Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Гарадзенцы пра "карту паляка"


Польскае консульства ў Гародні
Польскае консульства ў Гародні
"Карту паляка" ў Беларусі пачалі выдаваць тры гады таму ў польскіх консульствах. Закон "Аб карце паляка" Сэйм Польшчы прыняў у верасьні 2007 году, а ўступіў у сілу ён праз шэсьць месяцаў. Сёньня "карту паляка" нескладана атрымаць удзельнікам апазыцыйнага Саюзу палякаў, які падтрымлівае Польшча. Дзеячы ж праўладнага Саюзу, якім кіруе Станіслаў Сямашка, наадварот, разьлічваць на яе ня могуць.

Гарадзенец Андрэй Дубікоўскі кажа, што сёньня ня мае дачыненьня да праўладнага Саюзу палякаў, але раней рэдагаваў яго газэту, таму па "карту паляка" нават не зьвяртаўся:
"Карта паляка" — амаль што дакумэнт Эўразьвязу ...

"Я са словаў тых таварышаў, што развалілі Саюз палякаў, — "вораг польскай дзяржавы і паплечнік дыктатуры Лукашэнкі", што абсалютнае глупства. А да "карты паляка" як чалавек стаўлюся станоўча і лічу, што яна адпавядае ўсім міжнародным нормам. "Карта паляка" — амаль што дакумэнт Эўразьвязу. Проста яна выкарыстоўваецца таксама ў розных палітычных гульнях. Мяне ніхто ня зьменіць, я нарадзіўся ў польскай сям’і, у мяне мама, тата, дзяды-прадзеды —усе палякі. Я адчуваю сябе палякам перш за ўсё, але я грамадзянін Рэспублікі Беларусь".

Ян Роман належыць да апазыцыйнага Саюзу палякаў і мае "карту паляка". Што яна дае яму асабіста?

"Чалавек, які мае "карту паляка", атрымлівае гадавую візу і можа 365 дзён знаходзіцца на тэрыторыі Польшчы. Акрамя гэтага — страхоўка, і ня трэба тлумачыць памежнікам польскім, зь якой мэтай ты едзеш. Польская нацыянальная віза выдаецца бясплатна, і яна дае права наведваць краіны Шэнгенскай зоны".

Гарадзенец сталага ўзросту Вітольд Іваноўскі дапамагаў знаёмым зьбіраць дакумэнты для атрыманьня "карты паляка". Ці праўда, што некаторыя беларусы таксама імкнуцца атрымаць "карту паляка"?

"Ведаеце, яны — тутэйшыя. Так, як тутэйшыя палякі, яны адначасова і палякі, і беларусы. Гэта складана. Нельга правесьці рубеж: альбо — альбо. Той жа Міцкевіч сябе лічыў і палякам, і ліцьвінам".

Нямала тых, хто жыве з памежнага гандлю, імкнуліся хутчэй атрымаць "карту паляка", мяркуе спадар Іваноўскі:

"Я так лічу: многія з мэркантыльных меркаваньняў зыходзілі, яна дае права лёгка атрымаць візу. Некаторыя зь мяжы жывуць толькі, нідзе не працуюць, а толькі езьдзяць сюды-туды і някепска сябе адчуваюць".

Сам Вітольд Іваноўскі з "картай паляка" не сьпяшаецца, хаця мае падставы, каб на яе разьлічваць:

"Я, напрыклад, нарадзіўся, калі яшчэ была Польшча. Яшчэ пяць гадоў жыў у Польшчы. А потым мяне "вызвалілі ад польскага ярма".

Гарадзенец Ян Роман кажа, што яму няцяжка было атрымаць "карту паляка":

"Ёсьць пасьведчаньне аб нараджэньні, дзе запісана, што мае бацькі палякі. Была размова з консулам: я валодаю польскай мовай, маю пэўныя веды з гісторыі, і праз два месяцы атрымаў "карту паляка".

Ян Роман кажа, што "карту паляка" можа атрымаць любы, хто пацьвердзіць сваё польскае паходжаньне -- дастаткова адзнакі ў пашпарце, што ты паляк паводле нацыянальнасьці. І ў пасьведчаньні аб нараджэньні трэба, каб было запісана, што адзін з бацькоў — паляк.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG