Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Мастоўскі суд адмовіў Алене Давідовіч ва ўзбуджэньні справы па яе скарзе


Алена Давідовіч скардзілася ў суд на пастанову камісіі па справах непаўналетніх пры Мастоўскім райвыканкаме. Пасьля ананімнага даносу на яе камісія вынесла папярэджаньне "аб адказнасьці за неналежнае выкананьне бацькоўскіх абавязкаў па выхаваньні і ўтрыманьні дзяцей, забесьпячэньні аховы іх жыцьця і здароўя".

Алена Давідовіч адна выхоўвае двух дзяцей. Падчас прэзыдэнцкіх выбараў удзельнічала як актывістка БХД у камандзе Віталя Рымашэўскага, была назіральніцай на выбарчым участку.

Пасьля выбараў высьветлілася, што яшчэ 16 сьнежня на яе паступіла ананімная заява пра тое, што яна нібыта пакідае дзяцей надоўга, ходзіць па суседзях, просіць, каб тыя зь імі пасядзелі.

Разгледзеўшы ананімку, камісія тады папярэдзіла Алену Давідовіч, а таксама вынесла рашэньне, што раённы сацыяльна-пэдагагічны цэнтар павінен правесьці зь ёю "растлумачальную прафіляктычную працу". Алена Давідовіч з такім рашэньнем камісіі не пагадзілася і абскардзіла яго ў суд.

Суд адмовіў ёй на падставе таго, што пазоўніца не ўлічыла парадак папярэдняга пазасудовага разгляду справы. Яна, маўляў, павінна была спачатку зьвярнуцца са скаргай у Мастоўскі раённы камітэт, якому падначаленая камісія па справах непаўналетніх, і толькі пасьля яе рашэньня пісаць скаргу ў суд.

Алена Давідовіч кажа, што напісала скаргу ў суд з тае прычыны, што ў пастанове, вынесенай адносна яе камісіяй па справах непаўналетніх, гаворыцца аб тым, што яна можа зьвяртацца са скаргай на рашэньне камісіі як у суд, так і ў Мастоўскі раённы камітэт.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG