Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У камэры Паўла Вінаградава вязьні сьпяць па чарзе


Павал Вінаградаў
Павал Вінаградаў
У Фрунзенскім судзе Менску будуць судзіць прэсавага сакратара выбарчага штабу Андрэя Саньнікава Алеся Атрошчанкава. Пра гэта паведаміла ягоная жонка Дар’я Корсак са спасылкай на адваката:

«Як высьветлілася, справа ўжо патрапіла ў Фрунзенскі суд. Вядомае імя судзьдзі — гэта Чаркова Тацяна, але калі пачнецца працэс, пакуль невядома. Адвакат бачылася з Алесем 3 лютага, калі закончылі азнаямленьне са справай».

Алеся Атрошчанкава вінавацяць ва ўдзеле ў масавых баспадарках 19 сьнежня. Яму пагражае да 8 гадоў зьняволеньня. Вядома, што Алесь сваёй віны не прызнае.

Сёньня ж Дар’я Корсак атрымала ліст ад мужа. Той апісвае парадкі ў камэры: харчы, якія атрымліваюць вязьні, яны складваюць і дзеляць пароўну. «Гэта дапамагае захаваць добрыя адносіны паміж сукамэрнікамі, што ў турме надзвычай важна», — кажа жонка.

Перададзеныя ў суд і матэрыялы крымінальнай справы супраць яшчэ аднаго ўдзельніка падзей 19 сьнежня — Дзьмітрыя Мядзьведзя. Пра гэта журналістам паведаміла ягоная жонка Тацяна. Пасьля заканчэньня сьледзтва Тацяне дазволілі сустрэчу з мужам у сьледчым ізалятары на вуліцы Валадарскага.

«Муж верыць, што ўсё скончыцца добра і ён хутка вернецца дадому», — сказала жонка Дзьмітрыя Мядзьведзя, якога таксама абвінавацілі ва ўдзеле ў масавых непарадках. Дзень суду над Мядзьведзем яшчэ не прызначаны.

У панядзелак, 21 лютага, пачнецца азнаямленьне з матэрыяламі справы Мікіты Ліхавіда, маладзёвага актывіста, якога спачатку трымалі ў Жодзінскім СІЗА, а потым перавялі на «Валадарку». Пра гэта паведаміла маці вязьня Алена.

Паводле зьвестак адваката Мікіты Ліхавіда, ягоную справу могуць накіраваць ў суд ужо ў лютымі і тады на пачатку сакавіка адбудзецца суд.

Разам зь Мікітам Ліхавідам на «Валадарцы» трымаюць актывіста «Гавары праўду» Паўла Вінаградава. У лісьце дамоў Павал нядаўна паведаміў, што ў іх камэры на болей як 20 вязьняў толькі палова ложкаў, таму даводзіцца спаць па чарзе. Адвакат спрабуе дамагчыся зьмены меры стрыманьня для Паўла на падпіску пра нявыезд, паведаміў бацька актывіста Юры Вінаградаў.

«Стаміўся ён ад чаканьня. Адвакат сказаў, што трэба ўзяць характарыстыку і даведку адтуль, дзе жыве. Гэта патрэбна дзеля таго, каб зьмянілі меру стрыманьня».

Ва Ўладзімера Някляева, Андрэя Саньнікава, Міколы Статкевіча і Алеся Міхалевіча справы без істотных зьменаў: сёньня не было зьвестак пра сьледчыя дзеяньні з іх удзелам. Назіральнікі не выключаюць, што суды над экс-кандыдатамі ў прэзыдэнты пачнуцца пасьля таго, як пройдуць працэсы шараговых удзельнікаў падзеяў 19 сьнежня.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG