Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Суд разгледзіць скаргу Палажанкі на меру стрыманьня


Будынак КДБ у Менску.
Будынак КДБ у Менску.
53 дні таму былі арыштаваныя большасьць вязьняў турмы КДБ, якіх абвінавачваюць ва ўдзеле ў масавых непарадках 19 сьнежня. Як ідзе сьледзтва і што новага вядома пра вязьняў?

1 лютага, як і цягам усяго папярэдняга тыдня, Ала Ўладзімераўна Саньнікава зноў не атрымала ліста ад сына, экс-кандыдата ў прэзыдэнты. Нявестку, журналістку расейскай «Новай газэты» Ірыну Халіп, Але Саньнікавай таксама не ўдалося пабачыць — у сынаву кватэру, дзе Ірыну трымаюць пад хатнім арыштам, жанчыну не пускаюць. Сёньня Ала Ўладзімераўна толькі бачылася з унукам Данікам, якога вывела на прагулку няня. Маці Саньнікава гэтак камэнтуе хатні арышт Ірыны:

«Відаць, доўга думалі, што прыдумаць для яе, і нарэшце прыдумалі. Там хоць прамэнады дазваляліся, а тут нельга і з сынам выйсьці ў двор пагуляць. Нават да акна падыходзіць нельга! Раней яна пісала, каб не турбаваліся, яна ня ў клетцы, а здабывае новы досьвед. То зараз яна пэўна ў клетцы. Толькі што разам з сынам».
Раней яна пісала, каб не турбаваліся, яна ня ў клетцы, а здабывае новы досьвед. То зараз яна пэўна ў клетцы…


Бацькам Ірыны Халіп Люцыне і Ўладзімеру з учорашняга дня, 31 студзеня, забаранілі кантакты з журналістамі. «Гэта можа пашкодзіць вашай дачцэ», — папярэдзілі супрацоўнікі КДБ.

Вольга Някляева сёньня на тэлефанаваньні журналістаў адказвала, але казала, што ёй трэба пракансультавацца з адвакатам наконт таго, што ёй можна казаць, а што нельга, каб не пашкодзіць мужу. Пра тое, як пачуваецца Ўладзімер Някляеў зараз, Вольга сказала: «З кожным днём лепш».

Мілана Міхалевіч не атрымлівае ад мужа лістоў зь мінулай суботы. Затое атрымала ліст з райаддзелу міліцыі — адказ на заяву аб завядзеньні крымінальнай справы па факце ўзлому дзьвярэй і незаконнага ўварваньня ў кватэру:

«Прыйшоў адказ зь міліцыі на маю заяву. Адмовіліся заводзіць крымінальную справу. Я гэта буду абскарджваць — хутчэй за ўсё, заўтра падам заяву».

У кватэру Міхалевічаў пранікалі двойчы: першы раз — калі затрымалі кандыдата ў прэзыдэнты ноччу 20 сьнежня, другі раз — празь некалькі дзён нібыта для вобшуку. Пры гэтым дзьверы былі ўзламаныя бязь сьведак, і кватэра пэўны час заставалася незачыненай.

Жонка Мікалая Статкевіча Марына Адамовіч распавяла пра апошні ліст, які атрымала ад палітыка. Там было некалькі слоў і пра тое, як Мікалай выходзіць з галадоўкі:

«Напісаў толькі, што, магчыма, пасьля 3 лютага яму дазволяць есьці, і тады можна будзе прымаць вітаміны. Я раней яму перадавала вітаміны, і мяркую, што, пэўна, гэта пра іх гаворка».

Нагадаю, экс-кандыдат у прэзыдэнты Мікалай Статкевіч абвясьціў галадоўку пратэсту адразу пасьля арышту ў ноч на 20-га сьнежня. Зьвестак пра тое, ці дапускалі да Статкевіча адваката, у Марыны Адамовіч няма. Жанчына нагадала, што Мікалай адразу пасьля арышту адмовіўся адказваць на пытаньні сьледчых.
Сьледчыя дзеяньні — гэта ж не канфідэнцыйная сустрэча з адвакатам. Зьнешне ён выглядае быццам нармальна, але кажа, што вельмі стомлены.

Марына Фядута паведаміла, што 1 лютага ў другой палове дня да мужа пойдзе адвакат — для ўдзелу ў сьледчых дзеяньнях. Вось што адвакат казала пра здароўе Аляксандра Фядуты пасьля папярэдняй сустрэчы:

«Сьледчыя дзеяньні — гэта ж не канфідэнцыйная сустрэча з адвакатам. Зьнешне ён выглядае быццам нармальна, але кажа, што вельмі стомлены».

Таксама сьледчыя дзеяньні з удзелам адваката сёньня адбудуцца ў Аляксандра Атрошчанкава. А вось сьледчыя дзеяньні з удзелам Насты Палажанкі, папярэдне прызначаныя на 1 лютага, адмененыя. Бацька актывісткі Ўладзімер Палажанка паведаміў, што ў сераду суд Цэнтральнага раёну Менску разгледзіць скаргу на меру стрыманьня для Насты:

«Першы раз мы скардзіліся сьледзтву, нам адмовілі, і вось скардзімся ў суд. Паседжаньне адбудзецца заўтра а 9 гадзіне, але будзе закрытым».

Сваякі Анатоля Лябедзькі і Зьмітра Бандарэнкі паведамілі, што ад тых зноў няма лістоў, адвакатаў да вязьняў таксама не выклікаюць.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG