Натальля Баярына прынесла пакункі былой сукамэрніцы, грамадзянцы Расеі, зь якой разам была затрыманая на плошчы Незалежнасьці 19 сьнежня. Дзяўчыну асудзілі на зьняволеньне, а Натальля атрымала штраф памерам 30 базавых велічыняў, бо адна выхоўвае двух непаўналетніх дзяцей. Яна прасіла замяніць штраф зьняволеньнем, хоць умовы ў турме і дрэнныя, але суд не дазволіў, кажа спадарыня Баярына:
«Нашым дзяўчатам жахліва было вяртацца ў турму, хоць іх перавялі з Акрэсьціна ў іншыя месцы. Але мне прасьцей было адседзець гэтыя суткі, чым зараз шукаць сродкі на гэты штраф ці неяк самой выкручвацца. Я тут пераначавала ў ноч з 20 на 21, і такія там умовы паскудныя — у сапраўднасьці нельга ўявіць. Там ледзь-ледзь цёплыя батарэі, там ноччу было халодна. Ніхто нас не прыціскаў, але спаць было немагчыма. Дзяўчынцы з Расеі не далі нават уласнай кофткі надзець, і яна ў адным лёгкім палітку была. Я думала, што тут гэтая дзяўчынка, і я да яе прыйшла, а яе няма, дык перадаю пасылкі іншым людзям».
Мне прасьцей было адседзець гэтыя суткі, чым зараз шукаць сродкі на гэты штраф.
Аднаму з прысутных юнакоў пашанцавала больш — яго не затрымалі, але 12 і 15 сутак зьняволеньня атрымалі абодва браты, зь якімі ён быў разам на плошчы:
«Тут мой брат і брат стрыечны — затрымалі 19-га на плошчы — атрымалі суткі. Я там таксама быў, але мне пашанцавала больш».
Карэспандэнтка: «Адкуль вы даведаліся пра іх лёс?»
«З інтэрнэту. Міліцыянты больш-менш штосьці пачалі адказваць толькі ў аўторак. Дагэтуль маўчалі цалкам».
Карэспандэнтка: «Што вы думаеце пра тое, што адбылося?»
«Тое, што я думаю, нельга казаць у эфір, бо гэта брыдкаслоўе».
Разам са сваякамі пасылкі з патрэбнымі рэчамі перадавалі таксама людзі, якія самі не пацярпелі ад рэпрэсіяў і ня маюць за кратамі родных. Сярод тых, хто прыйшоў маральна і матэрыяльна падтрымаць зьняволеных, — прадстаўнікі грамадзкіх арганізацый:
«Мы прыйшлі ад грамадзкага аб’яднаньня „Наша пакаленьне“ — гэта пэнсіянэры, каб падтрымаць матэрыяльна і маральна, каб выказаць павагу і ўдзячнасьць тым, хто тут зьняволены. Да прыкладу, у мяне асабіста тут нікога няма».
Карэспандэнтка: «Што скажаце пра тое, што адбылося?»
«Я думаю, што ў нашай краіне яшчэ больш замацаваўся рэжым, які будзе мардаваць бязьвінных людзей ня толькі цягам прэзыдэнцкай кампаніі. А цягам усяго тэрміну кіраваньня Лукашэнкі».
Таксама актывісты Беларускай хрысьціянскай дэмакратыі гэтымі днямі рыхтуюць для вязьняў віншаваньні з нагоды Калядаў і Новага году.