Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Расейскі дыплямат: ня блытайце крымінал і палітыку


Будынак пасольства РФ у Менску
Будынак пасольства РФ у Менску
Расея будзе надалей пасьлядоўна і прынцыпова абараняць правы і свабоды сваіх грамадзянаў Арцёма Брэўса і Івана Гапонава. Пра гэта сёньня заявіў у размове са «Свабодай» дарадца амбасады Расейскай Фэдэрацыі ў Беларусі Вадзім Гусеў. У расейскім дыппрадстаўніцтве лічаць, што ў беларускіх уладаў няма доказаў абвінавачваньняў, якія выстаўленыя двум грамадзянам Расеі.

Арцёма Брэўса і Івана Гапонава беларускія ўлады абвінавачваюць у кантактах з экс-кандыдатамі ў прэзыдэнты, у таемнай змове паміж сабой, сілавых акцыях супраць прадстаўнікоў праваахоўных органаў. Расейская амбасада ў сваёй заяве сьцьвярджае, што «на сёньня даказаная толькі прысутнасьць Брэўса і Гапонава на плошчы сярод дзясяткаў тысяч незадаволеных беларусаў. Аднак па гэтым факце беларускі суд раней вынес сваё рашэньне, паводле якога расейцы ўжо панесьлі адміністрацыйнае пакараньне».

Заява амбасады вытрыманая ў рэзкім тоне. І адступацца ад яе расейскія дыпляматы не зьбіраюцца, сказаў сёньня «Свабодзе» дарадца амбасады Вадзім Гусеў. А на пытаньне, калі можна чакаць новай рэакцыі з боку Расеі, спадар Гусеў адказаў так:

«Чакаем. Ня будзем пакуль нічога казаць, ня будзем парушаць „рэжым цішыні“. Чакаем суду. І ўжо тады будзем глядзець — у залежнасьці ад рашэньня суду».
Чакаем суду. І ўжо тады будзем глядзець — у залежнасьці ад рашэньня суду.


Суд над расейцамі пачнецца ў аўторак, 22 студзеня. Але МУС Беларусі ўжо цяпер публічна, празь дзяржаўныя мэдыі абвінаваціла Арцёма Брэўса і Івана Гапонава ў супраціве ўладам. Гэты факт расейская амбасада назвала «грубым інфармацыйным укідам па адчувальным пытаньні».

Як рэагуюць на такія заявы ў Міністэрстве замежных спраў Беларусі? Прэсавы сакратар міністэрства Андрэй Савіных адказвае: «афіцыйнай рэакцыі з боку МЗС на гэта няма й быць ня можа»:

«На нашу думку, выступленьне Міністэрства ўнутраных спраў Беларусі як раз і зьяўляецца адказам на неаднаразовыя заявы амбасады па дадзенай тэме, якія пасьля, агулам кажучы, сама ж амбасада ахарактарызавала як сумнеўную публічную палеміку».

Цікаўлюся ў Вадзіма Гусева, калі гэта амбасада называла свае ўласныя заявы «сумнеўнай публічнай палемікай»? Расейскі дыплямат патлумачыў:

«Справа ў тым, што мы ў сваёй заяве пра выказваньне прадстаўніка беларускага МУСу адзначылі: некарэктна ў сувязі са справай Брэўса і Гапонава заяўляць, што тут расейцы нагнятаюць крымінагенную сытуацыю. І якраз па гэтым пытаньні мы сапраўды не зьбіраемся ўцягвацца ў публічную палеміку. Бо, па-першае, калі мы прывядзем адпаведныя лічбы, то яны будуць не на карысьць беларускага боку. А па-другое, мы ня лічым справядлівым зьвязваць гэтыя два абсалютна розныя пытаньні. Гэта нішто іншае, як вырваць словы з кантэксту».

Расея будзе дыстанцыявацца ад таго, што адбываецца ў Беларусі, і ня будзе яе адвакатам.
Палітоляг, дацэнт Маскоўскага дзяржаўнага інстытуту міжнародных дачыненьняў Кірыл Коктыш лічыць: пазыцыя амбасады Расеі цалкам кладзецца ў агульны кантэкст зьменаў, якія адбываюцца цяпер у дачыненьнях Масквы і Менску. Гэта і заявы міністра замежных спраў Сяргея Лаўрова, і сустрэча амбасадара Аляксандра Сурыкава з роднымі беларускіх палітвязьняў, і шмат што іншае:

«Пасьля таго, як прэзыдэнт Мядзьведзеў сказаў, што дасьць даручэньне Міністэрству замежных спраў зафіксаваць яго пазыцыю ў беларускім пытаньні, ніякіх іншых паводзінаў ужо быць і не магло. Канечне, ужо зразумела, што Расея будзе дыстанцыявацца ад таго, што адбываецца ў Беларусі, і ня будзе яе адвакатам.

А калі зьвярнуць увагу на ўчорашнюю заяву Эўрапарлямэнту наконт стану правоў чалавека ў Расеі, то можна заўважыць — дакумэнт даволі дакладна паўтарае ўсё тое, што выказваў у якасьці пажаданьняў прэзыдэнт Мядзьведзеў. Такім чынам, можна сказаць, што Эўрапарлямэнт уступіў у расейскую перадвыбарчую кампанію на баку Мядзьведзева. І таму можна казаць, што выбудоўваецца расейска-эўрапейскі кантэкст. І гэты кантэкст будзе азначаць агульную эўрапейска-расейскую пазыцыю адносна Беларусі. Прынамсі, да гэтага ўсё ідзе».
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG