Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Карта паляка» супраць козыраў Палаты прадстаўнікоў


Канстытуцыйны суд Беларусі будзе праводзіць экспэртызу польскага закону пра «карту паляка». Судзьдзі ацэняць, наколькі ён адпавядае агульнапрызнаным прынцыпам і нормам міжнароднага права. Падставай для гэтага стаў зварот у суд дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў.

Сёньня ўвечары на апошнім пленарным паседжаньні пазачарговай сэсіі Палаты прадстаўнікоў дэпутаты прагаласавалі за зварот у Канстытуцыйны суд. Іх не засмучае, што польскі закон пра карту паляка будзе разглядаць суд іншай краіны — Беларусі.

Такое права ў беларускага Канстытуцыйнага суду сапраўды ёсьць, сказаў «Свабодзе» былы намесьнік старшыні першага складу суду Валеры Фадзееў:

«Такое права Канстытуцыйнаму суду дэкрэтам прэзыдэнта нададзена. Гэта дэкрэт № 14 2008 году. Там якраз гаворыцца пра права (ці абавязак) Канстытуцыйнага суду выказваць думку пра нарматыўна-прававыя акты, у тым ліку і іншых дзяржаў, калі яны закранаюць інтарэсы Рэспублікі Беларусь, на прадмет іх адпаведнасьці міжнародным нормам».

Кіраўнік міжнароднай камісіі Палаты прадстаўнікоў Ігар Карпенка, які пачаў абмеркаваньне пытаньня, сказаў, што, на ягоную думку, гэты закон дзеліць частку жыхароў Беларусі на добрых і дрэнных, і што гэта можа паўплываць на стабільнасьць у нашым грамадзтве.

Закон пра „карту паляка“, які прымаўся без уліку думкі беларускага боку, супярэчыць прынцыпам узаемасуседзтва і ўзаемнай павагі паміж дзяржавамі.
«Асабіста ў мяне няма ніякага сумневу, што закон Рэспублікі Польшча пра „карту паляка“, які прымаўся без уліку думкі беларускага боку, супярэчыць прынцыпам узаемасуседзтва і ўзаемнай павагі паміж дзяржавамі. Ён носіць дыскрымінацыйны характар і падзяляе грамадзян адной дзяржавы на ўладальнікаў „карты паляка“, якія маюць права на льготы, і тых, хто ніякіх ільгот не атрымлівае».

Намесьнік старшыні непрызнанага беларускімі ўладамі Саюзу беларускіх палякаў Мечыслаў Яськовіч, наадварот, упэўнены: закон пра «карту паляка» нікому ў Беларусі не перашкаджае. І асобы з прызнанага ўладамі Саюзу таксама могуць атрымаць такую карту:

«І ніхто нікога ня дзеліць. Калі яны захочуць быць палякамі, то пойдуць у консульства, будуць размаўляць па-польску, будуць ведаць культуру і традыцыі нашага народу, атрымаюць карту. Няма тут ніякіх праблем.

А для чаго гэта цяпер робіцца? Я думаю, што калі няма чым людзей зацікавіць новым, то выцягваюць старое як сьвет — падзяляй і ўладар. Беларусы самі найбольш пакрыўджаны народ у сваёй хаце.
Беларусы самі найбольш пакрыўджаны народ у сваёй хаце.
Так што ня трэба нас палохаць, ня трэба казаць пра пакрыўджаных. Хтосьці хоча нас зноў скруціць. А гэта мы ўжо ў гісторыі праходзілі».

Якія могуць быць прававыя наступствы, калі Канстытуцыйны суд Беларусі вырашыць, што польскі закон не адпавядае агульнапрызнаным прынцыпам і нормам міжнароднага права, спытаў я спадара Фадзеева.

«Непасрэдных ніякіх наступстваў тут быць ня можа. Але гэта тычыцца правоў чалавека. І калі будуць нейкія пытаньні, і наша краіна ўбачыць, што там ёсьць супярэчнасьці зь міжнароднымі актамі ў галіне правоў чалавека, то, відаць, можна будзе зьвярнуцца ў ААН, у камітэт па правах чалавека ААН. Але калі нават зьвяртацца ў міжнародныя структуры, то трэба даказаць, якім чынам гэта тычыцца Беларусі, яе дзяржаўных інтарэсаў».

Падчас абмеркаваньня пытаньня пра «карту паляка» ў Палаце прадстаўнікоў прагучала, што такую карту маюць больш за 14,5 тысячы чалавек, і што ў Беларусі жыве 400 тысяч этнічных палякаў.

Карта паляка — гэта дакумэнт, які пацьвярджае прыналежнасьць да польскага народу. Уладальнік карты паляка мае правы, замацаваныя Законам «Аб карце паляка», які быў прыняты Соймам Рэспублікі Польшча 7 верасьня 2007 году.

«Карту паляка» мае права атрымаць асоба, якая ня мае польскага грамадзянства альбо дазволу на сталае пражываньне на тэрыторыі Рэспублікі Польшча і пры тым заяўляе пра сваю прыналежнасьць да польскага народу і выконвае абавязкі, якія вынікаюць са згаданага закону.

Для атрыманьня карты трэба валодаць польскай мовай на базавым узроўні, мець сваякоў-палякаў альбо тых, хто меў польскае грамадзянства (бацька, маці, бабуля, дзядуля, прабабуля, прадзядуля). Карта сапраўдная цягам 10 гадоў з дня выдачы і пры наяўнасьці адпаведнай заявы падаўжаецца на наступныя 10 гадоў.

Уладальнік карты мае права атрымліваць доўгатэрміновую шматразовую візу для знаходжаньня на тэрыторыі Польшчы і легальна працаваць там без атрыманьня дазволу на працу, займацца прадпрымальніцкай дзейнасьцю нароўні з польскімі грамадзянамі, праяжджаць па чыгунцы з 37-працэнтнай скідкай.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG