Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Рок-каранацыя: таленты скончыліся


«Рок-каранацыя-2008», 29 лютага 2008
«Рок-каранацыя-2008», 29 лютага 2008
18 лютага ў канцэртнай залі "Менск" адбудзецца 15-я "Рок-каранацыя". Але сёлета галоўная музычная рок-падзея году зьменіць фармат. Замест звыклага ўзнагароджаньня музыкаў рок-каронамі ў розных намінацыях адбудзецца вялікі канцэрт, у якім возьмуць удзел ляўрэаты папярэдніх фэстаў.

На пытаньне, чаму зьменены фармат, няўжо сапраўды няма на беларускім рок-небасхіле талентаў, заснавальнік "Рок-каранацыі" і арганізатар усіх 15-ці імпрэзаў Юры Цыбін адказаў так:

Юры Цыбін
"На дадзены момант скончыліся. Ня бачым, ніводнага таленту ня бачым. Сапраўды... Таму мы і праводзім гала-канцэрт, а не фэстываль, як раней заўжды рабілі, з адборачнымі турамі. Праўда, пакуль што ў Беларусі новых талентаў няма..."

Карэспандэнтка: "Менавіта новых? А старыя ж ёсьць..."

"Так, старыя ў нас будуць удзельнічаць у фэсьце. Канечне, дзякуй Богу, што яны сёньня ў добрай форме, нешта робяць. Але новых ня бачу!"

Уладальнік вялікай колкасьці рок-карон у розных намінацыях, лідэр "Нэйра Дзюбэлю" Аляксандар Кулінковіч часткова пагаджаецца з Юрыем Цыбіным:

"Ну так, мы жывыя... Але насамрэч ня ўсе... Ну, хто застаўся з тых часоў? Тры–чатыры гурты, пальцаў адной рукі хопіць: "Палац", "Дзюбэль", "NRM", "Крама". Калі паглядзець, якая колькасьць каманд была ў 1995 годзе і колькі зараз, колькі гуртоў распалася... Насамрэч, вельмі шмат музыкаў сышло".

Зьміцер Падбярэскі
Музычны крытык і сябра журы 14-ці "Рок-каранацыяў" Зьміцер Падбярэскі выказаў сваё меркаваньне наконт новага фармату імпрэзы:

"Мне асабіста гэта ня вельмі падабаецца, таму што была традыцыя штогод адзначаць лепшых у многіх намінацыях. Для беларускай музыкі 15-годзьдзе – гэта значны кавалак часу. Арганізатары вырашылі зрабіць гэта ў форме вялікага канцэрту – ну што ж, могуць сабе гэта дазволіць!"

Але, нягледзячы на зьмены, на галаканцэрце будуць вызначаны пераможцы ў дзьвюх намінацыях – "Лепшы альбом" і "Лепшы гурт". У сьпіс прэтэндэнтаў вылучаны ўладальнікі ўзнагародаў за ўвесь час існаваньня фэсту, кажа Юры Цыбін:

"Гэта па выніках 15-годзьдзя. А вызначаць будуць слухачы прасунутыя, якія заходзяць у інтэрнэт, чытаюць сайты, выданьні беларускія. Ну, канечне ж, і крытыкі музычныя, якім мы давяраем. Усе, хто цікавіцца беларускім рок-н-ролам".

Аляксандар Кулінковіч
І ўсё ж такі – што азначае гэты фэстываль для саміх рок-музыкаў? Аляксандар Куллінковіч кажа:

"Для мяне "Рок-каранацыя" – гэта ў першую чаргу кантакты, зносіны зь сябрамі. Вельмі многія музыкі сустракаюцца толькі на "Каранацыях", тут можна ўсіх пабачыць. Раней, у 1990-я гады, гэта было ўсё ж такі прызнаньнем заслугаў. Тады гэта ўсё было больш шчыра, мы атрымлівалі ўзнагароды за лепшы альбом году неаднаразова, першая "Рок-карона", якую мы атрымалі – тады гэта было захапленьне, замілаваньне да сьлёз. Але здорава, здорава, што ўсё гэта ёсьць".

Ледзьве ня кожны год арганізатары фэсту, якія робяць яго без усялякай падтрымкі дзяржавы, кажуць, што няма больш сілаў, "Каранацыя" будзе апошняй... Але адолелі ўжо паўтара дзясятка "каранацыяў". На пытаньне, ці будзе 16-я, Юры Цыбін адказаў так:

"Я ня ведаю... Калі ў мяне хопіць сіл, то я буду рабіць гэты фэст. Паспрабую і надалей, калі хопіць сіл. Бо 15 фэстаў правесьці – гэта сапраўды цяжка".

Юбілейная, 15-я "Рок-каранацыя" пройдзе 18-га лютага а 18-й гадзіне ў канцэртнай залі "Менск". Запрошаныя "Нэйра Дзюбель", "Крама", "N.R.M.", "Без білета", "Drum Eхtasy", "Палац", "Kriwi", "Rasta" і іншыя.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG