Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Амбасада Расеі супраць МУС Беларусі


Амбасада Расеі ў Менску
Амбасада Расеі ў Менску
Амбасада Расеі ў Менску выступіла з рэзкай заявай з нагоды паведамленьня МУС Беларусі наконт віны расейскіх грамадзянаў Арцёма Брэўса і Івана Гапонава ў масавых беспарадках.

«У той час як расейскі бок захоўваў „рэжым цішыні“ з прычыны завяршэньня сьледзтва і перадачы справаў расейцаў у суд, у тым ліку каб ня быць абвінавачаным у ціску на трэцюю ўладу, МУС рэспублікі, наадварот, пры падтрымцы дзяржаўных СМІ робіць грубы інфармацыйны ўкід па адчувальным для нас пытаньні », — гаворыцца ў заяве амбасады РФ, перададзенай у сераду ў агенцтва «Інтэрфакс-Захад».

Напярэдадні намесьнік начальніка аддзела галоўнага ўпраўленьня крымінальнага вышуку МУС Беларусі Аляксандр Шарэйка заявіў, што сьледчыя органы валодаюць відэаматэрыяламі, на якіх быў зафіксаваны момант супраціву органам улады двума грамадзянамі Расеі А. Брэўса і І. Гапонова.

«У ходзе апэратыўна-вышуковых мерапрыемстваў 19-20 сьнежня ў Менску былі затрыманыя два грамадзяніны Расеі — А. Брэўс і І. Гапон, якія аказвалі супраціў органам улады падчас масавых беспарадкаў у Менску. Гэта зафіксавана відэаматэрыяламі», — сказаў прадстаўнік МУС.

У гэтай сувязі ў заяве расейскай амбасады гаворыцца: «Мы неаднаразова заяўлялі і пацьвярджаем, што нашы суайчыньнікі ў катэгарычнай форме адпрэчваюць любыя абвінавачваньні ў сваім актыўным удзеле ў несанкцыянаваным мітынгу 19 сьнежня 2010, у кантактах з экс-кандыдатамі ў прэзыдэнты, у таемнай змове паміж сабой, сілавых акцыях супраць прадстаўнікоў беларускіх праваахоўных органаў і да т.п.» «Як паказалі матэрыялы сьледзтва, зь якімі былі азнаёмленыя А. Брэўс і І. Гапонаў, доказаў абвінавачваньняў, якія выстаўленыя нашым грамадзянам, да гэтага часу прад’яўлена не было», — адзначаецца ў заяве расейскай дыпмісіі.

У ёй гаворыцца, што «на сёньня даказаная толькі прысутнасьць А. Брэўса і І. Гапонава на плошчы сярод дзясяткаў тысяч незадаволеных беларусаў. Аднак па гэтым факце беларускі суд раней вынес сваё рашэньне, па якім расейцы ўжо панесьлі адміністрацыйнае пакараньне».

У заяве амбасады падкрэсьліваецца, што «расейскі бок з моманту арышту расейскіх грамадзян 19 сьнежня 2010 г. займаў, займае і будзе займаць пасьлядоўную і прынцыповую пазыцыю ў справе абароны правоў і свабодаў сваіх грамадзянаў».

«Зыходзім з таго, што беларускі суд усебакова і аб’ектыўна разгледзіць прадстаўленыя сьледзтвам матэрыялы спраў расійскіх грамадзян», — гаворыцца ў заяве амбасады РФ.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG