Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Расейскія экспэрты: “Лукашэнку няма куды падзецца, акрамя Расеі”



Новы беларуска-расейскі нафтавы канфлікт, заява міністра С. Лаўрова, які салідарызаваўся з эўрапейскімі патрабаваньнямі да афіцыйнага Менску, жорсткі тон расейскіх тэлеканалаў адносна беларускай сытуацыі – што азначаюць гэтыя крокі? Як яны стасуюцца з пазыцыяй Захаду наконт вынікаў беларускіх выбараў? На гэтыя пытаньні Свабоды адказваюць расейскія палітолягі - дырэктар Міжнароднага інстытуту палітычнай экспэртызы Яўген Мінчанка і дырэктар Інстытуту нацыянальнай стратэгіі Міхаіл Рэмізаў.

Мінчанка
: Тут некалькі складнікаў. Галоўны складнік – Расеі прынцыпова важна вырашыць некалькі сваіх эканамічных задач у Беларусі, гэта тычыцца і прыватызацыі беларускай прамысловасьці, і ўмоваў паставак энэрганосьбітаў, і набыцьцё фактычнага, а не дэкляратыўнага кантролю над беларускай газавай трубой. Тут шмат пытаньняў, якія дагэтуль ня вырашаныя. Адзін зь іх – сур’ёзныя перашкоды для выхаду расейскіх кампаній на беларускі рынак. Гэтыя праблемы захоўваюцца, нягледзячы на саюзную дзяржаву і мытны саюз.

Я мяркую, што Крэмль лічыць, што Лукашэнка парушыў джэнтэльмэнскае пагадненьне, дасягнутае напярэдадні выбараў мінулага году паміж ім і Мядзьведзевым – што ён зьнізіць градус антырасейскай рыторыкі. Але гэтага не адбылося, больш за тое, адбылося наадварот абвастрэньне, пра што сьведчыць зьяўленьне на беларускіх тэлеэкранах беларускіх грамадзянаў з выкрыцьцём расейскага кіраўніцтва, якое нібыта інсьпіравала апошнія канфлікты ўнутры Беларусі.

Акрамя таго, дзеяньні беларускіх сілавых структур і ў Расеі лічацца празьмернымі і неадэкватнымі вастрыні сытуацыі.

Нарэшце, улічваючы вельмі сур’ёзнае ўскладненьне адносінаў Беларусі з Эўразьвязам, Лукашэнку няма куды падзецца, акрамя Расеі, і ягоныя эскапады пачынаюць выклікаць зьдзіўленьне расейскага боку. Калі пагоршыліся стасункі з ЭЗ, павінны паляпшацца стасункі з Расеяй. але гэтага не адбываецца, наадварот, адбываецца рост напружанасьці.

Рэмізаў
: Я мяркую, што напрыканцы мінулага году было не прымірэньне, а "вадзяное перамір'е" перад выбарамі ў Беларусі з падпісаньнем пакета дакумэнтаў па Адзінай эканамічнай прасторы, што было важна прынамсі для прэм'ера Расеі, які займаўся гэтым праектам асабіста і для якога дэманстрацыя таго, што праект разьвіваецца, было пытаньнем і яго асабістай міжнароднай рэпутацыі.

Але гэтае "вадзяное перамір'е" аказалася з кароткім тэрмінам прыдатнасьці. Не адбылося самага жорсткага сцэнару ў беларуска-расейскіх адносінах – не адбылося прамога ці ўскоснага непрызнаньня вынікаў выбараў. І гэта падмурак стасункаў на будучыню.

Але пасьля скандалаў з жорсткім разгонам мітынгу і санкцыямі супраць лідэраў апазыцыі Масква хоча дыстанцыявацца ад свайго саюзьніка, ня хоча несьці за яго адказнасьць у вачах міжнароднай грамадзкасьці. А ў эканамічных пытаньнях лічыць, што пазыцыя беларускага прэзыдэнта стала больш слабай. І таму можна паспрабаваць новую, больш выгадную для расейскіх карпаратыўных гульцоў раўнавагу.

Дракахруст: Спадар Мінчанка, ці магчымае ў гэтай сытуацыі нейкае пагадненьне паміж Расеяй і ЭЗ, ці могуць быць крокі адносна Менску ўзгодненыя паміж Масквой і Брусэлем?

Мінчанка: Я па шчырасьці вельмі сумняваюся. Альтэрнатывы Лукашэнку няма. Расея не гуляла актыўна на гэтых выбарах, бо любы іншы кандыдат на гэтых выбарах быў бы для Расеі горшы, калі б нават у яго быў шанец перамагчы. Гэтая празаходняя гістэрычная апазыцыя, якая дамінуе ў беларускай палітычнай прасторы – гэта для Расеі было б горш за Юшчанку. Калі б гэтыя людзі і прыйшлі да ўлады, то доўга б не ўтрымаліся, бо яны дэманструюць відавочную неадэкватнасьць і нежаданьне разумець, чаго хоча насельніцтва, гаварыць зь ім на адной мове як у прамым, так і ў пераносным сэнсе.

Дракахруст: Спадар Рэмізаў, пасьля ўступленьня Беларусі ва "Ўсходняе партнэрства" ў Расеі многія баяліся геапалітычнага павароту Менску. А цяпер гэтае збліжэньне спынілася. Ці рада гэтаму Масква, як яна можа гэта скарыстаць?

Рэмізаў: Расея не фармуе альтэрнатыўную эўрапейскай інтэграцыйную прастору. Тыя структуры, якія ўяўляюць сабой больш менш рэальныя аб'яднаньні, кшталту мытнага саюзу і адзінай эканамічнай прасторы, Масква бачыць як частку "вялікай Эўропы" і падкрэсьлівае, што гэта не супярэчыць пэрспэктывам эўрапейскай і глябальнай інтэграцыі. Так што па вялікім рахунку гульні з ЭЗ за падзел сфэраў уплыву фактычна няма. І цяпер Крэмль наадварот імкнецца дзейнічаць адносна Менску ў фарватэры эўрапейскай палітыкі.

Хаця не выключаю, што калі б Эўропа пайшла на большае ўцягваньне Беларусі ў свае справы, у Масквы былі б падставы для занепакоенасьці. Пакуль такіх падставаў няма.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG