенкі.

Зьмітра Салаўёва паставілі на ўлік і папярэдзілі за, як пазначана ў рашэньні КДБ, неаднаразовыя спробы арганізацыі ў Магілёве мерапрыемстваў, якія маглі б пацягнуць за сабой грубае парушэньне грамадзкага парадку, а таксама за ўдзел у акцыі пратэсту на плошчы Незалежнасьці 19 сьнежня.

Суду Слаўёў заявіў, што дзеяньні кіраўніка абласнога КДБ лічыць палітычна матываванымі:

«Любое абвінавачваньне ў незаконнай дзейнасьці ёсьць кампрамэтацыяй як мяне асабіста, так і партыі БНФ у Магілёўскай вобласьці. Гэта галоўны чыньнік таго, чаго яны дамагаюцца, выпісаўшы сваё папярэджаньне. Папярэджаньне цалкам незаконнае, бо няма доказаў маёй незаконнай дзейнасьці. Я ня ведаю, як можна груба парушыць грамадзкі парадак, ускладаючы кветкі».

Салаўёў суду даводзіў, што паводле беларускага заканадаўства КДБ можа выносіць папярэджаньні толькі асобам, схільным да ўчыненьня крымінальных злачынстваў. Што да яго, то ён не рабіў нічога такога, што можна было б расцаніць як крымінал.

Прадстаўнік адказьніка, юрыст абласной управы КДБ Аляксандар Чашко прэтэнзіі актывіста не прызнаў. Пазыцыю спэцслужбы аргумэнтаваў гэтак:

Я б прасіў скаржнікаў вучыць нармальна нормы заканадаўства й не вучыць КДБ.
«Паводле нашага меркаваньня, скаржнікі ня так трактуюць нормы дзейнага заканадаўства ў галіне працы органаў дзяржаўнай бясьпекі, у прыватнасьці пра пастаноўку грамадзянаў на прафіляктычны ўлік. Надалей я б прасіў скаржнікаў вучыць нармальна нормы заканадаўства й не вучыць КДБ непатрэбнымі парадамі».

Аляксандар Чашко прасіў суд пакінуць скаргу Салаўёва без задавальненьня, бо скончыўся адведзены законам месячны тэрмін, каб абскардзіць рашэньне кіраніцтва магілёўскага КДБ.

Судзьдзя Юлія Трапыніна, якая напачатку заявіла, што сёньня толькі папярэднія слуханьні грамадзянскай справы, праз чатыры гадзіны нечакана для ўдзельнікаў працэсу зачытала рашэньне суду. Трапыніна падтрымала аргумэнты КДБ: прэтэнзіі фронтаўца пакінуць без задавальненьня, бо парушана працэдура абскарджваньня.

Зьміцер Салаўёў будзе абскарджваць рашэньне Ленінскага суду Магілева ў абласным судзе.

На ўлік Зьмітра Салаўёва паставілі 5 студзеня. Опэрупаўнаважаны КДБ Андрэй Махуноў паведаміў яму пра гэта 12 студзеня. У суд актывіст зьвярнуўся 22 лютага. Да гэтага ён намагаўся абскардзіць рашэньне абласнога КДБ у старшыні КДБ Беларусі Ігара Зайцава, але марна. Нагодай для папярэджаньня стала ўскладаньне кветак да будынку, дзе ў 1918 годзе магілёўцы прызналі ўладу БНР у горадзе, а таксама да крыжа «Ахвярам Чарнобылю».
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG