Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Прыхільнікі Міхалевіча актывізуюць распаўсюд ідэі мадэрнізацыі


Кастусь Лукашоў
Кастусь Лукашоў
Прыхільнікі былога кандыдата ў прэзыдэнты Беларусі, старшыні саюзу «За мадэрнізацыю» Алеся Міхалевіча, які дагэтуль знаходзіцца за кратамі, вырашылі актывізаваць сваю дзейнасьць. Яны плянуюць арганізавацца ў палітычную сілу, а іх мэтай стане «шырокі распаўсюд ідэяў мадэрнізацыі, якія закладзеныя ў праграме экс-кандыдата ў прэзыдэнты».

У выбарчай праграме Алеся Міхалевіча слова «мадэрнізацыя» было ключавым. «Яно тычыцца многіх сфэраў нашага жыцьця» — сказаў сёньня «Свабодзе» Кастусь Лукашоў, які да вызваленьня Міхалевіча зацьверджаны яго афіцыйным прадстаўніком:

«Найперш, мы лічым, мадэрнізацыя павінна закранаць грамадзтва. Пакуль мы неяк архаічна ставімся нават да партыйнай працы. У нас чамусьці лічыцца, што мы самі нічога не вырашаем, а ўсё залежыць толькі ад улады ці ад замежжа. А людзі, нібыта, самі па сабе. Патрэбна мадэрнізацыя ў сьвядомасьці грамадзян. І гэта — найпершаснае.
Патрэбна мадэрнізацыя ў сьвядомасьці грамадзян. І гэта — найпершаснае.


Другім этапам будзе мадэрнізацыя дачыненьняў паміж тымі сіламі, якія займаюцца агульнымі мэтамі. Але робяць гэта неяк паасобку і нават з пэўнай рэўнасьцю адна да адной. Тут таксама трэба ламаць стэрэатыпы і ведаць, што мы робім адну справу. І гэта таксама пытаньне мадэрнізацыі».

Цікаўлюся ў спадара Лукашова, як будзе выглядаць саюз «За мадэрнізацыю» менавіта як палітычная сіла? Суразмоўца кажа, што форма прадстаўленьня пакуль не знойдзеная:

«Мы ня можам выкарыстоўваць саюз „За мадэрнізацыю“ як палітычную сілу, ён не для гэтага быў створаны. І таму мы ня можам весьці ад яго імя палітычную працу. Але каб арганізаваць сыстэмную працу і па дапамозе сям’і Алеся, якая апынулася ў складанай сытуацыі, і па кансалідацыі прыхільнікаў ідэяў, што закладзеныя ў яго праграме, мы ўсё ж павінны неяк фармалізавацца. І менавіта з гэтай нагоды мы зараз заяўляем пра тое, што будзем гэта рабіць.

Аднак тут важна, каб слухачы разумелі — у нашых умовах ствараць новую партыю альбо новы рух выглядае дзіўна. Таму зараз у нас будзе шмат кансультацыяў, як зрабіць, каб мы не выглядалі нейкай карлікавай установай, каб была карысьць ад нашага аб’яднаньня».

Кастусь Лукашоў таксама сказаў, што прыхільнікі Міхалевіча будуць асаблівую ўвагу надаваць працы ў рамках ініцыятывы «Беларускі выбар». У яе ўваходзяць Рух «За Свабоду», Партыя БНФ, Саюз «За мадэрнізацыю», «Зялёныя» і аргкамітэт Партыі свабоды і прагрэсу.

Актывісты саюзу «За мадэрнізацыю» ацанілі палітычныя рэпрэсіі пасьля прэзыдэнцкіх выбараў «як неадэкватную жорсткасьць сілавых структураў».
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG