Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Толькі вызваленьне палітвязьняў ня можа быць стратэгічнай задачай палітычных сілаў»


Юры Чавусаў
Юры Чавусаў

Ці правільна тое, што апошні месяц уся апазыцыйная дзейнасьць вымушана абмежаваная дапамогай рэпрэсаваным і салідарнасьцю з палітвязнямі? Як выглядаюць каротка- і доўгатэрміновыя стратэгіі для беларускай апазыцыі? Ці павінна апазыцыя ў цяперашняй палітычнай сытуацыі праводзіць нейкія акцыі пратэсту, спрабаваць вывесьці людзей на вуліцы? На гэтыя пытаньні адказвае палітоляг Юры Чавусаў.

Цыганкоў: Відаць, натуральна, што апошні месяц асноўная дзейнасьць апазыцыйных партыяў накіраваная на салідарнасьць з палітычнымі вязьнямі. Аднак наколькі доўга можа працягнуцца такая сытуацыя, ці нармальна тое, што апазыцыя займаецца фактычна толькі гэтым?

Чавусаў: Трэба адрозьніваць актыўнасьць беларускіх палітычных сілаў у кароткатэрміновай, сярэднетэрміновай і доўгатэрміновай пэрспэктыве. У пэрспэктыве найбліжэйшага часу, калі ў Беларусі зноў зьявіліся палітвязьні, і будзе вялікі палітычны працэс, безумоўна, салідарнасьць зь імі і барацьба за іхняе вызваленьне павінна быць галоўнай задачай усіх палітычных сілаў.

У кантэксьце гэтай задачы дзейнасьць палітычных сілаў, безумоўна, карысная. Гэта і ціск звонку, і дзеяньні ўнутры краіны, як грамадзкія праявы салідарнасьці, гэтак і прававыя, як, напрыклад, кампанія паручальніцтва за арыштаваных, якая праходзіць з ініцыятывы партыі БНФ.

Аднак вызваленьне палітвязьняў ня можа быць стратэгічнай задачай палітычных сілаў. Партыя, якая канцэнтруецца выключна на дастаўку перадачаў людзям, якія знаходзяцца ў СІЗА, гэта не зусім палітычная партыя, гэта хутчэй праваабарончая арганізацыя.
Усім грамадзкім і палітычным сілам унутры Беларусі трэба змагацца, каб не паўтарылася сытуацыя, якая склалася на гэтых выбарах.


У сярэднетэрміновай пэрспэктыве ўсім грамадзкім і палітычным сілам унутры Беларусі трэба змагацца, каб не паўтарылася сытуацыя, якая склалася на гэтых выбарах. Сытуацыя правакацыі, якая ўдалася. Наступнай кропкай адліку стануць парлямэнцкія выбары.

Што да доўгатэрміновай пэрспэктывы, то задачай апазыцыі павінна быць выпрацоўка стратэгіі, якая б не дапусьціла чарговага паўтарэньня гэтых цыкляў адносінаў афіцыйнага Менску з Захадам — замірэньне, канфлікт, гандаль палітвязьнямі і зноў замірэньне. Улады сьвядома абралі варыянт дынамічнай устойлівасьці — яна пралічваюць гэтыя цыклі сварак са зьнешнімі суб’ектамі.

Цыганкоў: Ці павінна апазыцыя зараз, пакуль многія лідэры сядзяць за кратамі, праводзіць нейкія акцыі пратэсту, спрабаваць вывесьці людзей на вуліцы? З аднаго боку, столькі, колькі 19 сьнежня, ня выйдзе, зь іншага — пратэставы патэнцыял павінен неяк выражацца.

Чавусаў: Мы бачым, што ўчыненыя ўладамі рэпрэсіі, відавочна, былі накіраваныя на перакадзіроўку грамадзкай сьвядомасьці, на падвышэньне градусу страху, які быў паніжаны падчас так званай «лібэралізацыі». Таму ў дадзены канкрэтны час ініцыяваньне масавых акцыяў, па-першае, не закране значную колькасьць насельніцтва, а па-другое, можа прывесьці да зьяўленьня новых палітвязьняў.

Гэта не азначае, што грамадзкія дзеяньні ўнутры краіны беспэрспэктыўныя. Яны маюць пэрспэктыву, але ў іншых формах. Масавыя акцыі — толькі сродак дзеля дасягненьня пэўных палітычных мэтаў. І зараз, у дадзены канкрэтны пэрыяд, больш эфэктыўныя іншыя сродкі.
  • 16x9 Image

    Віталь Цыганкоў

    Віталь Цыганкоў скончыў факультэт журналістыкі БДУ. Адзін з двух заснавальнікаў першага недзяржаўнага агенцтва навінаў БелаПАН. Працаваў ў газэтах «Звязда», быў карэспандэнтам у Беларусі расейскай «Независимой газеты», Associated Рress, аглядальнікам у газэце «Свабода». На беларускай Свабодзе ад 1994 году. Карэспандэнт расейскай Свабоды ў Беларусі.
     

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG