Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Кастусёў: "Выхад з партыі каля 100 чалавек — гэта невялікая страта"


Калектыўную заяву 85 сябраў БНФ аб выхадзе з партыі і прэтэнзіі былых аднапартыйцаў "Свабодзе" камэнтуе намесьнік старшыні Партыі БНФ, экс-кандыдат на выбарах прэзыдэнта Рыгор Кастусёў.

Карэспандэнт: "Гэты калектыўны выхад з вашай партыі можна назваць расколам?"

Кастусёў: "Я б не сказаў, што гэта раскол. Выхад з партыі каля 100 чалавек — гэта невялікая страта. Тым больш што гэтыя людзі на партыю ўжо не працуюць даўным-даўно, яны працуюць не на карысьць партыі, а на шкоду ёй. Таму гэта права гэтых людзей — заставацца ў партыі альбо выходзіць. І тое, што яны цяпер прынялі рашэньне з партыі выйсьці, зьяўляецца пацьвярджэньнем таго, што гэтыя людзі на карысьць партыі не працуюць даўно.
Гэтыя людзі на партыю ўжо не працуюць даўным-даўно, яны працуюць не на карысьць партыі, а на шкоду ёй
У іх імкненьне было адно, у свой час яны хацелі здаць партыю на карысьць іншай арганізацыі, і на зьезьдзе 2009 году яны пацярпелі паразу з гэтай прычыны. Гэта пацьвярджае, што іхная падобная дзейнасьць унутры партыі пацярпела паразу. Сябры партыі выступалі і выступаюць за тое, каб яна дзейнічала згодна свайго статуту і праграмы, удзельнічала ў выбарчай кампаніі са сваім кандыдатам. А гэтыя людзі былі супраць гэтага. Мы ведаем дакладна, што гэтыя людзі будуць ствараць новую палітычную сілу".

Карэспандэнт: "У былых вашых аднапартыйцаў ёсьць прэтэнзіі і да вас асабіста — што вы правалілі выбарчую кампанію".

Кастусёў: "Прэтэнзіі можна прад'явіць да любога чалавека, і кожны мае права даваць ацэнкі. Але калі даваць ацэнкі, трэба карыстацца лічбамі ці фактамі. Калі ж проста так казаць, што незадаволеныя, то я такія ацэнкі не ўспрымаю. Я заўсёды выступаў, каб Партыя БНФ ішла на прэзыдэнцкія выбары са сваім кандыдатам. На жаль, былое кіраўніцтва не пагадзілася з гэтым ні ў 2001 годзе, ні ў 2006-м. Пабаяліся альбо не адчувалі ў сабе моцы. Або, хутчэй за ўсё, не хацелі працаваць. Гэта было лепш — аддаць камусьці партыю ў арэнду, атрымаць ад гэтага дывідэнды і спакойна жыць, ні за што не адказваючы. Я лічу, што я адпрацаваў на гэтых выбарах разам са сваімі сябрамі на ўсю моц, на ўсе 100 працэнтаў. Таму што ў такіх умовах, у якіх працавалі мы, цалкам бяз сродкаў, людзі працавалі на ідэю. І калі я зараз гляджу сваю геаграфію наведваньня рэгіёнаў Беларусі, то яна ў мяне шырэйшая, чым ва ўсіх іншых кандыдатаў разам узятых. Дзякуючы гэтай кампаніі адносіны насельніцтва Беларусі да БНФ зьмяніліся ў бок пазытыву. Станоўчы імідж Партыі БНФ рэзка ўзрос".

Карэспандэнт: "Вы сьцьвярджаеце, што вашыя апанэнты зьбіраліся здаць партыю камусьці ў арэнду, а яны пра вас кажуць, што БНФ цяпер нібыта кіруецца звонку, рухам "За свабоду" і Мілінкевічам асабіста…"

Кастусёў: "Тое, што ў нас добрыя адносіны, у мяне асабіста, зь Мілінкевічам і што Партыя БНФ дзейнічае ў саюзе з рухам "За свабоду", тут няма нічога кепскага. Гэта наш саюзьнік. І я лічу, што гэта добра. Погляды руху "За свабоду" і БНФ у нейкім пляне супадаюць. Людзі там нацыянальна сьведамыя. А пад каго будзе стварацца іх новая палітычная сіла — пра гэта сьведчыць тое, што першым гэты зварот апублікаваў сайт "Хартыі". Можна здагадвацца".
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG