Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Васіль Парфянкоў папрасіў адваката дапамагчы ў абскарджваньні прысуду


Васіль Парфянкоў
Васіль Парфянкоў
Адразу пасьля абвяшчэньня прысуду актывісту «Гавары праўду» Васілю Парфянкову ён папрасіў адваката дапамагчы ў абскарджваньні прысуду, які лічыць несправядлівым.

Судзьдзя Вольга Комар пасьля таго, як зачытала прысуд Васілю Парфянкову аб пазбаўленьні волі ў калёніі строгага рэжыму на 4 гады, зьвярнулася да абвінавачанага, ці зразумелы яму прысуд і ці ведае ён тэрміны абскарджваньня прысуду.

Судзьдзя Вольга Комар

Адказ на свае пытаньні судзьдзя атрымала станоўчы. Адразу пасьля гэтага міліцыянты запатрабавалі ад прысутных пакінуць залю, а Васіль Парфянкоў папрасіў падысьці адваката Ігара Папкоўскага. Ужо празь некалькі хвілінаў адвакат Папкоўскі падыйшоў да журналістаў, якія адмыслова чакалі яго ў калідоры суду. Ігар Папкоўскі адразу паведаміў, што ня згодны з прысудам, як і ягоны падабаронны.

Адвакат Ігар Папкоўскі
«Лічу, што падставы для абскарджваньня ёсьць. Вышэйшыя судовыя інстанцыі правераць аб’ектыўнасьць прысуду. Ва ўсякім разе вы самі чулі, што паводле ўзброенага супраціву, які нібыта аказваў Парфянкоў міліцыі, суд гэта зьняў. Гэта зроблена цалкам аб’ектыўна. Маё меркаваньне такое, што гэтаксама мусілі зьняць і пашкоджаньне маёмасьці».

Карэспандэнт БТ: «А відэа, якое у судзе паказвалі, хіба яно не даказвае віну абвінавачаньня?»

«Мяркую, вы ўсе самі назіралі, што пэўна рабіў Парфянкоў паводле відэазапісу. Я лічу, што там ёсьць толькі тое, што ён і прызнае. Ён сапраўды прызнае, што наносіў удары па нейкіх агароджах, якія там былі за разьбітымі шыбамі. І тут Парфянкоў сумленна прызнае гэта. Як і ягоны ўдзел у мітынгу, пра які ён сумленна распавядае. Таму тут ён таксама заслужыў зьмягчэньне пакараньня».

На пытаньне «Свабоды», ці ня лічыць ён працэс палітычным, адвакат Ігар Папкоўскі сказаў, што не займаецца палітыкай, але кожнаму ў судовай залі было ўсё бачна. Заўважу таксама, што карэспандэнты БТ на судзе не прысутнічалі, а чакалі ягонага заканчэньня ў калідоры.

Адвакат Ігар Папкоўскі працуе ў Фрунзэнскай калегіі адвакатаў. Спадар Папкоўскі прызнаў, што апынуўся ў абаронцах Парфянкова таму, што ў пэўны час дзяжурыў па калегіі. Грошай з Парфянкова за абарону ён браць ня будзе, але, як сказаў адвакат, сваю справу зьбіраецца рабіць сумленна, паколькі даражыць сваім адвакацкім імём. Гэта было сказана ў перапынку яшчэ да судовых спрэчак.

Што да спрэчак, адвакат Папкоўскі выступаў каля 20 хвілін, пракурор Загародзкі ўклаўся ў 5. Назваў доказам віны Парфянкова відэастужкі і часткова ягоныя паказаньні, а тое, што большасьць віны ён не прызнае, назваў спробай ухіліцца ад адказнасьці.

Вось пра што казаў адвакат. Па-першае, ён выказаў меркаваньне, што людзі, ў тым ліку Парфянкоў, мелі права сабрацца на Кастрычніцкай плошчы, каб выказаць сваё меркаваньне адносна вынікаў выбараў, якімі яны былі незадаволеныя.

Другі важны момант, які падкрэсьліваў адвакат — што абвінавачаньне гэтак і не даказала, што ў людзей была нейкая зброя ці рэчы, якімі яны зьбіраліся ўзломваць дзьверы дзяржаўных устаноў. Адвакат таксама падверг сумневу, што былі масавыя непарадкі. Прыкладам, ён згадваў, што падчас шматтысячнага шэсьця па праспэкце Незалежнасьці не была пашкоджаная ніводная вітрына, не пацярпелі будынкі, рэклямы. І нарэшце, адвакат падкрэсьліў, што няма ніводнага доказу, што Парфянкоў пэўна нешта зламаў з таго сьпісу пашкоджанай маёмасьці, які склала сьледзтва. А гэта шкло шасьці зь сямі дзьвярэй, вадазборныя трубы ды зялёныя насаджэньні.

Судзьдзя Вольга Комар, аднак, да меркаваньня адваката Ігара Папкоўскага ў большасьці момантаў не прыслухалася.

Дарэчы, зь невялікім спазьненьнем, але на суд прыйшла і маці Васіля Парфянкова. Жанчына сядзела ў кутку залі і нікому не называлася. Але карэспандэнту «Свабоды» Валянціна Парфянкова ўсё ж пагадзілася адказаць на некалькі пытаньняў, калі даведалася, што я прадстаўляю недзяржаўны СМІ.

— Ці вы асуджаеце свайго сына?

— Не, не асуджаю.

— А як вы тлумачыце тое, што зь ім адбылося, што ён пайшоў на плошчу?

— Кожны чалавек выражае свае меркаваньні так, як ён можа. Ён вырашыў, што яму трэба туды пайсьці, і колькі яго не адгаворвалі, не саступіў.

— Вы былі на судзе, чулі, што казаў пракурор, адвакат, сьведкі. Як вы думаеце, ці даказана віна вашага сына?

— Не, не даказана. Якое ён зрабіў злачынства? Хіба злачынства тое, што ён біў па гэтых шафах? Ці ён каго забіў, каго параніў? Такога ж не было. І чаму хочуць павесіць увесь зыск на яго аднаго? Хіба ён там быў адзіны? Хіба гэта справядліва?

Маці Валянціна Парфянкова

Прадстаўнік абвінавачаньня Антон Загародзкі выказаў задавальненьне прысудам. Адносна таго, што Васілю Парфянову прысудзілі кампэнсаваць аднаму ўсе страты, пракурор сказаў:

«Грамадзянскі пазоўнік выставіў патрабаваньне аб кампэнсацыі стратаў на 14 мільёнаў. Я, прадстаўнік абвінавачваньня, гэты пазоў цалкам падтрымліваю».

Прадстаўнік абвінавачаньня Антон Загародзкі

Паводле закону падаць папярэднюю скаргу на прысуд трэба цягам 10 дзён. Адвакат намераны гэта зрабіць неадкладна.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG