Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Гомельская апазыцыя: і зноў “двойка”


На “двойку” вызначыў дзеяньні ўсёй гомельскай апазыцыі падчас мінулай выбарчай кампаніі жлобінскі грамадзкі актывіст Анатоль Папоў. Ацэнка яго прагучала на абласным форуме дэмакратычных арганізацыяў, які адкрыўся 12 сакавіка ў Гомелі й будзе працягвацца яшчэ і заўтра, 13 сакавіка.

На форуме падсумоўваюцца вынікі прэзыдэнцкай выбарчай кампаніі, аналізуецца сытуацыя ў рэгіёне, узаемадзеяньне розных палітычных партый, грамадзкіх арганізацый і рухаў падчас выбарчай кампаніі, а таксама выпрацоўваецца сумесная стратэгія на будучыя парлямэнцкія выбары, якія маюць адбыцца ў 2012 годзе.

Яшчэ напярэдадні выбарчай кампаніі ў гомельскай апазыцыі вызначыўся разлад. Некаторыя актывісты старэйшага пакаленьня, у ліку якіх адзін з заснавальнікаў дэмакратычнага руху ў рэгіёне, сябра АГП й руху “За свабоду” Уладзімер Кацора, прытрымліваліся прынцыпу: ня будзе ў асяродку дэмакратычных сілаў адзінага кандыдата на прэзыдэнты, ня будзе й падтрымкі падчас збору подпісаў ніводнаму кандыдату.

Уладзімер ачоліў у рэгіёне кампанію “За справядлівыя выбары” – стаў арганізаўваць вучобу назіральнікаў й сачыць за падрыхтоўкай і правядзеньнем выбараў. За гэта, дарэчы, Уладзімер Кацора й атрымаў ад жлобінскага актывіста Папова пэрсанальную “тройку”.

Іншая пазіцыя была ў рэгіянальнага каардынатара руху “За свабоду” Пятра Кузьняцова й ягоных паплечнікаў з Беларускага незалежніцкага блёку, а цяпер стваранай кааліцыі “Беларускі выбар”. Паколькі лідэр руху Аляксандар Мілінкевіч адмовіўся ўдзельнічаць у выбарах у якасьці кандыдата ў прэзыдэнты, “рухаўцы” сталі зьбіраць подпісы ў падтрымку Алеся Міхалевіча. Праз збор подпісаў, агітацыю й лякальнае назіраньне больш маладая частка апазыцыянэраў жадала набрацца досьведу ў галоўнай палітычнай кампаніі.

Рэгіянальны каардынатар стваранай партыі “Беларуская хрысьціянская дэмакратыя” Рыгор Клімовіч заявіў на форуме, што апазыцыйныя палітыкі не змаглі дамовіцца пра адзінага кандыдата таму, што з самага пачатку выбарчай кампаніі “ня верылі ў перамогу”.

“Усё рассыпаліся, усе кінуліся туды, дзе больш грошай”, – сказаў спадар Клімовіч. – У штабе Рымашэўскага я застаўся адзін”.

У грамадзтве пачалі дзяліць кандыдатаў на “прарасейскіх”, на “прарэўрапэйскіх”, “услодніх”, “заходніх”, “левых”, “правых”. Шэраговыя выбарцы гублялі арыентацыю.

Былы дэпутат Вярхоўнага Савету, сябра АГП Марат Афанасьеў са Жлобіну заявіў падчас выступу, што задача апазыцыйных актывістаў “ня сучыцца”, а даць людзям канрэтныя адказы на палітычныя і эканамічныя выклікі. Напрыклад, чаму ўлада так жорстка разагнала Плошчу? Чаму пры валавым унутраным прадукце блізу 60 мільярдаў даляраў мы маем сёньня 27 мільярдаў доўгу? Чаму не зацікаўленыя выканкамы ў рэалізацыі прапановаў, якія сыходзяць ад апазыцыі?

“Лукашэнка ўладквааў сабе добрае жыцьцё, – падсумаваў спадар Афанасьеў, – а ўсе мы апынуліся ў гета”.

Гомельскі грамадзкі актывіст Кастусь Жукоўскі наагул лічыць, што няўзгодненасьць у дзеяньнях апазыцыйных кіраўнікоў і на нацыянальным, і на рэгіянальным узроўні падчас выбарчай кампаніі назіралася таму, што не было “сапраўднай барацьбы за Радзіму і нейкія там ідэалы. Барацьба ішла за тое, каб займець кантроль за пэўнымі фінансавымі рэсурсамі й не пусьціць іншага. Маладая апазыцыя змагаецца са старой. Радзіма і перамога нікому не былі патрэбныя”.

Анатоль Папоў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG