Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Электарат зь віламі пабяжыць прасіцца назад, у сацыялізм»


Міхась Залескі
Міхась Залескі

Урад мае намер павялічыць тарыфы жыльлёва-камунальнай гаспадаркі за пяць гадоў болей, чым у два разы. Цяпер насельніцтва аплачвае толькі 30 працэнтаў кошту жыльлёва-камунальных паслуг, праз 5 гадоў будзе 60 працэнтаў.

Таксама будзе скасавана міністэрства жыльёва-камунальнай гаспадаркі, якое пасьля скарачэньня колькасьці супрацоўнікаў на 50 працэнтаў увойдзе ў склад міністэрства будаўніцтва і архітэктуры ў выглядзе дэпартамэнту. Ці азначаюць плянаваныя захады рэальныя рэформы ў сфэры камунальных паслугаў? Ці можа сёньняшняя ўлада пайсьці на скарачэньне дзяржапарату? На гэтыя пытаньні адказвае эканаміст Міхал Залескі.

Цыганкоў: Ці азначае падвышэньне узроўню аплаты насельніцтвам, што ўрад проста ідзе на павышэньне цэнаў? Ці гэта будзе спалучацца з рэформай камунальнай гаспадаркі, якія дазволяць узьняць эфэктыўнасьць гэтай сфэры?

Залескі: Калі я працаваў у Інстытуце эканомікі, гэта было ў 1997 годзе, то мы распрацоўвалі выхад на 100-працэнтную аплату да 2000-га году. Прайшло 13 гадоў, і ў выніку мы замест тых 37 працэнтаў зараз аплачваем 30. Так яно і ідзе — крок наперад, два крокі назад.

Уявіце сабе, зрабі зараз гэтую 60-працэнтную аплату. Куды падзенецца наш сярэдні заробак? Выляціць у трубу — разам з грэчкамі і яечкамі. Электарат зь віламі пабяжыць прасіцца назад, у сацыялізм. Гэта трэба ўраду? Не, ня трэба.

Цыганкоў: Таксама 16 сьнежня было аб’яўлена, што будзе скасавана міністэрства жыльёва-камунальнай гаспадаркі, якое пасьля скарачэньня колькасьці на 50 працэнтаў увойдзе ў склад Міністэрства будаўніцтва і архітэктуры ў выглядзе дэпартамэнту. Калі размова ідзе пра скарачэньне дзяржапарату, праблема ў тым, што праз пэўны час ён самаданаўляецца. Таму экспэрты адзначаюць, што трэба скарачаць не людзей, а функцыі. Ці азначае перадача функцыяў у іншае міністэрства, што рэальнага скарачэньне не адбудзецца?

Залескі: Не адбудзецца. Калі я быў маленькі, мой тата як аграном хадзіў у міністэрства сельскай гаспадаркі. І я запомніў, як ён казаў, што ў міністэрстве працавала 300 чалавек, гэта было ў 1960-м годзе. А зараз у адным упраўленьні эканомікі гэтага міністэрства ці не 320. Тое самае будзе і дэпартамэнтам жыльлёва-камунальнай гаспадаркі.

Больш за тое, калі паглядзець сёньняшнія ўрадавыя дакумэнты, то на гэты дэпартамэнт будуць ускладзеныя функцыі кантролю, каб былі правільна ўсталяваныя цэны, будзе ўводзіцца нарматыўнае і звышнарматыўнае выкарыстаньне паслуг ЖКГ. Слухайце, а хто выдумаў нарматыў для мяне? Я, можа, хачу, каб у мяне ў кватэры было 40 градусаў цяпла, а камусьці патрэбна 14. Я памятаю, што ў камуністаў з пасадамі заўсёды была малая аплата за жыльлё. Так што яны застануцца тымі самымі міністэрствамі, што будуць пасьвіць гэтыя ЖРЭА і ЖЭСы.
  • 16x9 Image

    Віталь Цыганкоў

    Віталь Цыганкоў скончыў факультэт журналістыкі БДУ. Адзін з двух заснавальнікаў першага недзяржаўнага агенцтва навінаў БелаПАН. Працаваў ў газэтах «Звязда», быў карэспандэнтам у Беларусі расейскай «Независимой газеты», Associated Рress, аглядальнікам у газэце «Свабода». На беларускай Свабодзе ад 1994 году. Карэспандэнт расейскай Свабоды ў Беларусі.
     

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG