Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Рэзалюцыя ААН па Лібіі: Мядзьведзеў супраць Пуціна


Кіраўнік расейскага ўраду Ўладзімер Пуцін, выступаючы на Воткінскім заводзе, асудзіў рэзалюцыю Рады бясьпекі ААН па Лібіі, паводле яго яна “зьяўляецца непаўнавартаснай і недасканалай, яна дазваляе ўсё і нагадвае сярэднявечны заклік да крыжовых паходаў. Фактычна яна дазваляе ўварваньне ў сувэрэнную краіну”.

На думку Пуціна, палітыка ЗША па ўмяшаньні ў канфлікты ў іншых краінах становіцца ўстойлівай тэндэнцыяй, у якой "няма ні сумленьня, ні лёгікі”.

На думку прэм’ера Расеі рэжым у Лібіі не адпавядае заходнім стандартам дэмакратыі, аднак “нікому ня дадзена права ўмешвацца ва ўнутрыпалітычныя канфлікты”. Пуцін адзначыў, што падзеі ў Лібіі сьведчаць аб тым, што Расея прыняла правільнае рашэньне ўмацоўваць абараназдольнасьць.

Сёньня ж прэзыдэнт Расеі Дзьмітры Мядзьведзеў завочна запярэчыў прэм’еру. Кіраўнік РФ заявіў журналістам, што ня лічыць рэзалюцыю Рады бясьпекі ААН па Лівіі “няправільнай”: “Я лічу, што гэтая рэзалюцыя ў цэлым адлюстроўвае і наша разуменьне таго, што адбываецца ў Лібіі, але не ва ўсім. Нельга гаварыць, што мы не разумеем, што робім. І біць сябе крыламі па корпусе”.

Мядзьведзеў падкрэсьліў, што “паводзіны Кадафі былі пачварнымі і цяперашняя апэрацыя зьяўляецца наступствам злачынстваў супраць народу”.

Сёньня газэта “Коммерсант” апублікавала матэрыял, у якім падае сваю вэрсію паводзінаў Расеі падчас прыняцьця рэзалюцыі ААН па Лібіі. Расея, як і Кітай, не наклалі на рэзалюцыю вэта, а толькі ўстрымаліся пры галасаваньні. Паводле выданьня, прэзыдэнт Мядзьведзеў настойваў на тым, каб Расея падтрымала рэзалюцыю. За дзень да пачатку ваеннай апэрацыі быў адпраўлены ў адстаўку пасол РФ у Лібіі Ўладзімер Чамаў, які падтрымліваў Кадафі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG