Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Новы раскол у БНФ


Сядзіба БНФ у Менску
Сядзіба БНФ у Менску
85 сябраў Партыі БНФ падпісалі заяву аб нязгодзе з палітыкай кіраўніцтва і выхадзе з партыі. Сярод падпісантаў — былы старшыня партыі Лявон Баршчэўскі, прафэсар Юры Хадыка, мастак Алесь Марачкін, дэпутат Вярхоўнага Савету 12 скліканьня Галіна Сямдзянава. «Раскольнікі» кажуць, што застаюцца ў складзе грамадзкай арганізацыі БНФ і зьбіраюцца ствараць асобную палітычную арганізацыю.

У заяве 85-ці адзначаецца: «Палітыка цяперашняга кіраўніцтва Партыі БНФ не адпавядае выклікам сучаснасьці, супярэчыць самому духу нацыянальнай дэмакратыі, свабоды, маральнасьці і прынцыповасьці, зь якімі асацыюецца Беларускі Народны Фронт з часу яго заснаваньня ў 1988-м годзе».

Юры Хадыка
Адзін з тых, хто падпісаўся пад заявай, Юры Хадыка, кажа, што катэгарычна нязгодны зь цяперашнім кіраўніцтвам партыі. Ён шмат выступаў з крытыкай на соймах, але яго ня слухалі. Апрача таго, спадар Хадыка расчараваны вынікам удзелу кандыдата ад БНФ у мінулых прэзыдэнцкіх выбарах:

Хадыка: «Прадстаўнік БНФ, самай старой, самай папулярнай палітычнай сілы яшчэ некалькі гадоў таму, атрымлівае 1,6 працэнта — гэта ганьба».

Яшчэ адна прэтэнзія Хадыкі да цяперашняга кіраўніцтва Партыі БНФ — ягоны саюз з рухам «За свабоду» Аляксандра Мілінкевіча. Былы старшыня БНФ Лявон Баршчэўскі ўвогуле заявіў, што цяпер партыяй кіруе Мілінкевіч і што разам зь ім БНФ праводзіць згодніцкую палітыку адносна дзейнага рэжыму.

Вацлаў Арэшка
Адзін з тых, хто падпісаўся пад калектыўнай заявай аб выхадзе з Партыі БНФ — Вацлаў Арэшка — патлумачыў «Свабодзе», што сёньня ўвечары сябры БНФ, якія напісалі заяву пра выхад з партыі, зьбіраюцца правесьці свой сход. Магчыма, на ім пойдзе гутарка пра стварэньне новай партыі:

Арэшка: «Я лічу, што трэба ствараць палітычную арганізацыю, якая будзе рэальна адпавядаць палітычнай сытуацыі, якая будзе абапірацца і на сытуацыю ў грамадзтве, на тое, што грамадзтва сёньня зьмянілася, і адлюстроўваць нацыянальна-дэмакратычны кірунак, які сёньня ў ніводнай палітычнай структуры не выразны».

Вацлаў Арэшка заявіў пра беспэрспэктыўнасьць дыскусіі ў цяперашнім БНФ:

Арэшка: «Зьезды ў нас цяпер маніпулююцца. Яны не адпавядаюць рэальнай сытуацыі. Гэтак жа як і соймы, і ўсё астатняе. Я ня бачу сэнсу чакаць, я хачу працаваць. Беларусь рухаецца наперад, шмат што трэба неадкладна рабіць, абапіраючыся на людзей, на структуры, а гэтая структура недзеяздольная».

Рыгор Кастусёў
Калектыўную заяву сябраў БНФ аб выхадзе з партыі пракамэнтаваў намесьнік старшыні Партыі БНФ, экс-кандыдат на выбарах прэзыдэнта Рыгор Кастусёў:

Кастусёў: «Я б не сказаў, што гэта раскол. Выхад з партыі каля 100 чалавек — гэта невялікая страта. Тым больш, што гэтыя людзі на партыю ўжо не працуюць даўным-даўно, яны працуюць не на карысьць партыі, а на шкоду ёй».

Спадар Кастусёў адкінуў прэтэнзіі што да правальнага выніку ягонага ўдзелу ў мінулых выбарах:

«Я заўсёды выступаў, каб Партыя БНФ ішла на прэзыдэнцкія выбары са сваім кандыдатам. На жаль, былое кіраўніцтва не пагадзілася з гэтым ні ў 2001 годзе, ні ў 2006-м. Пабаяліся альбо не адчувалі ў сабе моцы. Або, хутчэй за ўсё, не хацелі працаваць. Гэта было лепш — аддаць камусьці партыю ў арэнду, атрымаць ад гэтага дывідэнды і спакойна жыць, ні за што не адказваючы. Я лічу, што я адпрацаваў на гэтых выбарах разам са сваімі сябрамі на ўсю моц, на ўсе 100 працэнтаў. Таму што ў такіх умовах, у якіх працавалі мы, цалкам бяз сродкаў, людзі працавалі на ідэю. І калі я зараз гляджу сваю геаграфію наведваньня рэгіёнаў Беларусі, то яна ў мяне шырэйшая, чым ва ўсіх іншых кандыдатаў разам узятых. Дзякуючы гэтай кампаніі адносіны насельніцтва Беларусі да БНФ зьмяніліся ў бок пазытыву. Станоўчы імідж Партыі БНФ рэзка ўзрос».

Рыгор Кастусёў адкінуў таксама заявы апанэнтаў, што БНФ цяпер нібыта кіруецца Мілінкевічам,

Кастусёў: «Тое, што ў нас добрыя адносіны, у мяне асабіста, зь Мілінкевічам і што Партыя БНФ дзейнічае ў саюзе з рухам „За свабоду“, тут няма нічога кепскага. Гэта наш саюзьнік. І я лічу, што гэта добра. Погляды руху „За свабоду“ і БНФ у нейкім пляне супадаюць. Людзі там нацыянальна сьведамыя. А пад каго будзе стварацца іх новая палітычная сіла — пра гэта сьведчыць тое, што першым гэты зварот апублікаваў сайт „Хартыі“. Можна здагадвацца».
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG