Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Жыхары Астравеччыны патрабуюць даць кватэру старшыні раённага суду


Васямнаццаць грамадзянаў Астравецкага раёну паставілі свае подпісы пад калектыўным зваротам да міністра юстыцыі Беларусі і старшыні Гарадзенскага абласнога суду. Грамадзяне патрабуюць, каб старшыні Астравецкага раённага суду Аляксандру Дзямешчыку мясцовыя ўлады выдзелілі ўрэшце асобную кватэру.

У звароце гаворыцца, што Аляксандар Дзямешчык працуе старшынёй раённага суду ўжо тры гады і ўвесь гэты час дабіраецца на працу са Смаргоні на ўласным аўта.

Грамадзяне ж, у сваю чаргу, занепакоеныя тым, што спадар Дзямешчык вельмі загружаны працай і практычна ня мае магчымасьці бачыць сваю сям’ю, а таксама паўнавартасна адпачываць пасьля працы.

У звароце таксама канстатуецца, што ўласныя кватэры і нават катэджы маюць у раёне ня толькі ўсе чыноўнікі такога рангу, але і іх дзеці і блізкія.

Жыхары раёну, якія паставілі свае подпісы пад зваротам, лічаць, што старшыня Астравецкага райвыканкаму А. Кавалько такім чынам імкнецца "трымаць судзьдзю на кароткім павадку", бо той вельмі ўважліва і аб’ектыўна ставіцца да разгляду судовых спраў і тым самым бароніць правы звычайных грамадзян ад чыноўніцкіх зьдзекаў.

Ініцыятарам звароту да міністра юстыцыі і старшыні Гарадзенскага абласнога суду выступіў астравецкі актывіст, сябра партыі АГП Іван Крук. Ён лічыць, што ад цяперашняй чыноўніцкай сваволі варта бараніць і саміх чыноўнікаў, якія "праўдай і верай служаць свайму народу".
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG